На працягу 80 гадоў мільёны сэрцаў пачынаюць у адзіным парыве біцца хутчэй, пачуўшы гэтыя запаветныя словы: «Дзень Вялікай Перамогі». Сёння мы добра разумеем, што радасць Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне азмрочаная мільёнамі ахвяр. І гэтая трагічная старонка нашай гісторыі ніколі не павінна паўтарыцца.
З раніцы і да позняга вечара 9 мая каля манумента Перамогі ў самым цэнтры Мінска было шматлюдна: вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі сталічных арганізацый, прадпрыемстваў, актывісты грамадскіх аб’яднанняў і партый, неабыякавыя маленькія і дарослыя жыхары і госці сталіцы ўскладалі кветкі і вянкі, аддаючы даніну памяці абаронцам Айчыны.
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля КАЧАНАВА ў Дзень Перамогі найперш выказала словы шчырай падзякі: «Усім, хто перажыў гэта страшнае ліхалецце, хто склаў свае галовы. І тым, хто пасля вайны аднаўляў з руін нашу родную Беларусь, хто ў постсавецкі час зрабіў усё для таго, каб мы сёння жылі ў цудоўнай, выдатнай краіне, якой ганарымся».
Спікер таксама дадала, што спробы фальсіфікацыі гістарычнай праўды — брудная палітыка, якая не прывядзе ні да чаго добрага. Наталля Качанава выказала ўпэўненасць, што спробы перапісаць гісторыю дарэмныя: «Як можна казаць пра нейкую фальсіфікацыю, калі жывыя тыя людзі, якія памятаюць пра тыя падзеі? Калі мы жывыя — тыя, хто чуў шмат аповедаў ад настаўнікаў, якія ваявалі, ад нашых родных і блізкіх? Адабраць у нас гэтую памяць? Ніколі! Гэта брудная палітыка, якая не прывядзе ні да чаго добрага. Толькі той народ, які памятае сваю гісторыю і свята шануе ўсё тое, што было зроблена да яго старэйшымі пакаленнямі, будзе жыць шчасліва. А самае галоўнае, людзі павінны быць у гармоніі з сабой. Страшна, калі людзі здраджваюць памяці. Я ўспамінаю заўсёды словы паэта-франтавіка Юліі Друнінай, якая казала пра тое, як бы мы сустракалі Перамогу, калі б тады не пайшлі ваяваць і адстойваць сваю свабоду і незалежнасць? Таму ўсе гэтыя спробы бессэнсоўныя. Але, вядома, мы не павінны самазаспакойвацца. Мы разумеем, што гэта будзе працягвацца. Не проста так мы ў краіне прынялі законы аб недапушчальнасці рэабілітацыі нацызму, аб генацыдзе беларускага народа. Мы ў Канстытуцыі прапісалі, што святы абавязак кожнага —захоўваць памяць і праўду пра тую вайну», — адзначыла спікер.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар СЕРГЯЕНКА падкрэсліў, што памяць аб вайне ў сэрцы кожнага беларуса: «У кожнай беларускай сям’і вайна адклікаецца болем, пакутамі, радасцю Перамогі. У мяне захоўваюцца тры баявыя ордэны і медаль „За адвагу“ майго бацькі, якія, вядома ж, застануцца і пасля мяне на доўгія гады ў маёй сям’і, — распавёў спікер. — У думках перанесціся: 80 гадоў таму быў такі ж яркі дзень, настрой, усе радаваліся, салдаты стралялі ў паветра, разумеючы, што скончылася кровапралітная вайна. Але пасля вайны людзі працягвалі гінуць. І самае страшнае, што праз 80 гадоў свет не спакойны. І тое, што спрабуюць перапісаць старонкі вайны, сказіць подзвіг савецкага салдата, — гэта проста кашчунства, па-іншаму гэта не назавеш».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў дапоўніў: «Таму на той знос помнікаў (больш за 3,5 тысячы, паводле некаторых дадзеных, за 30 апошніх гадоў знесена помнікаў у Еўропе) мы адказваем сваёй памяццю, якая захаваецца на стагоддзі ў нашых сэрцах. Перамогу атрымаў шматнацыянальны савецкі народ, і мы гэта падкрэсліваем. Таму што без таго маналітнага адзінства, напэўна, не было б той Перамогі. Мы не дзялілі яе на рускіх, беларусаў, украінцаў, казахаў і гэтак далей. Адзіны народ атрымаў Перамогу і на фронце, і ў тыле».
Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ заявіў: «Мы не дадзім нікому перапісаць сваю гісторыю. Мы не дадзім сцерці нашу памяць. Тое, што сёння праходзіць у кожным кутку нашай краіны, у такіх святых месцах — гэта якраз практычная рэалізацыя таго, як мы ставімся да сваёй гісторыі, як мы ганарымся сваёй гісторыяй. Мы выраслі на свяце Вялікай Перамогі. Нас выхоўвалі нашы бацькі. Мы выхоўваем сваіх дзяцей. І пакуль мы прыходзім да такіх святых месцаў, пакуль будуць прыходзіць нашы дзеці (а я ўпэўнены: будуць прыходзіць) — мы непераможныя, — падкрэсліў ён. — Мы — нашчадкі Вялікай Перамогі, і мы гэты сцяг будзем несці высока і горда, каб быць годнымі сваіх дзядоў і прадзедаў».
Генеральны пракурор Андрэй ШВЕД адзначыў, што чым больш праходзіць гадоў, тым больш людзі цвярозага розуму разумеюць, што продкі здабылі велізарнай цаной не проста Перамогу, а далі права ўсім нам жыць: Па словах генеральнага пракурора, вайна закранула кожную беларускую сям’ю: «У кожнай сям’і ёсць свая гісторыя. У мяне таксама ваявалі. Мой родны дзядуля Сямён Раманавіч са жніўня 1941 года па 1947 год прайшоў вайну, забіваў немцаў ужо з першых дзён акупацыі. Другі дзед прапаў без вестак. Прызываўся ў ліпені 1941 года. І калі я сам прысутнічаю на раскопках, кожны раз лаўлю сябе на думцы:, а раптам знойдзецца і медальён майго дзеда, і я нешта даведаюся?.. Вядома, мы не маем права здрадзіць гэтай памяці».
Міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ падзяліўся: «Асабіста для мяне гэта памяць пра маіх дзядоў, якія ваявалі і на фронце, і ў партызанскіх атрадах. Ты разумееш, што гэта Перамога была ў тым ліку дзякуючы тваім продкам, тваім дзядам. Разумееш, што яна наша агульная і ты павінен рабіць усё магчымае, каб захаваць мір і рабіць нашу краіну яшчэ мацнейшай».
Святлана і Аляксандр ЖУРАЎЛЁВЫ родам з Падмаскоўя. Муж і жонка прыйшлі да манумента з кветкамі і партрэтамі сваіх дзядоў — Мікалая Ягоравіча Жураўлёва і Міхаіла Іванавіча Круглова. Гісторыю сваёй сям’і яны распавялі, ледзь стрымліваючы слёзы: «Мы заўсёды адзначаем гэта свята, таму што ў нашай сям’і і дзядулі, і бабулі змагаліся на фронце і ў тыле ў гады Вялікай Айчыннай вайны», — адзначыла Святлана. Бабуля і дзядуля па лініі маці, працягнуў расповед Аляксандр, былі працаўнікамі тылу: «Іх эвакуіравалі ў пачатку вайны ў горад Самару. Дзед па лініі бацькі загінуў у 1941-ым. Мы тут, каб памяць аб іх жыла вечна».
Грузін Георгій ПАСЕЙШВІЛІ з унучкай Кацярынай шмат гадоў жывуць у Мінску. Па словах мужчыны, дзяўчынка самастойна выказала жаданне ўшанаваць памяць продкаў-пераможцаў каля манумента Перамогі. «Мой дзядуля Георгій быў камандзірам палка. У 1943-ім годзе атрымаў цяжкае раненне, яго камісавалі. Праз некаторы час стаў камісарам горада Кутаісі, — распавёў мужчына. — Другі дзядуля служыў у разведцы, дайшоў да Берліна».
Кацярына з гонарам адзначыла, што ў сям’і не забываюць гераічныя подзвігі родзічаў, таму 9 Мая штогод — асаблівае свята: «Адчуваецца пэўнае адзінства пакаленняў. Мне пра продкаў расказваў дзядуля, я абавязкова перадам гэтую гісторыю сваім дзецям. Памяць пра подзвігі павінна жыць».
Ускласці кветкі каля манумента Перамогі таксама прыехала сям’я АНУЧЫНЫХ са Свярдлоўскай вобласці. Бабуля Святлана лічыць сваім абавязкам прывіваць унукам каштоўнасць гістарычнай памяці: «У мінулым годзе 9 Мая мы ездзілі на экскурсію ў Валгаград. Сёлета сустрэлі Дзень Перамогі ў Мінску. Усклалі кветкі да манумента, але на гэтым спыняцца не плануем: таксама замовілі экскурсію ў Хатынь і Брэсцкую крэпасць. Унучкі нашы яшчэ маленькія, але ж усё важнае і значнае закладваецца з дзяцінства, таму яны сёння разам з намі».
Дзядуля Аляксандр ва ўсім падтрымлівае жонку і лічыць 9 Мая адным з галоўных святаў. Ён падзяліўся з намі гісторыяй сваёй сям’і, якую таксама не абмінула Вялікая Айчынная вайна: «Мой дзядзька, Міхаіл Андрэевіч Дзямідаў, нарадзіўся ў 1923-м годзе. Быў разведчыкам. Прайшоў усю вайну. Пасля доўгі час працаваў у лясной галіне». Святлана ў сваю чаргу распавяла пра свайго дзеда Пятра: «Ён 1915-га года нараджэння. Пайшоў ваяваць танкістам. У 1943-ім годзе прапаў без вестак падчас бітвы на Курскай дузе».
Мінчанка Марына прыехала на плошчу Перамогі з маленькай дачкой Арыянай. Жанчына лічыць вельмі важным захаванне памяці аб страшных часах Вялікай Айчыннай вайны. На пытанне, як зацікавіць дзяцей даведвацца больш пра гістарычнае мінулае сваёй краіны, жанчына адказала так: «На сваім прыкладзе паказваць, што гэта важна. Сёння мы тут, каб дачка ведала, што ў нашай сям’і заўсёды знойдзецца час ушанаваць памяць загінулых, людзей, якія памерлі, каб даць магчымасць нам сёння шчасліва жыць. Нельга быць бяспамятнымі. Лічу, што здабываць урокі трэба з той страшнай Вялікай Айчыннай вайны, каб яна ніколі не паўтарылася зноў».
Яна ВАЛАСАЧ, фота Лізаветы ГОЛАД і БелТА