Top.Mail.Ru

Уступілі ў сілу змяненні ў працэс дзяржтэхагляду. У чым ключавыя навацыі?

Праходжанне тэхагляду абавязкова для ўсіх аўтаўладальнікаў, якія прымаюць удзел у дарожным руху. З 16 лістапада ўступілі ў сілу важныя змяненні ў гэтым працэсе — пачалі дзейнічаць нормы пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2026 года № 244 і Міністэрства транспарту і камунікацый ад 24 ліпеня 2026 года № 37. У чым ключавыя новаўвядзенні, расказалі ў Мінтрансе.



Падыходы да работы дыягнастычных станцый

Абноўлена палажэнне аб парадку выдачы дазволаў на правядзенне дыягнастычнымі станцыямі дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Дазволы цяпер афармляе і анулюе Транспартная інспекцыя Міністэрства транспарту і камунікацый. Яна будзе правяраць аб’екты на адпаведнасць патрабаванням Мінтранса па ўзгадненні з МУС і Дзяржаўным камітэтам па стандартызацыі.

Прадугледжана новая форма заявы юрыдычнай асобы. Яна дасць магчымасць атрымаць адміністрацыйнае рашэнне непасрэдна ў Транспартнай інспекцыі, філіялах установы па Мінску і абласцях, а таксама поштай.

Спрашчэнне працэдур

Скарэкціраваны парадак правядзення дзяржаўнага тэхнічнага агляду. Пры яго праходжанні вадзіцель мае права прад’явіць супрацоўніку станцыі замест вадзіцельскага пасведчання ID-картку або біяметрычнае пасведчанне на права жыхарства.

Заяву на тэхагляд акрамя прывычных спосабаў — асабіста або праз дзяржаўны партал электронных паслуг «Е-Паслуга» — можна даслаць па пошце або кур’ерам у выпадку рэгістрацыі транспартнага сродку пасля 1 студзеня 2008 года. «Гэта зручна для ўладальнікаў новых машын або калі дазвол на допуск да ўдзелу ў дарожным руху не выдалі адразу на дыягнастычнай станцыі», — растлумачылі ў міністэрстве.

Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца змены ўласніка. Раней пры куплі аўто, якое ўжо прайшло тэхагляд, новы ўладальнік павінен быў праходзіць працэдуру нанава. Цяпер, калі ў аўтамабіля ёсць дзеючы дазвол, паўторна праходзіць тэхагляд не трэба. Звесткі будуць аўтаматычна пераносіцца на новага ўладальніка дзякуючы абмену данымі паміж інфармацыйнымі сістэмамі УП «Белтэхагляд» і МУС.

Унясенне платы праз АРіП і атрыманне дубліката

Унясенне платы за атрыманне дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху магчыма з выкарыстаннем плацежнай сістэмы ў АРіП. Такі падыход, адпаведна, не патрабуе прадастаўляць дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць аплату.

Таксама аўтаўладальнікі могуць атрымаць дублікат дазволу, унесці ў яго змяненні ў выпадку неабходнасці — пры страце або пашкоджанні бланка. Для практычнай рэалізацыі асобных новаўвядзенняў удакладнена форма заявы па адміністрацыйнай працэдуры выдачы дазволу.

Усяго УП «Белтэхагляд» у кастрычніку выдаў звыш 169 тыс. дазволаў на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, амаль 85 % ад агульнай колькасці — фізічным асобам. Паслугай у электроннай форме з дапамогай адзінага партала электронных паслуг «Е-Паслуга» скарысталіся больш за 3,4 тыс. аўтаўладальнікаў. На новыя аўтамабілі (2025-2026 гадоўвыпуску) без наведвання дыягнастычнай станцыі і праходжання кантрольна-дыягнастычных работ аформлена больш за 1,1 тыс. дазволаў.

Паводле БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю