Top.Mail.Ru

Услед за Першым. Як ствараўся Саюз Беларусі і Расіі

Рэтраспектыва публікацый «Звязды» і інтэрв’ю Міхаіла Мясніковіча


Яшчэ ў сваёй першай прадвыбарнай праграме Аляксандр Лукашэнка выступаў за аднаўленне на раўнапраўнай і ўзаемавыгаднай аснове сувязяў з Расіяй. Намаганні, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, былі падтрыманы народам (83,3 %) на першым у суверэннай Беларусі рэферэндуме, праведзеным 14 мая 1995 года. З самага пачатку прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі ўзаемадзеянне з Расіяй з’яўлялася найважнейшым знешнепалітычным прыярытэтам. 

Нязменным гэты курс застаецца дагэтуль.

21 лютага 1995 года быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь. 2 красавіка 1996 года, заключаны Дагавор аб утварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі. У той жа дзень Вышэйшым Саветам Супольнасці было прынята рашэнне аб заснаванні Дня адзінства народаў Беларусі і Расіі. 2 красавіка 1997 года прэзідэнтамі дзвюх дзяржаў быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. Вянцом непарушнага саюза стала заключэнне Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 8 снежня 1999 года.

Гэта быў няпросты, напоўнены шматлікімі перашкодамі, шлях выбудоўвання адносін, якія сёння маюць статус стратэгічнага саюзніцтва і глыбокай інтэграцыі. Падшыўка «Звязды» дазваляе ўзнавіць, з чаго ўсё пачыналася.

«Сёння мы паставілі кропкі над «і»

21 лютага 1995 года ў Мінску быў падпісаны Дагавор аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Расійскай Федэрацыяй і Рэспублікай Беларусь.

«Адносіны Расіі з Беларуссю найбольш блізкія з усіх краін СНД, што тлумачыцца агульнай гісторыяй, рэлігіяй, блізкімі мовамі, добрым разуменнем адна адной, — гаварыў кіраўнік дзяржавы напярэдадні гэтай падзеі. — Неабходнасць больш глыбокай інтэграцыі дзвюх краін выклікана і эканамічным становішчам, у прыватнасці шырокімі сувязямі паміж расійскай і беларускай прамысловасцю. Больш глыбокая інтэграцыя дапаможа і ім, і нам хутчэй вывесці прамысловасць на плюсавую адзнаку».

Пазней у размове з журналістамі беларускі лідар падкрэсліў: «Мы заўсёды мелі цесныя адносіны з братнім расійскім народам. І сёння мы паставілі кропкі над «і» (маецца на ўвазе падпісанне Дагавора аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве. — «Зв.»).


«Мы зрабілі крок, дзякуючы якому беларускі і расійскі народы ўвойдуць у XXІ стагоддзе адзінай сям’ёй»

«Дагавор аб утварэнні Супольнасці» — так афіцыйна называўся дакумент, падпісаны 2 красавіка 1996 года ў Маскве прэзідэнтамі Беларусі і Расіі.

Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу на тое, што менавіта гэты дакумент дазволіць зрабіць значны крок наперад і стварыць агульны дом. «Аб’яднаўшы інтэлект, матэрыяльныя рэсурсы, беларускі і расійскі народы змогуць хутчэй пераадолець крызісныя з’явы і будуць адыгрываць значную ролю на міжнароднай арэне, — канстатаваў беларускі лідар. — Мы зрабілі крок, дзякуючы якому беларускі і расійскі народы ўвойдуць у XXІ стагоддзе адзінай сям’ёй».

«Стварэнне Супольнасці — гэта якасна новы этап інтэграцыі, на сёння яна юрыдычна аформіла тое, што склалася ў адносінах паміж нашымі краінамі дэ-факта», — адзначаў кіраўнік дзяржавы 4 красавіка 1996 года падчас прэс-канферэнцыі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў выніку падпісання гэтага дагавора абедзве дзяржавы застануцца суверэннымі, ніхто не страціць сваёй незалежнасці. Наадварот, па словах Прэзідэнта, Беларусь толькі ўмацуе свае незалежнасць і суверэнітэт, абапіраючыся на вялікія магчымасці Расійскай Федэрацыі. «Беларуска-расійская інтэграцыя можа і павінна кансалідаваць наша грамадства», — падкрэсліў беларускі лідар.


«Галоўнае прызначэнне Саюза — паляпшэнне жыцця нашых грамадзян»

Новым этапам ва ўмацаванні беларуска-расійскай інтэграцыі стала падпісанне Дагавора аб Саюзе Беларусі і Расіі 2 красавіка 1997 года.

«Гэта асаблівы выбар нашага народа, — канстатаваў кіраўнік беларускай дзяржавы. — І мы будзем прытрымлівацца яго, спадзеючыся на разуменне і падтрымку расійскага кіраўніцтва».

Беларускі лідар адзначыў, што саюз паміж Беларуссю і Расіяй будуецца не толькі для пераадолення цяперашніх крызісных з’яў, але і як трывалы фундамент будучага развіцця дзвюх дзяржаў.

«Галоўнае прызначэнне Саюза — паляпшэнне жыцця нашых грамадзян», — заявіў пасля падпісання дагавора Аляксандр Лукашэнка.

Аб тым, што з падпісаннем Статута Саюза Беларусі і Расіі ў жыхароў абедзвюх краін з’явіцца аснова для далейшага руху наперад і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў іншых сферах, Аляксандр Лукашэнка гаварыў 22 мая 1997 года ў аэрапорце «Мінск-2» перад вылетам у сталіцу Расіі для падпісання гэтага асноватворнага дакумента беларуска-расійскай інтэграцыі. Прэзідэнт адзначыў, што беларуская дзяржава сёння ўжо зможа выжыць без чыёй-небудзь дапамогі. А вось для таго, каб рухацца наперад, і перш за ўсё ў эканамічным плане, для таго, каб дасягнуць узроўню вытворчасці і валавога нацыянальнага прадукту, які быў у Беларусі ў часы існавання СССР, патрэбны саюз з іншымі дзяржавамі.

Аляксандр Лукашэнка выказаў думку, што самым эфектыўным можа быць саюз з Расіяй, бо абедзве дзяржавы захавалі сувязі, людзі размаўляюць на адной мове, разумеюць адзін аднаго. У іх адна культура, духоўнасць, спадчына. «Усё гэта сведчыць аб тым, што мы павінны жыць разам», — заявіў Прэзідэнт.


«Гэта поўная і абсалютна безагаворачная перамога тых людзей, якія доўгі час марылі аб адзінстве іншых народаў»

Падчас урачыстай цырымоніі падпісання Статута Саюза Беларусі і Расіі, якая 23 мая 1997 года адбылася падчас пасяджэння Вышэйшага Савета Супольнасці Беларусі і Расіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што альтэрнатывы аб'яднанню няма. «А Статут Саюза Беларусі і Расіі стане надзейным палітычным і прававым фундаментам іх сумеснай дзейнасці», — канстатаваў ён.

Гаворачы аб асноўных прынцыпах Саюза, Прэзідэнт асабліва падкрэсліў непарушнасць суверэнітэту абедзвюх дзяржаў.

«Упэўнены, што мы абавязкова пераадолеем сённяшнія цяжкасці і ўвойдзем у трэцяе тысячагоддзе моцным і квітнеючым міждзяржаўным аб'яднаннем, з якім будуць лічыцца не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Такім чынам, быў завершаны адзін з этапаў напружанай работы па ўмацаванні дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай, ваеннай, навуковай, культурнай і іншых галінах. Новы этап беларуска-

расійскага супрацоўніцтва пачаўся 8 снежня 1999 года, калі быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, якая за час свайго існавання сапраўды ўспрымаецца ва ўсім свеце як вельмі моцнае ўнікальнае інтэграцыйнае аб'яднанне.


У нас ёсць усё, каб абараніць свае інтарэсы

Падчас сустрэчы Прэзідэнта з Дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы ў лютым 2026 года Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў некаторыя домыслы наконт таго, што нехта спрабуе адарваць Беларусь ад Расіі.

«Няма той сілы, якая сёння здольная адарваць Беларусь ад Расіі і Расію ад Беларусі, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Абставіны так склаліся, што яны нас разам звязалі, напэўна, на доўгія-доўгія дзесяцігоддзі і стагоддзі. Хоць, увогуле, нас няма ў чым папракнуць — Беларусь — мы заўсёды былі арыентаваны на Расію».

Па словах беларускага лідара, час такі, калі трэба быць разам, бачыць свае інтарэсы, адстойваць іх. «У нас ёсць усё для таго, каб гэтыя інтарэсы абараніць і адстаяць», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка.



Міхаіл Мясніковіч: «Нашы адносіны звязаны непарыўнымі эканамічнымі сувязямі»

Вядомы дзяржаўны дзеяч — аб вытоках беларуска-расійскай інтэграцыі, даверы як аснове саюзніцкіх адносін і перспектыўных кірунках супрацоўніцтва з Расіяй.

Сёння беларусы і расіяне адзначаюць гістарычную дату — 2 красавіка 1996 года быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі, што паслужыла пачаткам глыбокай інтэграцыі дзвюх суверэнных дзяржаў. Каля вытокаў гэтага працэсу знаходзіўся Міхаіл Мясніковіч, які на той час займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. На яго вачах прымаліся найважнейшыя рашэнні. Міхаіл Уладзіміравіч асабіста ўдзельнічаў у падрыхтоўцы дакументаў, якія вызначылі будучыню дзвюх краін. Як зараджаўся гэты ўнікальны на сусветнай прасторы саюз, вядомы дзяржаўны дзеяч, доктар эканамічных навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Мясніковіч расказаў у інтэрв’ю карэспандэнту «Звязды».


— Міхаіл Уладзіміравіч, ці было 30 гадоў таму ў прадстаўнікоў вышэйшага палітычнага кіраўніцтва краіны разуменне, што беларуска-расійскі саюз — гэта ўсур’ёз і надоўга?

— Тут не было ніякіх экспромтаў, нейкіх эмацыянальных падыходаў. Усё было прадумана і сістэмна. Да гэтага часу ўжо былі прынятыя ключавыя рашэнні, якія вызначалі каркас, архітэктуру беларускай эканомікі і нашых саюзніцкіх адносін. У 1995 годзе адбылася гродзенская нарада, дзе было прынята рашэнне аб захаванні буйнатаварных сельскагаспадарчых арганізацый як асновы харчовай бяспекі нашай краіны і прадмета экспарту. Што да прамысловасці, у наш адрас паступалі рэкамендацыі, у тым ліку ад міжнародных арганізацый, аб немэтазгоднасці існавання такіх буйных аб’яднанняў, як МТЗ, МАЗ, БелАЗ, «Інтэграл». Лічылася, што для сярэднееўрапейскай дзяржавы, якой з’яўляецца Беларусь, дастаткова мець асобную невялікую вытворчасць, бо буйныя нібыта не змогуць выжыць ва ўмовах рынкавых адносін. Аднак на магілёўскай нарадзе па прамысловасці было прынята рашэнне, што буйныя прамысловыя комплексы трэба ўсяляк падтрымаць як тыя, якія могуць забяспечыць вытворчасць канкурэнтаздольнай прадукцыі і сур’ёзна замацавацца на рынку СНД і краін «далёкай дугі». 26 мая 1995 года была ліквідавана граніца паміж Беларуссю і Расіяй, сімвалічна зняты шлагбаум, што сведчыла аб тым, што паміж нашымі краінамі няма ніякай граніцы: ні ў фізічным, ні ў палітычным, ні ў сацыяльным плане. Адбыўся майскі рэферэндум 1995 года, які надаў рускай мове статус другой дзяржаўнай, пацвердзіў эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй. Таму да прыняцця дакументаў аб Супольніцтве Беларусь падышла на сістэмнай аснове, прыняўшы адпаведныя ўнутраныя рашэнні і вызначыўшы сваю пазіцыю ў рабоце з галоўным нашым партнёрам — Расіяй. 

Гэта было ўсур’ёз і надоўга

— У той час як Аляксандр Лукашэнка ў Крамлі падпісваў гэты найважнейшы дакумент, у Мінску ішлі пратэсты, накіраваныя супраць кансалідацыі нашай краіны з Расіяй...

— Пратэстуючыя не выконвалі норм дзеючага заканадаўства. Іх дзеянні былі накіраваны на дэстабілізацыю абстаноўкі ў краіне, разрыў набіраючых сілу канструктыўных шматбаковых адносін з Расійскай Федэрацыяй. Эканоміка Беларусі магла быць разбурана. Усё гэта было на руку нашым ворагам: унутраным і знешнім. Калі адбыўся ўсенародны рэферэндум, на якім былі прынятыя прынцыповыя рашэнні, значыць, іншыя прапановы ўжо не ўпісваюцца ў гэту канву. Дыскусіі могуць быць на стадыі выпрацоўкі рашэнняў. 

А калі рашэнні прыняты, іх, безумоўна, трэба выконваць. У гэтым моц нацыі. Моц нацыі заключаецца ў яе адзінстве. І калі мы хочам быць моцнымі і паважанымі, то ў нас павінен быць такі кансалідаваны прынцып унутранай і знешняй палітыкі. Пры гэтым вельмі важна, каб рашэнні прымаліся без замежнага ўплыву. Да замежных ідэй і прапаноў можна прыслухоўвацца, іх можна аналізаваць, нешта, можа быць, і ўзяць для далейшай прапрацоўкі. Але беларускі народ, беларускія ўлады і беларуская дзяржава здольныя самастойна прымаць усе неабходныя рашэнні. Наша палітыка фарміруецца за кошт кансалідацыі грамадства, за кошт парады з народам. Пра тое, што ключавыя рашэнні выносяцца на шырокае абмеркаванне, сведчаць усе сем Усебеларускіх народных сходаў.

— Убіць клін паміж нашымі народамі спрабавалі і падчас падпісання лідарамі Статута Саюза Беларусі і Расіі 23 мая 1997 года. Некаторых прадстаўнікоў расійскага боку, у прыватнасці, не задавальняла, што Саюз засноўваецца на прынцыпе суверэннай роўнасці яго ўдзельнікаў. Ці складана было беларускаму лідару адстойваць незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны ў крамлёўскіх кулуарах?

— Я не магу прывесці такія прыклады, каб на крамлёўскім узроўні былі нейкія пярэчанні. Было поўнае паразуменне. Я ўжо тады працаваў кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і фактычна ўзначальваў беларускую частку. З нашага боку актыўна над Статутам працавалі Сукала Валянцін Алегавіч як міністр юстыцыі, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Абрамовіч Аляксандр Міхайлавіч, наш пасол у Расіі Даніленка Віктар Дзмітрыевіч, Козік Леанід Пятровіч як упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта. З расійскага боку над дакументам працавалі Бальшакоў Аляксей Аляксеевіч, Сяроў Валерый Міхайлавіч, Пастухоў Барыс Мікалаевіч. Наша меркаванне не ігнаравалася расійскімі калегамі. Яшчэ калі зараджалася Садружнасць Незалежных Дзяржаў, у расійскіх палітыкаў былі розныя падыходы, як наладжваць адносіны ў рамках СНД. Прапаноўвалася спыніць працэс дэінтэрнацыі Савецкага Саюза і развіваць СНД на новых прынцыпах. Была і наступная прапанова: Расія выпрацоўвае сваю эканамічную, палітычную сістэму, а той, хто згодны з гэтай сістэмай, — «калі ласка, прыходзьце, сядайце з намі за стол перагавораў, і мы будзем з вамі размаўляць». Перамог першы падыход. Пачалі падпісвацца дамовы непасрэдна аб роўных партнёрскіх адносінах. Так было і тады, калі распрацоўваўся праект Статута Саюза Беларусі і Расіі.

— Дакумент аб расійска-беларускай супольнасці спарадзіў яшчэ адзін такі магутны рух, як рэгіянальныя эканамічныя сувязі...

— Нашы рэгіёны і раней сябравалі, супрацоўнічалі з расійскімі рэгіёнамі, але гэта ў асноўным былі гуманітарныя кантакты. 

А вось калі мы сталі выбудоўваць глыбокія адносіны, прамкааперацыю з Расійскай Федэрацыяй, то прыярытэтам рэгіянальных кантактаў стала эканоміка. 

За 30 гадоў узаемны тавараабарот вырас у восем разоў і летась склаў каля 55 мільярдаў долараў.

Калі паглядзець на яго структуру, то больш за 50 % — гэта прамежкавыя тавары, якімі ў далейшым забяспечваюцца эканамічныя перадзелы, гэта значыць вытворчасць: сыравіна, камплектацыя і гэтак далей. Спажывецкія тавары ў нашым узаемным тавараабароце складаюць каля 30 % і дзесьці 11–12 % — інвестыцыйныя тавары. Гэта сведчыць аб тым, што ўзаемнае пранікненне эканомік нашых дзяржаў вельмі магутнае. І ў тым ліку дзякуючы рэгіянальным сувязям, беларуска-расійскае супрацоўніцтва атрымлівае развіццё і ўмацаванне. Нашы адносіны звязаны непарыўнымі эканамічным сувязямі. Умацоўваюцца ваеннае супрацоўніцтва, валютны саюз, развіваецца парламенцкае вымярэнне. Захаваны самыя галоўныя прынцыпы расійска-беларускіх адносін — роўныя ўмовы гаспадарання і роўныя правы грамадзян. Гэта аснова, якая была прапанавана кіраўніком нашай дзяржавы. Адкрываюцца новыя цікавыя кірункі. Гэта добра, бо Саюз Беларусі і Расіі — жывы арганізм.

— Беларуска-расійскае партнёрства грунтуецца на добрых, сяброўскіх адносінах двух лідараў. У чым сакрэт таго, што ў Аляксандра Лукашэнкі з усімі прэзідэнтамі Расійскай Федэрацыі складваліся і складваюцца блізкія адносіны?

— Адносіны лідараў Беларусі і Расіі — узор узаемнага даверу, які правераны гадамі. Калі партнёр бачыць, што гэтыя адносіны шчырыя, носяць доўгатэрміновы характар, не з’яўляюцца нейкімі кан’юнктурнымі, то мае права разлічваць і на пэўную ўзаемнасць. Наш лідар і ў прынцыпе краіна заўсёды выконваюць усе абавязацельствы, якія бяруць на сябе. Кіраўнік дзяржавы арыентуе: калі паабяцаў, аддай апошняе, але выканай. 

І калі гэта дэманструецца на самым верхнім узроўні, то будуць і павага, і давер. 

Гэта самае галоўнае ў пытаннях інтэграцыі — палітычнай, эканамічнай ці ваеннай. Калі ёсць давер, будзе і поспех.


— Якімі бачацца перспектывы інтэграцыі Беларусі і Расіі, улічваючы ўсё большы ціск на нашы краіны і ў цэлым міжнародную абстаноўку?

— Нягледзячы на тое, што дзесьці нам ствараюць пэўныя складанасці, гэта ні ў якім разе не адбіваецца на абраным намі шляху — сяброўстве і супрацоўніцтве з Расійскай Федэрацыяй. На ўсіх узроўнях і па ўсіх кірунках: палітычным, эканамічным, ваенна-стратэгічным, валютным, навуковым, у цэлым гуманітарным. З улікам кампетэнцый, якія ёсць, актуальны і шэраг іншых кірункаў. Трэба працаваць над павышэннем канкурэнтаздольнасці беларускіх тавараў і паслуг, іх якасці. Могуць быць запатрабаваны новыя інтэграцыйныя праекты, сумесныя акцыянерныя кампаніі. Мы маглі б больш актыўна пазіцыянаваць сябе на рынку машынабудавання, электронікі і гэтак далей. Ёсць адпаведныя кампетэнцыі ў беларусаў, ёсць у расіян. Трэба аб’яднаць намаганні для таго, каб сумесна рабіць аэробусы, іншае. Я маю на ўвазе стварэнне транснацыянальных кампаній. Пытанняў дастаткова, каб рэалізоўваць задачы для ўмацавання нашых саюзных адносін. 

Мудрасць палітычнага кіраўніцтва нашай краіны ў тым, што мы бачым вялікія перспектывы ва ўзаемадзеянні з краінамі Паўднёва-Усходняй Азіі, афрыканскімі дзяржавамі. Але супрацоўніцтва з Расіяй — гэта прыярытэт

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю