Алена Дамкоўская — жанчына, якая служыць у спецназе, выхоўвае траіх дзяцей, удзячна сваёй маме і бабулі за выхаванне і ўпэўнена: усё, што ўмее, — дасталося ёй па жаночай лініі. Гэта тая жаночая сіла, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. А яшчэ наша гераіня ўпэўнена: быць мамай — гэта
не ахвяра, а вялікае багацце.
Трайное свята
Мая суразмоўніца жыве ў Мінску — тут нарадзілася і вырасла. Яе старэйшаму сыну Алёшку вось-вось споўніцца трынаццаць, сярэдні сын — васьмігадовы Сашка, і малодшая Аліса — ёй шэсць. Усе дзеці нарадзіліся ў кастрычніку. Першынец Алёшка, як сама яго маці называе, з’явіўся на свет менавіта на Пакровы і Дзень Маці — 14 кастрычніка. Як гаворыць Алена, атрымалася адразу трайное свята. Праз пяць гадоў нарадзіўся яшчэ адзін сынок. «А пасля двух хлопчыкаў захацелася дзяўчынку, — усміхаецца матуля. — Напэўна, кожнай маме патрэбна свая дачушка». Так сям’я стала шматдзетнай.

Бацька сямейства, яго апора і падтрымка, Арцём — прафесійны спартсмен, трэнер. Выступае ў змешаных адзінаборствах. Таму менавіта бацька — галоўны ў сям’і па актыўнасцях. Дзеці таксама ў спорце. Старэйшы займаецца акадэмічным веславаннем, сярэдняму падабаецца тхэквандо, Аліса ходзіць на гімнастыку. Алена Дамкоўская ўпэўнена, што дзяцей лепш не выхоўваць словамі, а паказваць усё на ўласным прыкладзе.
Асобная радасць і дапамога Алены — яе маці Галіна Валянцінаўна. Яна жыве ў суседнім доме, працуе ў разлікова-даведачным цэнтры. Пасля работы прыходзіць да дачкі: забірае малодшую з садка, дапамагае з урокамі сярэдняму ўнуку, старэйшаму — калі трэба — таксама. «Без яе, не ведаю, як бы справілася, — прызнаецца Алена. — Гэта было б у тысячу разоў цяжэй. — І тут жа дадае: — Усё, што я ўмею, — ад мамы. Мама — незвычайна мяккі, мудры, разважлівы чалавек. Матуля ніколі не лезе з непатрэбнымі парадамі. Але калі пытаюся — заўсёды дапаможа».

Ад маці ёй перадалося і ўменне смачна гатаваць, прычым па-вясковаму, па бабуліных рэцэптах. Алена расказала, што да сямі гадоў жыла ў бабулі з дзядулем у Брэсцкай вобласці, бо мама вучылася. «У маёй бабулі да самай смерці былі доўгія-доўгія чорныя валасы, амаль не кранутыя сівізной, — успамінае жанчына. — Калі заплюшчваю вочы, бачу яе жывой — на сваім месцы, у вясковай хаце, на крэсле, дзе яна любіла сядзець».
Алена Дамкоўская — ваеннаслужачая. Служыць ва Уруччы, у вайсковай часці 3214, у спецназе. Яна — лейтэнант, афіцэр кватэрна-эксплуатацыйнай службы, займаецца раскватараваннем ваенных. Да жанчын у арміі ставяцца вельмі добра, гаворыць яна, а шматдзетным мамам — асаблівая ўвага. «Гэта вельмі прыемна», — усміхаецца наша гераіня.
У Дзень Маці Алена пажадала ўсім жанчынам здароўя. «Выхоўваючы траіх дзетак, я зразумела, наколькі гэта важна — здароўе», — кажа яна. А яшчэ трэба заставацца сабой, бо для дзяцей вельмі важна, каб у іх была шчаслівая мама. «Ніколі не бойцеся стаць мамай, — кажа Алена. — Мы, жанчыны, вельмі моцныя. У любым выпадку знойдзем сілы выхаваць дзіця. Быць мамай — вялікае шчасце і багацце».
Надзея ЗУЕВА
Фота Валерыя КАРТУЛЯ