У мэтах папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам непаўналетніх з 25 мая па 5 чэрвеня супрацоўнікамі ДАІ праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў «Увага — дзеці!»
Асноўная мэта — папярэджанне дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму і скарачэнне няшчасных выпадкаў на дарогах з дзецьмі, прыцягненне ўвагі грамадскасці да бяспекі дзяцей на дарозе, павышэнне пільнасці вадзіцеляў і бацькоў у час летніх канікул.
Дзяржаўтаінспекцыя Першамайскага раёна г. Мінска нагадвае, што падчас правядзення гэтага спецыяльнага комплекснага мерапрыемства ў светлы час сутак вадзіцелі павінны рухацца з уключаным блізкім святлом фар або дзённымі хадавымі агнямі (пры іх наяўнасці (п. 166.9 ПДР).
За невыкананне гэтага патрабавання заканадаўствам прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у выглядзе штрафу да 3-х базавых велічынь (ч. 3 арт. 18.13 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь).
Аддзел ДАІ Першамайскага раёна г. Мінска заклікае вадзіцеляў быць вельмі ўважлівымі падчас руху паблізу дзіцячых устаноў, у час праезду пешаходных пераходаў, прыпынкаў грамадскага транспарту, а таксама ў дварах.
Звяртаемся і да бацькоў: станьце прыкладам свайму дзіцяці!
Не трэба забываць і аб бяспецы дзяцей-пасажыраў. Кіруючы аўтамабілем, вы кіруеце і лёсамі сваіх пасажыраў, несяце адказнасць за дзіцячыя жыцці.
-
Правілы дарожнага руху абавязваюць быць прышпіленымі вадзіцеля і ўсіх пасажыраў, калі рамяні бяспекі прадугледжаны канструкцыяй аўтамабіля, у тым ліку і на задніх сядзеннях.
-
Рамяні і дзіцячыя ўтрымлівальныя прылады з’яўляюцца самым галоўным ахоўным механізмам, які ёсць у машыне.
-
Перавозка дзяцей ва ўзросце да 5 гадоў у легкавым аўтамабілі павінна ажыццяўляцца з абавязковым выкарыстаннем дзіцячых утрымлівальных прылад, якія адпавядаюць вазе і росту дзіцяці.
-
Дзяцей ад 5 да 12 гадоў неабходна перавозіць з выкарыстаннем утрымлівальных прылад або іншых сродкаў (бустараў, дадатковых сядзенняў), якія дазваляюць бяспечна прышпіліць дзіця з дапамогай рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку.
-
Пры гэтым важна правільна зафіксаваць дзіця рэменем бяспекі: дыяганальны рамень павінен праходзіць праз плячо і грудную клетку і не саслізгваць на шыю. Пры выбары дзіцячага аўтакрэсла аддавайце перавагу мадэлям, якія адпавядаюць узросту і вазе. Не бярыце дзіцячае крэсла на выраст.

Штодня нагадвайце юным пешаходам і веласіпедыстам аб бяспечных паводзінах на дарогах і ў дварах. Паколькі ўжо па-за межамі пад’езда пачынаецца зона павышанай небяспекі.
Станьце для іх прыкладам няўхільнага выканання ПДР. Растлумачце, што вельмі небяспечна абыходзіць аўтамабіль, які паркуецца, у непасрэднай блізкасці, бо з-за маленькага росту дзіцяці вадзіцель можа яго не заўважыць.
Дзяцей падчас пераходу дарогі рэкамендуецца весці за руку, паколькі, у сілу свайго ўзросту, яны могуць не ўсведамляць небяспекі неасцярожных паводзін на дарозе, а трымаючы іх за руку вы зможаце кантраляваць іх перамяшчэнне.
ДАІ рэкамендуе рэгулярна нагадваць дзецям аб Правілах дарожнага руху і заўсёды быць у курсе, дзе і як яны бавяць вольны час.
Усім удзельнікам дарожнага руху неабходна быць вельмі ўважлівымі.
Памятайце, што чужых дзяцей на дарозе не бывае. Ваша пільнасць і неабыякавасць — гэта галоўная абарона жыцця і здароўя падрастаючага пакалення.
Ірына КАВЕЦКАЯ, старшы інспектар па АіП АДАІ МГБ Першамайскага РУУС г. Мінска