Top.Mail.Ru

Усё больш беларусаў аддаюць перавагу дэпазітам у нацыянальнай валюце

Ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацыянальнага банка краіны паведамілі, што ўзровень працэнтных ставак, які склаўся ў першым месяцы года на дэпазітным і крэдытным рынках Беларусі, спрыяе прытоку зберажэнняў у банкаўскую сферу і захаванню крэдытнай актыўнасці ў эканоміцы.


Апошнім часам працягнуўся рост працэнтных ставак па дэпазітах, што стымулявала ўкладчыкаў размяшчаць свае сродкі ў банках перш за ўсё ў нацыянальнай валюце. Найбольш прывабная даходнасць па-ранейшаму адзначалася ў доўгатэрміновых укладаў. У студзені сярэдняя працэнтная стаўка па новых рублёвых дэпазітах насельніцтва на тэрмін звыш аднаго года склалася ў памеры 13,8 % гадавых.

У выніку толькі за студзень тэрміновыя рублёвыя дэпазіты насельніцтва павялічыліся на 335,9 мільёна рублёў, або на 3,1 %, склаўшы на 1 лютага 2025 года 11,2 мільярда рублёў. Такая дынаміка ўкладаў спрыяльна адбілася на рэсурсным патэнцыяле банкаўскага сектара, пашырыўшы магчымасць задавальняць плацежаздольны попыт на крэдыты пры бягучым узроўні працэнтных ставак па іх.

Банкаўскі прынцып «ведай свайго кліента»: высвятляем тэндэнцыі

Такім чынам, прырост банкаўскіх укладаў насельніцтва за ІV квартал мінулага года склаў 7,8 % і перавысіў паказчык папярэдняга квартала ў 3,4 раза. Гэты рост стаў таксама максімальным з ІІ квартала 2022 года. Асноўную яго частку забяспечылі рублёвыя ўклады насельніцтва за кошт аднаўлення росту колькасці ўкладчыкаў, якія выбіраюць захаванасць сваіх зберажэнняў у банках менавіта ў нацыянальнай валюце.

Прывабная даходнасць доўгатэрміновых безадзыўных укладаў у беларускіх рублях зрабіла іх папулярнымі ў грамадзян пры планаванні размяшчэння свабодных сродкаў. Акрамя таго, памер дэпазітаў павялічыўся дзякуючы выкарыстанню каналаў сістэмы дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання (СДБА), з дапамогай якіх у ІV квартале прыцягнута амаль палова ўсіх размешчаных тэрміновых укладаў кліентаў. 

Людзі ўсё часцей выбіраюць безадзыўныя ўклады

На пачатак года рэшткі ўкладаў фізічных асоб склалі 19,7 мільярда рублёў. За ІV квартал доля такіх дэпазітаў насельніцтва ў нацыянальнай валюце павялічылася на 0,7 % да 55,4 %. Рэшткі рублёвых укладаў выраслі на 920 мільёнаў рублёў, або на 9,2 % да 10,9 мільярда рублёў. 

Уклады ў замежнай валюце прыраслі на 507 мільёнаў рублёў у эквіваленце, або на 6,1 % да 8,8 мільярда рублёў у эквіваленце на фоне росту працэнтных ставак па ўкладах у доларах у лістападзе — снежні мінулага года.

Безадзыўныя ўклады на працягу года павялічваліся, і за ІV квартал іх прырост быў максімальным — 1,1 мільярда рублёў, або 8,1 %, што амаль у тры разы перавышае паказчык ІІІ квартала. Характэрна, што тэмпы прыросту безадзыўных укладаў у мужчын (8,8 %) вышэйшыя, чым у жанчын (7,5 %). Разам з тым жанчыны больш актыўна, чым мужчыны, размяшчалі грашовыя сродкі ў адзыўныя ўклады.

Больш за мільён укладчыкаў, і колькасць іх расце

Прэс-служба Нацбанка адзначае, што аднавілася дынаміка росту ўкладчыкаў. Іх колькасць за мінулы год павялічылася амаль на 24 тысячы чалавек і на 1 студзеня гэтага года склала 1 073 996 чалавек. Пры гэтым узрасла колькасць укладчыкаў як сярод мужчын, так і сярод жанчын. Пабольшала тых, хто выбірае ўклады ў нацыянальнай валюце. Ва ўзроставай структуры ў ІV квартале значных змен не адбылося, і асноўнымі укладчыкамі працягваюць заставацца грамадзяне, старэйшыя за 46 гадоў. Максімальны прырост укладаў назіраўся сярод мужчын ва ўзросце да 26 гадоў. Рэшткі ўкладаў жанчын і мужчын за ІV квартал павялічыліся на 7,5 % да 12,2 мільярда рублёў і на 8,2 % да 7,5 мільярда рублёў адпаведна.

Развіццё каналаў СДБА спрыяла аднаўленню росту колькасці ўкладчыкаў. З пачатку 2024 года доля размешчаных насельніцтвам укладаў з дапамогай гэтых каналаў у агульным аб’ёме размешчаных тэрміновых укладаў павялічылася на 10,3 % да 47,8 %, што склала 1,96 мільярда рублёў.

Сумы ўкладаў у рублях растуць, а ў валюце ў нерэзідэнтаў зніжаюцца

Летась спажыўцы банкаўскіх паслуг пераважна падаўжалі ўклады ў нацыянальнай валюце. Таксама павялічыўся аб’ём укладаў, перааформленых у нацыянальную валюту. Разам з гэтым вырасла колькасць датэрмінова скасаваных укладаў у нацыянальнай валюце.

Сярэдняя сума ўкладу ў нацыянальнай валюце на аднаго ўкладчыка ў ІV квартале вырасла на 887 рублёў і на пачатак года склала 14,5 тысячы рублёў, у той час як у замежнай валюце паказчык не змяніўся.

Найбольшую суму грашовых сродкаў насельніцтва размяшчае ў безадзыўныя ўклады. Іх сярэдні памер на аднаго ўкладчыка склаў 19,9 тысячы рублёў у нацыянальнай валюце і 9,7 тысячы долараў у замежнай валюце. У справаздачным квартале прадоўжыўся рост сярэдняй сумы ўкладу ў беларускіх рублях пры яе зніжэнні ў замежнай валюце ва ўкладчыкаў-нерэзідэнтаў.

Аб’ём сярэдняга рублёвага ўкладу на аднаго ўкладчыка як сярод мужчын, так і сярод жанчын павялічыўся і склаў 17,3 тысячы рублёў і 13 тысяч рублёў адпаведна. Рост сярэдняга памеру ўкладу ў нацыянальнай і замежнай валютах на аднаго ўкладчыка назіраўся ва ўсіх узроставых групах.

Сяргей КУРКАЧ

У тэму

Сумніўны долар…

Сваім меркаваннем адносна тэндэнцый на валютным рынку падзяліўся эканамічны аналітык, кандыдат эканамічных навук Георгій Грыц. Паводле яго слоў, прыярытэт у нашых банках дэпазітаў у беларускіх рублях перад іншымі валютамі захаваўся і на бягучы год. У студзені і лютым такія тэндэнцыі яшчэ больш умацаваліся.

Чаму гэта адбываецца? На думку эксперта, прычыны досыць празрыстыя. Па-першае, гэта той факт, што даходы насельніцтва растуць апераджальнымі тэмпамі ў адносінах да валавога ўнутранага прадукту. З пункту гледжання класічнай эканомікі, гэта не зусім правільна, але... Тут трэба разумець, што наша краіна «траціла» мільярды грошай на падтрымку рэальнага сектара эканомікі, асабліва кадравага патэнцыялу. У нас не зачыняліся вышэйшыя навучальныя ўстановы, прадпрыемствы... У нашай краіне быў сфарміраваны высакакласны кадравы патэнцыял, асабліва ў сферы рэальнага сектара эканомікі.

Сёння такі патэнцыял стаў спакуслівай «прэміяй» і для Расійскай Федэрацыі (якая цяпер адстае ў гэтым пытанні), і для заходніх нашых «партнёраў». А значыць, кваліфікаваным спецыялістам трэба больш плаціць.

Другі фактар. Сёння дзякуючы ўзважанай палітыцы Нацбанка і ўрада, якія працавалі ў трэндзе досыць узважана, пры падтрымцы айчыннай валюты і стварэнні рэальных умоў, зберагаць уласныя грошы найбольш выгадна. Такога не назіраецца, напрыклад, у Расіі, дзе стаўка рэфінансавання 21 %, што адназначна не спрыяе развіццю прамысловасці і рэальнага сектара эканомікі. У нас жа сітуацыя дыяметральна супрацьлеглая. У Беларусі працуе палітыка Нацыянальнага банка па прыцягненні ўнутраных рэзерваў з грашовых накапленняў насельніцтва. Сёння на грошы ўкладчыкаў краіна рэалізоўвае вельмі амбіцыйныя і ёмістыя інвестыцыйныя праекты.

Што датычыцца замежнай валюты. З гэтымі грашовымі адзінкамі сёння ў нас негатыўны трэнд. Назіраецца адарванне нашай краіны ад заходніх рынкаў. Маюцца на ўвазе не толькі камерцыйныя структуры і прадпрыемствы, але і простыя людзі. Цяпер нельга проста сесці ў самалёт і паляцець у Еўропу. Таму попыт на валюту, якую немагчыма дзесьці і неяк выдаткаваць, цяпер сапраўды зніжаецца.

І яшчэ. Сёння назіраюцца мультывалютныя тэндэнцыі. Долар як валюта — вельмі сумніўны тавар. У цяперашні час тым краінам, якія самастойна адмаўляюцца ад гэтай валюты, калектыўны захад пагражае прымяненнем нярынкавых санкцый. А гэта дае падставу задумацца, ці сапраўды гэтая валюта такая добрая, што карыстацца ёю прымушаюць нават сілай. Візавыя абмежаванні ў Еўрасаюз таксама не спрыяюць назапашванню еўра.

Дадзеныя тэндэнцыі кажуць пра тое, што беларуская грашовая адзінка будзе дастаткова прывабная ў плане назапашвання ў сярэднетэрміновай і доўгатэрміновай перспектыве, лічыць Георгій Грыц.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю