Top.Mail.Ru

Усё ўкладзенае вяртаецца клопатам. Жанчына з Кобрына выхавала 37 дзяцей

Вольга Дзяркач выхавала 37 дзяцей. У яе ўжо 18 унукаў і чацвёра праўнукаў. А пачалося ўсё 32 гады таму, калі па радыё 24-гадовая дзяўчына пачула навіну аб будаўніцтве Кобрынскай дзіцячай вёскі і конкурсе на пасаду «замяшчальнай мамы». Вакансію прапаноўвалі адзінокім жанчынам, гатовым падарыць сваю любоў дзецям-сіротам. Вольга вырашыла паспрабаваць. Клопат аб дзецях, якія пазбаўлены бацькоўскага цяпла, ні дня не быў для яе звычайнай працай. У Тыдзень бацькоўскай любові БелТА зазірнулі ў госці ў дом, дзе дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак навучыліся зноў верыць дарослым і здабылі сапраўдную сям’ю.

У такім юным узросце ўзяць пад апеку сірот — зусім не спантаннае рашэнне. «Жыццё складвалася так, што як бы я ад педагогікі ні сыходзіла, усё роўна да гэтага вярталася. Са школьных гадоў было некалькі такіх момантаў, — падзялілася Вольга. — Мне было 24 гады, хацелася зрабіць нешта карыснае і патрэбнае. Я была ў ліку некалькіх жанчын, якія прыйшлі ў Кобрынскую дзіцячую вёску. Тады было пабудавана 6 дамоў (цяпер іх 15. — Заўв. БелТА). Мы ў іх абжываліся. Каб хутчэй навесці ўтульнасць і паскорыць адкрыццё, па начах самі спрабавалі збіраць мэблю, шылі шторы, начышчалі паркет».

Першымі ў доме пасяліліся двое братоў-дашкольнікаў. Яны прывыкалі да новай абстаноўкі і да Вольгі. Яна вазіла хлапчукоў у госці да сваіх бацькоў, спрабавала паказаць дзецям, што яны здабылі свой дом і сям’ю, якая паступова расла. «Была сітуацыя: чацвярых дзяцей падзялілі. Мы зусім выпадкова даведаліся пра гэта. Двое хлопцаў былі ў нас. Патэлефанавалі з дому малюткі, сказалі, што ў іх знаходзяцца яшчэ двое братоў, і спыталі, ці забяром мы іх? Ну, вядома! Яны ўсе разам тут выраслі», — расказваючы пра гэта, жанчына не змагла стрымаць слёз. 

Яна падтрымлівае адносіны абсалютна з усімі хлопцамі і дзяўчатамі, якія прыйшлі ў яе дом і сэрца. «У нашай сям’і на сёння 37 дзяцей, а яшчэ зяці і нявесткі. У мяне нарадзіўся ўжо 18-ы ўнук, ёсць чатыры праўнукі. І ўсе яны перыядычна прыходзяць і прыязджаюць. З тымі, хто жыве ў Кобрыне, бачымся часта. Адзін з хлопцаў працуе кіроўцам-дальнабойшчыкам. Ён увесь час у дарозе, але пасля кожнай паездкі заўсёды забягае. Мае дзеці жывуць у Мінску, у Баранавічах, у Брэсце. Двое перабраліся за мяжу, але мы з імі штотыдзень на сувязі», — заўважыла шматдзетная мама. 

У Кобрынскай дзіцячай вёсцы хлопчыкі і дзяўчынкі аказваюцца пасля сямейнай трагедыі. Хтосьці з іх страціў бацькоў, іншыя сталі сацыяльнымі сіротамі. Каб яны зноў даверыліся дарослым і адчулі сябе ў сям’і, патрэбен асаблівы падыход, шмат цярпення і часу. Кожнае дзіця — асоба і па-свойму перажывае жыццёвыя ўзрушэнні. На першым часе дзецям складана гаварыць пра тое, праз што ім давялося прайсці. Камусьці патрабуецца немалы перыяд, каб раскрыцца і расказаць пра тое, што ўнутры. 


«У асноўным усе іх праблемы, страхі, крыўды на бацькоў выходзяць праз паводзіны, часцей за ўсё праз агрэсію. І тут спрабуеш паўплываць і на іх паводзіны, і на іх пачуцці. Гэта вельмі складана. Атрымліваецца ўсё паволі, метадам спроб і памылак. Можа быць крок-два наперад, а потым — тры назад. Быццам бы ўсё ідзе добра, а потым нейкі трыгер — вяртаешся назад, і пачынаем усё зноў. Складана прыходзіцца ў пераходны ўзрост, які кожны перажывае па-рознаму», — не хавае Вольга Дзяркач.

Сваё стаўленне да дзяцей яна паказвае не словамі, а ўчынкамі. «Якім бы дзіця ні прыйшло — яно маё. Я гатовая трываць, мірыцца, хіліцца, але ўсё роўна даць яму адчуць, што ў яго ёсць апора. Яно не можа рухацца наперад, калі знаходзіцца ў падвешаным стане і жыве чаканнямі вярнуцца ў родны дом. Крыху па-іншаму ўсё становіцца, калі ў яго з’яўляецца надзейнасць. Дзіця разумее, што цяпер у яго ёсць абарона і стабільнасць», — патлумачыла маці. 

Вольга сагравае дзіцячыя сэрцы мацярынскай любоўю. Выяўляецца яна ў ласкавых словах і добрым стаўленні, далучэнні да працы. Вынік такога стаўлення бачны праз час, калі хлопцы і дзяўчаты сыходзяць у самастойнае жыццё: вучацца, працуюць, заводзяць адносіны і сям’ю. Усе ўкладзенае вяртаецца клопатам у адказ.

Зараз у доме Вольгі Дзяркач у Кобрынскай дзіцячай вёсцы жывуць чацвёра хлопчыкаў і тры дзяўчынкі. Як і іх аднагодкі, яны вучацца ў школе, займаюцца хатнімі справамі, будуюць планы на будучыню. Астатнія хлопцы і дзяўчаты знайшлі сваю дарогу ў жыцці, некаторыя стварылі сем’і, прывозяць у госці дзяцей і ўнукаў. Яны ўмеюць кахаць і быць шчаслівымі — менавіта гэтаму прысвяціла жыццё іх мама Вольга.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю