Top.Mail.Ru
105

«Уся Беларусь ганарыцца вамі». Кіраўнік НАК павіншаваў лыжніка Свірыдзенку з золатам Паралімпіяды

Прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка павіншаваў Рамана Свірыдзенку з першай залатой узнагародай для беларускай каманды на XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях у Італіі, паведамілі БелТА ў прэс-службе НАК.

21-гадовы спартсмен атрымаў перамогу ў спрынце класічным стылем у класах LW2-LW9 (стаячыя атлеты з паражэннямі канечнасцяў). У фінале Свірыдзенка абышоў лыжнікаў з Германіі, Францыі, Кітая, Нарвегіі і Канады. На спаборніцтвах нашы атлеты выступаюць з нацыянальнай сімволікай.

«Ваша мужнасць, сіла духу і майстэрства натхняюць мільёны беларусаў, якія падтрымліваюць вас усім сэрцам і з гонарам сочаць за выступленнямі паралімпійцаў. Нягледзячы на ўсе складанасці ў кваліфікацыі, Вам удалося сабрацца і паказаць свой максімум у фінале турніру, — адзначыў кіраўнік НАК. — Дзякуючы гэтай трыумфальнай перамозе ўпершыню за доўгі час на Паралімпіядзе граў гімн і падымаўся сцяг нашай краіны. Уся Беларусь ганарыцца вамі».

Усяго ўдзел у XIV зімовых Паралімпійскіх гульнях у Італіі прымаюць больш за 600 атлетаў з 55 краін, у тым ліку чацвёра беларускіх лыжнікаў. 11 сакавіка на трасе ў Тэзэра адбудуцца гонкі з паасобнага старту на 10 км, у суботу пройдуць эстафеты, а 15 сакавіка — індывідуальныя гонкі на 20 км.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю