Top.Mail.Ru
258

Усё жыццё Алег Янкоўскі прапрацаваў кіназоркай

Адзін з самых каштоўных вобразаў, створаных на кінастудыі «Беларусьфільм», — Скарына, якога сыграў Алег Янкоўскі. Можна сказаць, што майму пакаленню кінагледачоў моцна пашанцавала, бо мы атрымалі Скарыну ў выглядзе сучаснай кіназоркі, а не немаладога дзядзькі, выразанага на дрэве ў часы далёкага Адраджэння. Наш Скарына разам з Алегам Янкоўскім быў не толькі перакладчыкам ды ілюстратарам старазапаветных тэкстаў, не толькі біблеістам і кнігавыдаўцом. Дзякуючы Янкоўскаму ён быў, а для многіх і застаецца яшчэ і секс-сімвалам савецкага кіно.


Мюнхгаўзен

Калі ты вучышся ў тэатральна-мастацкім інстытуце, дык у мастака ўзнікае жаданне паспрабаваць сябе ў акцёрстве, а ў акцёра — памаляваць. Не думаю, што адкрыю вялікую таямніцу, сказаўшы: у мастакоў выступленні на сцэне атрымліваюцца значна лепш, чым малюнкі ў акцёраў. Чаму я не пайшоў з мастакоў у прафесійныя акцёры? Бо мяне напружвала залежнасць ад чужых прапаноў. Акцёр на дзевяноста дзевяць працэнтаў залежыць ад прапанаваных роляў. Добра, калі ты — зорны-ўзорны Алег Янкоўскі, і рэжысёр Панфілаў прапаноўвае табе сыграць Гамлета, а рэжысёр Таркоўскі дае ролю вядомага пісьменніка. Тое, што асабіста мне фільм «Настальгія» не спадабаўся, а пісьменнік Андрэй Гарчакоў нават у выкананні цудоўнага Янкоўскага выглядаў для мяне нудотна і зусім непераканаўча, можна і не абмяркоўваць. Свет прызнае Янкоўскага ды Таркоўскага вялікімі і без мяне, а я тут крыху пра іншае... Пра тое, што з Алега Янкоўскага мог атрымацца Тыль Уленшпігель ці Дон Кіхот, але лёс склаўся інакш: так, што ён сыграў барона Мюнхгаўзена. Для мяне барон Мюнхгаўзен да кінастужкі з Янкоўскім выглядаў гратэскна і карыкатурна. Выглядаў так, як яго падаваў графік Гюстаў Дарэ. А пасля прагляду кінастужкі «Той самы Мюнхгаўзен» барон стаў выглядаць элегантным, выкшталцоным і арыстакратычным Алегам Янкоўскім. Адбылася метамарфоза, здарыўся цуд, мільёны кінагледачоў цалкам змянілі сваё бачанне германскага барона-хлуса на барона-казачніка. Дзякуючы менавіта Алегу Янкоўскаму Мюнхгаўзен займеў новы прывабны парадны партрэт.

Належнасць

Аднаго разу, разважаючы пра акцёрскае майстэрства, Алег Янкоўскі заўважыў, што галоўнай якасцю акцёра з'яўляецца ўменне належаць... Так і ёсць. Акцёр належыць тэатру і рэжысёру, п'есе і ролі ў ёй, сваёй здольнасці ўвайсці ў вобраз і выйсці з яго... Часам згадваю жахлівыя эпізоды, калі маладыя людзі ўваходзілі ў вобраз і ў ім заставаліся, і па калідорах інтэрната бадзяліся Гамлеты. Сярод мастакоў гэтаксама трапляліся Рафаэлі і Леанарда, ды мастакоў ніхто не змушаў заходзіць у чужы вобраз. Усё ж мастак, як пісаў Генрых Бёль, — апошняя вольная прафесія. Мастак, калі моцна пажадае, можа заставацца і незалежным, а вось акцёр мусіць прыслухоўвацца да слоў Алега Янкоўскага і вучыцца ўменню належаць, не выпадаць з кадра, жыць у яркім і публічным святле. Гэта цяжка, але магчыма, і жыццё Алега Янкоўскага таму цудоўны прыклад.

Лёгкасць

Паміж паходам у кнігарню і паходам у краму дарагога адзення Алег Янкоўскі найперш наведваў краму адзення, а потым ішоў у краму з кнігамі. Прынамсі, так казалі яго сябры і калегі, якім ён старанна дапамагаў выбіраць пінжакі і чаравікі. Дзякуючы вялікай любові да адзення, Янкоўскі стаў заканадаўцам моды ў 70-х, гэткім сталічным джэнтльменам. Зразумела, што кожны, нават самы правінцыяльны, акцёр можа падпрацоўваць манекеншчыкам, але з Янкоўскага мог бы атрымацца суперманекеншчык. Яго вусы і бародка, прычоска, пінжакі, капелюшы, чаравікі, строі, палітоны выглядалі прыкладамі для пераймання. У 70-х, пасля суровасці 60-х, моладзі хацелася моднасці, танцавальнасці і лёгкасці, Алег Янкоўскі і стаў сімвалам гэткай лёгкасці, моднасці, сталічнасці і паспяховасці.

Фішка

Для часопіса «Беларусь» я запісваў успаміны Расціслава Янкоўскага пра дзяцінства. У яго кватэры на сцяне вісеў фотапартрэт брата — Алега. Мне, зразумела, хацелася параспытваць у Расціслава пра таленавітага брата, але я стрымаўся, каб не трапіць у няёмкасць, сказаўшы, што Алег — болей цікавая постаць. Тое самае было і ў размовах з Уладзімірам Янкоўскім: я ніколі не распытваў свайго аднакурсніка пра яго дзядзьку і тату, бо няёмка і не па-беларуску. Я чакаў, пакуль Уладзімір сам мне раскажа нешта знакавае пра зорнага Алега. Расказаў... Мы ў аэрапорце «Шарамецьева» чакалі вылету на Мінск, вячэралі і выпівалі за стойкай у буфеце. Раптам Уладзімір кажа: «Хадзіў з Алегам у казіно. Адна фішка там каштуе 500 «баксаў». Верыш? Адна — 500! Алег спакойна рабіў стаўкі. Нешта выйграваў, а нешта і прайграваў. Я адно глядзеў на гэтыя фішкі па 500 «баксаў»! Кожная па 500...» У той час «новых рускіх» 500 долараў былі гадавым заробкам простага чалавека, таму Уладзімір так уразіўся коштам фішкі. Пэўна, гэта самае незвычайнае, што я пачуў ад свайго аднакурсніка пра Алега Янкоўскага. Тады яшчэ падумалася, што ў экранізацыі рамана Дастаеўскага «Гулец» Янкоўскі мог сыграць галоўную ролю не горш, а мо нават і лепш за Мікалая Бурляева.

Папулярнасць

Кінаакцёр Алег Янкоўскі стаў знакамітым, калі ў краіне самым значным з усіх мастацтваў лічылі кіно. Нават пасрэдныя кінарэжысёры і кінаакцёры хадзілі ў небажыхарах. Іх падфарбаваныя фотапартрэты ўпрыгожвалі фае шматлікіх перапоўненых гледачамі кінатэатраў. Іх пазнавальныя твары змяшчалі ў адным з самых тыражных часопісаў «Савецкі экран». Паштоўкі з іх фотаздымкамі прадаваліся ў газетных кіёсках. Кожная другая школьніца і кожны трэці школьнік мелі цэлую калекцыю паштовак з акцёрамі, а тыя, хто не збіраў калекцый, мелі паштоўку з Нікуліным ці Высоцкім; мелі, бо за такую паштоўку можна было выменяць сабе любую іншую ці яшчэ што каштоўнае. Сярод самых каштоўных з кінаакцёрамі была і паштовачка з маладым Янкоўскім. Можна казаць, што акцёр усё жыццё прапрацаваў кіназоркай. Ён апошнім атрымаў званне народнага артыста СССР. Першым быў рэжысёр Канстанцін Станіслаўскі, апошнім — акцёр Алег Янкоўскі. Гісторыя савецкага кіно скончылася менавіта на Янкоўскім, і з яго пачалася гісторыя новага расійскага кіно. Так што варта казаць не толькі пра вялікі талент, а і пра феномен Алега Янкоўскага, які змог захавацца як знакавая постаць і ў часы застою, і ў часы няпэўнасці, і нават у часы вялікіх змен.

Святладайнасць

На мой густ у акцёра мусіць быць малазапамінальная знешнасць самага звычайнага чалавека. Магу нават сказаць, што для мяне ідэальны акцёр мае пасрэдную знешнасць, якая дае магчымасць свабодна рухацца да розных вобразаў. З такой знешнасцю можна раніцай сыграць рымскага імператара, а ўвечары паўстаць на сцэне калгасным пастухом. Іншая справа, калі прырода падаравала акцёру знешнасць выключную, знешнасць арыстакратычную. З такой знешнасцю ты мусіш паводзіць сябе высакародна. Нават у змрочныя і цяжкія хвіліны ты не маеш права выходзіць са шляхетнасці і станоўчасці. Менавіта такая знешнасць была ў акцёра Алега Янкоўскага. Менавіта ён быў прыкладам высакародных паводзін у жыцці і на сцэне, на кінапляцоўцы і ў сям'і. Зайздроснікі любілі падкрэсліць, што Алег Янкоўскі выглядае разумнейшым і больш выкшталцоным, чым ёсць на самай справе. Але ж менавіта ў гэтым і тоіцца акцёрскае пакліканне — выглядаць іншым і лепшым. Янкоўскі мог выглядаць не проста лепшым, ён мог выглядаць нават святым, бо прырода падаравала яму прамяністую святладайнасць у знешнасці, і ён геніяльна пранёс яе праз усё сваё артыстычнае жыццё.

Адам ГЛОБУС

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Словы пра народнага артыста

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю