Top.Mail.Ru

Усе суддзі «10» балаў: Smart Dance Аляксандры Буяльскай заваяваў Гран-пры конкурсу «Час танцаваць»

Калі бачыш у праграме шмат нумароў аднаго ўдзельніка, ужо зразумела, што ён настроены сур’ёзна. Пры тым, што прыйшлося прайсці скрозь сіта строгага адбору, 12 кампазіцый студыі Smart Dance прайшлі ў фінал. І гэта з першага разу! Бо ў папярэднія гады Аляксандра Буяльская са сваімі выхаванцамі ў гэтым конкурсе не ўдзельнічала.

А сёлета яны выйшлі — і знялі ўсе пытанні, атрымаўшы перамогу не толькі ў намінацыі «Сучасны танец», але і Гран-пры. Хто сачыў за танцавальным спаборніцтвам у зале, то адразу ж мог зразумець, да чаго ўсё ідзе: за некаторыя нумары ўсе члены журы, пад старшынствам заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Святланы Гуткоўскай паставілі гэтаму калектыву па «10» балаў! Адразу зразумела каштоўнасць адкрытага галасавання, калі пасля выступлення ацэнкі выводзяцца на экран: бачыш, хто як ацэньвае выступленне. А іншыя канкурсанты ў гэты момант сядзяць у зале і аналізуюць, спрабуюць усвядоміць, у чым тут плюсы: тэхніка, пластыка, прыгажосць танца, ці яго сэнс?


Для Аляксандры Буяльскай і яе юных выхаванцаў (гэта дзеці дзвюх узроставых груп) сэнс, змест або сюжэт — заўсёды на першым месцы, з дапамогай цела яны з ранніх гадоў вучацца расказваць складаныя гісторыі, напоўненыя эмоцыямі і думкамі. Напрыклад, варта ўзгадаць паўнавартасны харэаграфічны спектакль «Абуджэнне спячай прыгажуні», створаны на музыку Чайкоўскага, пра які расказвала «Звязда» як пра вельмі цікавую з’яву ў дзіцячай творчасці. Ставіць такія спектаклі — справа складаная і затратная. Сума ў 200 базавых велічынь за Гран-пры ў конкурсе «Час танцаваць» і спецыяльна створаны кубак да яго 5-годдзя дапаможа ўвасобіць мары...

— Думаю, што Гран-пры нам прысудзілі за ўсе нашыя заслугі ў комплексе, за тое, як мы сябе паказалі на конкурсе. Такіх вынікаў дзеці дабіваюцца, укладаючы шмат высілкаў. Яны вялікія працаўнікі і вельмі таленавітыя, — адзначыла Аляксандра Буяльская. —. Для нашага калектыва сума, якую мы атрымаем, істотная. Гэта, мабыць, адзіны конкурс, які дае такія вялікія грашовыя ўзнагароды. Гэта дапаможа нам ажыццявіць пастаноўку яшчэ аднаго дзіцячага балета. Мая задача як белетмайстра — каб наша творчасць кранала душы гледачоў, каб яны перажывалі эмоцыі разам з дзецьмі на сцэне. Мы выхоўваем не толькі танцораў, але і артыстаў, для мяне гэта вельмі важна. Яны ў мяне вялікія малайцы.


Нягледзячы на тое, што сёлета быў адзін відавочны пераможца, фінал V Рэспубліканскага конкурсу харэаграфічнага мастацтва «Час танцаваць» адрозніваўся шчодрасцю журы: шмат дыпломаў удзельніка, у кожнай намінацыі было некалькі лаўрэатаў трэцяй, другой і першай ступені (а з іх ужо выбіраліся пераможцы, якія, дарэчы, таксама атрымалі грашовае ўзнагароджанне ў 20 базавых велічынь). У астатніх намінацыях таксама былі цікавыя пераможцы, за развіццём якіх хочацца назіраць далей.

У намінацыі «Класічны танец» перамог Павел Красоўскі, які прадстаўляе Беларускую дзяржаўную хараэграфічную гімназію-каледж. Намінацыя «Бальны танец» цікавая тым, што найбольш прыцягвае ўдзельнікаў розных узростаў, у тым ліку людзей сталага веку. Лепшым прызналі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль бальнага танца «Фіеста» з Баранавічаў. У намінацыі «Эстрадны танец» пераможцам стаў узорны ансамбль танца «Папараць кветка» (Слуцк). А вось у намінацыі «Народны танец», дзе беларусы традыцыйна моцныя, здарылася інтрыга: перамога ў Тэатра народнай песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў. Нашых таксама адзначылі — спецыяльным прызам «За захаванне і развіццё традыцый народнага танца» узнагароджаны ўзорны ансамбль «Палесяначка» (Пінск). 


Сёлета з’явіўся асаблівы спецыяльны прыз — «За ўвасабленне ў танцы вобразу беларускай жанчыны». Лепш за ўсё, на думку журы, гэта атрымалася ва ўзорнага ансамбля танца «Папараць кветка». «За найлепшую працу балетмайстра» адзначылі заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны харэаграфічны ансамбль «Сузор’е» (Салігорск). 

Яшчэ адзін незвычайны прыз дастаўся за перамогу ў чэленджы конкурсу «Час танцаваць» узорнаму харэаграфічнаму калектыву «Беларусачка» з Мінска. 

Аганізатары конкурсу «Час танцаваць» упэўнены: Беларусь па шчыльнасці танцораў займае адно з вядучых месц у свеце. Невыпадкова конкурс нагадвае танцавальны марафон: за ходам яго фіналу трэба было сачыць больш за 12 гадзін!


Ларыса ЦІМОШЫК

Фота прадастаўлена арганізатарамі.

Больш падрабязна пра падзею чытайце ў газеце «Літаратура і мастацтва»


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю