З кожным годам у многіх універсітэтах становіцца ўсё больш бюджэтных месцаў. Медыцынскія ВНУ — адны з самых запатрабаваных у абітурыентаў — не выключэнні. Сёлета колькасць бюджэтных месцаў у чатырох медуніверсітэтах павялічыцца на 760, а значыць, менавіта столькі маладых людзей змогуць дадаткова атрымаць прэстыжную адукацыю бясплатна.
Медыцынскія ВНУ размясцілі на сваіх сайтах кантрольныя лічбы прыёму на 2026 год. Галоўная медыцынская ВНУ краіны — Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — плануе сёлета набраць на шэсць факультэтаў 1382 абітурыенты. У прыватнасці, на лячэбны факультэт змогуць паступіць 500 абітурыентаў, усе месцы бюджэтныя, 300 з якіх — мэтавы набор. Медыка-прафілактычны факультэт чакае 130 будучых студэнтаў (у тым ліку 70 мэтавікоў), стаматалагічны — 340 (у тым ліку 238 мэтавікоў), педыятрычны — 230 (115 мэтавікоў), фармацэўтычны — 130 (59 мэтавікоў). Акрамя таго, некалькі дзясяткаў абітурыентаў стануць студэнтамі ваенна-медыцынскага інстытута БДМУ. Усе месцы таксама бюджэтныя.
Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на тры факультэты па выніках уступнай кампаніі гатовы залічыць на бюджэтныя месцы
760 абітурыентаў, у тым ліку 459 мэтавікоў. Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт разлічвае на 820 будучых першакурснікаў, у тым ліку 489 — па мэтавым наборы. Тут магчыма платнае навучанне, але толькі па завочнай форме на фармацэўтычным факультэце (25 месцаў). На тры факультэты Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта на бюджэтныя месцы змогуць паступіць 465 абітурыентаў, у тым ліку 279 — на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі.
Па словах начальніка галоўнага ўпраўлення кадравай работы і профільнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольгі КАЛЮПАНАВАЙ, сёлета беларускія ўніверсітэты значна павялічылі набор на бюджэтныя месцы: «Розніца відавочная: 200 месцаў платнага набору летась супраць 760 бюджэтных сёлета». Што да мэтавага набору, то калі раней ён складаў 80 % па ўсіх спецыяльнасцях, то ў гэту ўступную кампанію яго структуравалі ў залежнасці ад запатрабаванасці спецыяльнасці — ад 45 да 70 %.
— Такім чынам мы даём магчымасць большай колькасці таленавітых і матываваных маладых людзей атрымаць прэстыжную адукацыю бясплатна, — рэзюмавала Вольга Калюпанава.
Начальнік Галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргей ПІШЧОЎ у эфіры тэлеканала СТБ пракаментаваў лічбы набору ў медыцынскія ВНУ. Паводле яго слоў, кантрольныя лічбы прыёму — бюджэтныя і платныя месцы — фарміруюцца з улікам перспектыўнай кадравай патрэбнасці па кожнай спецыяльнасці. Падрыхтоўка спецыя-
лістаў выключна за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту — не новая практыка для беларускіх ВНУ. Па такой жа схеме ажыццяўляецца падрыхтоўка кадраў для аграрнага комплексу і педагагічных спецыяльнасцяў.
Сяргей Пішчоў таксама звярнуў увагу на тое, што навучанне ў медыцынскай ВНУ не заканчваецца атрыманнем дыплома: для медыкаў прадугледжаны далейшая практыка і ардынатура. Гэта таксама паўплывала на павелічэнне колькасці бюджэтных месцаў.
У тэму
«Хопіць нам невукаў»
Рашэнне па павелічэнні колькасці бюджэтных месцаў у медуніверсітэтах многія актыўна падтрымліваюць і абмяркоўваюць у інтэрнэце. «Гэта добра [адсутнасць платных месцаў]. У медыцынскай павінны вучыцца найлепшыя, якія па конкурсе прайшлі. А за грошы — урачоў такіх не трэба. Як раней было», — падзяліўся адзін з карыстальнікаў пад пастом з абмеркаваннем змяненняў. Падобнага меркавання прытрымліваецца і іншы карыстальнік: «Хопіць нам невукаў, якія атрымалі дыпломы за грошы. Адсюль і якасць меддапамогі. Гэта самае правільнае рашэнне».
Алена КРАВЕЦ