У Гродне падчас акцыі «Утульныя двары нашым дзецям» уладкавалі чарговую дзіцячую гульнявую пляцоўку, паведамляе БелТА.
У Год добраўпарадкавання ў горадзе над Нёманам у сакавіку далі старт акцыі «Утульныя двары нашым дзецям», мэтай якой было добраўпарадкаванне дзіцячых дваровых пляцовак. Да акцыі падключыліся больш як 20 арганізацый і прадпрыемстваў абласнога цэнтра, якія прадаставілі звыш Br100 тыс. спонсарскіх сродкаў на іх добраўпарадкаванне. Так, у Гродне на вул. Пестрака з’явіўся шосты абноўлены гульнявы дзіцячы комплекс спартыўнага і гульнявога абсталявання на прыдамавых тэрыторыях жылых дамоў.
«Мы жывём у гэтым раёне і вельмі рады, што з’явілася сучаснае дзіцячае гульнявое абсталяванне, менш траўманебяспечнае. Дзеці рады і шчаслівыя, а гэта для нас самае галоўнае. Дзяцей у нашым раёне вельмі шмат, мы кожны дзень ідзём на вуліцу гуляць, і, вядома, калі дазваляе надвор’е і час, бавім час на дзіцячых пляцоўках. Улетку гэта першая справа», — расказала Анастасія Лапіньш, маці 6-гадовай Караліны.
Маці маленькай Васілісы Валерыя Козун адзначыла, што з абнаўленнем пляцоўкі двор прыкметна змяніўся. «Мы ўпершыню бачым гэтую пляцоўку пасля добраўпарадкавання. Нам вельмі падабаецца — новыя арэлі, горкі. У параўнанні з першапачатковым станам — проста каласальныя ператварэнні. Вельмі рады, што гэта пляцоўка стане месцам прыцягнення і для іншых дзетак, будзе для нас кампанія ў гульнях на свежым паветры», — сказала яна.
Як расказаў старшыня праўлення Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «Беларускі фонд міру» Іван Каўбаска, да акцыі далучыліся 17 прадпрыемстваў Кастрычніцкага раёна Гродна і пяць з Ленінскага. «Гродзенскае абласное аддзяленне Беларускага фонду міру акумулявала грашовыя сродкі ад спонсараў. Многія прадпрыемствы працавалі і напрамую з гарадской ЖКГ. Дзякуючы агульным намаганням з’явіліся пляцоўкі на вуліцах Гая, Урублеўскага, Мендзялеева і не толькі. Думаю, такія пляцоўкі даставяць задавальненне дзецям, крыху разгрузяць бацькоў, якія будуць ведаць, што дзеці знаходзяцца ў бяспецы», — сказаў Іван Каўбаска, дадаўшы, што работа па ўстаноўцы такіх гульнявых комплексаў будзе прадоўжана.
Арганізатарамі акцыі выступілі адміністрацыі Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў Гродна, Гродзенскае абласное аддзяленне ГА «Беларускі фонд міру» і Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка.