Top.Mail.Ru

Усе падрыхтоўчыя работы да ацяпляльнага сезона ў Беларусі плануецца завяршыць да 20 верасня

Усе падрыхтоўчыя работы да ацяпляльнага сезона ў краіне плануецца завяршыць да 20 верасня. Неабходныя мерапрыемствы праводзяцца на падставе пастановы Савета Міністраў № 317 і Правілаў падрыхтоўкі арганізацый да ацяпляльнага сезона, яго правядзення і завяршэння. Аб гэтым 29 ліпеня паведаміў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер ДУ «Дзяржаўны энергетычны і газавы нагляд» Аляксандр Гулевіч, перадае SB.by.


У адпаведнасці з патрабаваннямі філіялы і структурныя падраздзяленні Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду склалі графікі рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і спажыўцоў да функцыянавання ў асенне-зімовы перыяд.

— Яны зацверджаны выканаўчымі камітэтамі, вядзецца рэгістрацыя. Да 15 чэрвеня ўсе арганізацыі распрацавалі адпаведныя планы мерапрыемстваў. У ліку такіх — забеспячэнне наяўнасці падрыхтаванага абслуговага персаналу, правядзенне тэхабслугоўвання, рамонт энергаўстановак цеплавых і электрычных сетак, праверка працаздольнасці аўтаномных крыніц энергазабеспячэння, стварэнне аварыйнага запасу запасных частак і матэрыялаў, правядзенне гідраўлічных выпрабаванняў і іншае, — расказаў Аляксандр Гулевіч.

Сёння ў краіне падлягаюць рэгістрацыі пашпарта гатоўнасці больш за 28 тысяч спажыўцоў і больш за 10 тысяч ведамасных цеплакрыніц. Зараз ад агульнай колькасці зарэгістравана 39 працэнтаў і 31 працэнт адпаведна. У лідарах па рэгістрацыі — Гомельская і Магілёўская вобласці. Усе падрыхтоўчыя работы будуць завершаны да 20 верасня.

— З 1 мая па 30 верасня на Адзіным партале электронных паслуг даступна да заказу адміністрацыйная працэдура 3.10.1 — рэгістрацыя пашпарта гатоўнасці цеплакрыніцы або спажыўца да работы ў асенне-зімовы перыяд. Яна праходзіць у аўтаматычным рэжыме і без удзелу Дзяржэнергагазнагляду. Галоўная ўмова — наяўнасць акта праверкі гатоўнасці спажыўца і цеплакрыніцы да работы ў ацяпляльны сезон. Дакумент павінен быць падпісаны ўсімі членамі камісіі, — падкрэсліў Аляксандр Гулевіч.

Упершыню гэта адміністрацыйная паслуга з’явілася на партале «Е-Паслуга» ў 2024 годзе. Тады ў электронным фармаце было зарэгістравана толькі 3 працэнты пашпартоў гатоўнасці, у мінулым паказчык павысіўся да 25 працэнтаў.

— Сёлета ставім сабе задачу зарэгістраваць у электронным выглядзе не менш як 40 працэнтаў пашпартоў гатоўнасці. У цэлым, нейкіх глабальных праблем няма, усё вырашаем у рабочым парадку, — дадаў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю