У Алматы прайшоў Міжнародны круглы стол, прысвечаны 80-годдзю вядомага пісьменніка Генадзя Дароніна. Публіцыст, празаік, апошнія гады свайго жыцця ён правёў у Мінску.
На імпрэзу, на шчырую размову пра літаратуру і мастацтва, пра чалавека ў сённяшнім свеце сабраліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Казахстан сябры, блізкія родзічы з розных куткоў свету ад Алматы і Астаны да роднага Дароніну Уральска і далёкага ад Казахстана Мінска. Генадзь Даронін — аўтар аповесцяў «Стары сябар ад’язджае», «Пяты дзясятак», «Дзень кахання», раманаў «Паміж пунктамі прызначэння», «Востраў», гісторыка-публіцыстычнай кнігі «Бершарад», філасофскай прытчы «Жыццё і смерць Бураціна» і іншых мастацкіх і публіцыстычных твораў. Глыбокім перакананнем пісьменніка была паўсядзённая задача пісьменніка — сцвярджаць чалавечнасць. Літаратар вядомы і як перакладчык твораў многіх казахскіх пісьменнікаў на рускую мову. Дзякуючы Генадзю Дароніну рускі чытач палюбіў прозу і драматургію Акіма Таразі і Розы Муканавай.
Беларуская старонка жыцця казахстанскага пісьменніка пачалася ў 2015 годзе, калі ён разам з сям’ёю пераехаў у Мінск. Генадзь Даронін не толькі не пакінуў творчую працу, але і набыў сапраўднае новае дыханне. Расказвае блізкі родзіч пісьменніка і наша зямлячка народны пісьменнік Казахстана Любоў Шашкова: «Беларуская тэма арганічна ўвайшла ў яго творчасць. У Мінску выходзілі новыя кнігі Генадзя, друкаваліся новыя апавяданні. Ён прыняў актыўны ўдзел у стварэнні альманаха „Беларусь — Казахстан“, стаў своеасаблівым мастом у развіцці культурных, літаратурных стасункаў паміж двума краінамі...»
Пайшоў з жыцця Генадзь Даронін напрыканцы снежня 2024 года. Пісьменнік абудуць помніць і ў Казахстане, і ў Беларусі.
Мікола БЕРЛЕЖ