Усебеларуская акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечаная Дню Канстытуцыі, сімвалічна стартавала ў Канстытуцыйным судзе Рэспублікі Беларусь 10 сакавіка.
Пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і памятныя падарункі атрымалі 27 маладых людзей з рук Старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, заслужанага юрыста Беларусі Пятра Міклашэвіча і члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, першага сакратара ЦК БРСМ Аляксандра Лук’янава.
— Уручэнне пашпартоў юным грамадзянам нашай краіны ва ўрачыстай абстаноўцы садзейнічае выхаванню пачуцця грамадзянскасці і патрыятызму. Вельмі важна, каб пры гэтым юнакі і дзяўчаты разумелі, што пашпарт сведчыць не толькі пра асобу кожнага з іх, але таксама ўстанаўлівае юрыдычную і фактычную сувязь з краінай, дзе яны нарадзіліся, жывуць і атрымліваюць адукацыю, — адзначыў Пётр Міклашэвіч.
У сваю чаргу Аляксандр Лук’янаў дадаў, што ўручэнне пашпарта — унікальная падзея ў жыцці юнага грамадзяніна.
— Кожная дзяржава моцна сваімі традыцыямі. І ў нашай краіне адна з такіх упадабаных традыцый — урачыстае ўручэнне пашпартоў. Напярэдадні важнейшага свята — Дня Канстытуцыі — уручэнне пашпарта з’яўляецца адной з унікальных падзей у жыцці юнага грамадзяніна, які ўжо дасягнуў 14 гадоў. І, вядома, пашпарт — гэта, можна сказаць, персанальная Канстытуцыя для кожнага маладога чалавека, у якую ён упіша асноўныя радкі свайго жыцця: ад рэгістрацыі шлюбу да моманту набыцця прапіскі, — растлумачыў ён.
Таксама Аляксандр Лук’янаў дадаў, што на працягу гэтага тыдня тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак атрымаюць пашпарты ва ўрачыстай абстаноўцы.
— Яны заслужылі такое права сваёй паспяховай вучобай, сваім стаўленнем да грамадскага жыцця. Гэта маладыя людзі, якія не чакаюць і не глядзяць, як праходзіць жыццё за акном, яны актыўна ўключаны ў грамадскае выхаванне маладых людзей і самі сёння з’яўляюцца прыкладам для сваіх аднагодкаў, — падзяліўся ён.
Фота аўтара