Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў навучэнцаў, студэнтаў, аспірантаў, настаўнікаў і навукова-педагагічных работнікаў з Днём ведаў. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Першага верасня — асаблівая дата ў календары. Усіх нас аб’ядноўваюць цёплыя ўспаміны і добрыя традыцыі са школьнага дзяцінства і студэнцкага юнацтва», — гаворыцца ў віншаванні.
Словы шчырай падтрымкі ў гэты дзень кіраўнік дзяржавы адрасаваў першакласнікам. «Вашы нясмелыя і адначасова радасныя крокі па ўтульных школьных калідорах знамянуюць пачатак новага этапу жыццёвага шляху. Няхай гэта вялікая глава будзе ў вашым лёсе маляўнічай, поўнай цікавых і дзівосных адкрыццяў», — адзначыў Прэзідэнт.
Навучэнцам каледжаў, студэнтам і курсантам Аляксандр Лукашэнка пажадаў, каб гэты навучальны год стаў часам прафесійнага росту і наблізіў іх да дасягнення запаветных мэт.
Па традыцыі кіраўнік дзяржавы звярнуўся да педагогаў і бацькоў: «Сіл і цярплівасці ў вашай нялёгкай працы. Будзьце для нашых дзяцей прыкладам патрыятызму, мудрасці і любові. Перакананы, толькі разам мы зможам выхаваць адукаваную і разумную моладзь, гатовую працаваць на карысць Беларусі і абараняць яе, калі спатрэбіцца».
Прэзідэнт пажадаў усім здароўя, шчасця, невычэрпнага энтузіязму, а самым юным даследчыкам свету ведаў — у добры шлях.