Top.Mail.Ru

«Усе галасуюць за нашу сучаснасць і будучыню»

У Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне. Гэтым часам грамадзяне нашай краіны робяць свой усвядомлены выбар, ад якога будзе залежыць кірунак далейшага развіцця дзяржавы. Удзел у датэрміновым галасаванні бяруць і службовыя асобы. Сярод тых, хто аддаў свой голас за моцную Беларусь у гэту пятніцу — Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка. Ён наведаў 5-ы выбарчы ўчастак Цэнтральнага раёна сталіцы, што размясціўся на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па гімнастыцы мастацкай.


Пасля адпраўлення бюлетэня ў скрыню для галасавання Ігар Сергяенка расказаў журналістам аб ходзе выбарчай кампаніі. Таксама спікер Палаты прадстаўнікоў пракаментаваў заяву, якая гучыць у еўрапейскіх парламенцкіх структурах, аб непрызнанні вынікаў беларускіх выбараў: «Я ўжо казаў, што мы праводзім выбары ў сваёй краіне паводле сваіх законаў, якія падтрыманыя ўсім беларускім народам. Таму на ўсе паклёпніцкія выдумкі, заявы, ацэнкі, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, я б адказаў проста. Я вельмі адмоўна да гэтага стаўлюся і заклікаю ўсіх проста не звяртаць на гэта ўвагу». 

У цэлым, па словах спікера, выбары праходзяць арганізавана: «Бываючы ў рэгіёнах, у прыватнасці, у Віцебскай вобласьці, на самых розных участках кантактуючы з людзьмі, бачу сённяшняе стаўленне да Прэзідэнцкіх выбараў. Людзі ідуць галасаваць дружна, сем’ямі, усе галасуюць за нашу сучаснасць і будучыню, а будучыні без сучаснасці няма. Мы сёння бачым, якія змены адбываюцца ў краіне: стабільна развіваецца эканоміка, сацыяльная сфера, будуюцца новыя дамы, уводзяцца новыя аб’екты, расце дабрабыт нашых людзей».

Ігар Сергяенка адзначыў, што ўсе дэпутаты Палаты прадстаўнікоў працуюць зараз у выбарчых акругах, маюць зносіны з насельніцтвам, выступаюць у калектывах і бяруць удзел у тым ліку і ў датэрміновым галасаванні разам са сваімі выбаршчыкамі. «Мы бачым, што сёння ў грамадстве ёсць попыт на павышэнне якасці жыцця, але яно залежыць, у першую чаргу, ад нас саміх і, напэўна, у гэты год, Год добраўпарадкавання неабходна прыкласці максімум намаганняў і дзяржаве, і нашаму грамадству, і нашым людзям для таго, каб наша жыццё стала яшчэ больш яркім, насычаным і стабільным», — падагульніў Старшыня Палаты прадстаўнікоў.

  • Датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Беларусі праходзіць з 21 па 25 студзеня 2025 года. Падчас датэрміновага галасавання ўчастковыя камісіі будуць працаваць з 12.00 да 19.00 без перапынку. У асноўны дзень галасавання — 26 студзеня — выбарчыя ўчасткі будут працаваць з 8.00 да 20.00.

фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю