Уступныя іспыты ў Мінскай вобласці пройдуць у 24 пунктах. Аб гэтым паведамляе БелТА.
13 мая ў Мінскім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі. У рабоце прынялі ўдзел старшыня Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Анатоль Дарожка, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Аляксандр Кохан, прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама, абласных упраўленняў МНС, МУС, іншыя зацікаўленыя. У анлайн-фармаце да пасяджэння падключыліся прадстаўнікі ўсіх райвыканкамаў вобласці.
У час пасяджэння былі разгледжаны аргпытанні па падрыхтоўцы і правядзенні цэнтралізаванага экзамену і цэнтралізаванага тэсціравання. Адзначана высокая ступень гатоўнасці ўстаноў адукацыі, дзе пройдуць іспыты, а таксама службаў, якія забяспечваюць бяспеку правядзення мерапрыемстваў.
Цэнтралізаваны экзамен для выпускнікоў Мінскай вобласці будзе праводзіцца ў 24 пунктах (вузы, каледжы, гімназіі, школы), у трох з якіх таксама будзе арганізавана цэнтралізаванае тэсціраванне.
У ведамстве дадалі, што для аператыўнага рэагавання на пытанні, якія ўзнікаюць падчас уступнай кампаніі ў КДК Мінскай вобласці, арганізавана работа гарачай лініі. Звярнуцца можна па тэлефонах: +375 (17) 379-09-06 і +375 (17) 232-76-96.