Кожную суботу, пачынаючы з 24 мая, на пешаходнай вуліцы Савецкай у Гродне будуць гучаць музыка і песні, паведамляе БелТА са спасылкай на аддзел культуры Гродзенскага гарвыканкама.
Ствараць атмасферу выхаднога дня на папулярнай вуліцы ў цэнтры горада будуць творчыя пляцоўкі пад адкрытым небам.
Як расказаў начальнік аддзела культуры гарвыканкама Дзяніс Чарняк, артысты будуць выступаць на канцэртных пляцоўках каля Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, маладзёжнага цэнтра «Гродна», гандлёвага цэнтра «ЦУМ». Музычныя зоны размесцяцца так, каб з першых крокаў на працягу ўсяго шпацыру па Савецкай па вечарах, з 18 да 19 гадзін, гукі музыкі суправаджалі гродзенцаў і гасцей горада.
Канцэртныя праграмы open air прадставяць гарадскі цэнтр культуры і дзіцячыя музычныя школы мастацтваў, іх у Гродне тры. Стартуе праект 24 мая з выступлення юных выканаўцаў дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 2.