Top.Mail.Ru
231

Увага — на бяспечны адпачынак дзяцей у лагерах

Напярэдадні летніх канікулаў прафсаюзы праводзяць маніторынгі дзіцячых аздараўленчых лагераў і цэнтраў. На асаблівым кантролі — як бяспечны адпачынак хлопчыкаў і дзяўчынак, так і ўмовы працы персаналу.



Галоўны тэхнічны інспектар працы ФПБ Павел Манько растлумачыў, што пачаліся першыя візіты ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Завершацца маніторынгі да сярэдзіны чэрвеня.

— Пра першыя вынікі казаць пакуль заўчасна. Але, безумоўна, пільная ўвага да тых пытанняў, якія найбольш часта сустракаліся ў мінулым сезоне. Дбайнай праверцы падвяргаем абсталяванне дзіцячых гульнявых і спартыўных пляцовак. Глядзім на стан карпусоў і пакояў, іншых памяшканняў, дзе будуць знаходзіцца дзеці і работнікі ўстаноў. У мінулым годзе прадстаўнікі прафсаюзаў наведалі 153 аздараўленчыя лагеры і цэнтры, дзе выявілі 524 парушэнні і 8 адзінак няспраўнага абсталявання. У большасці выпадкаў бачым, што слабым месцам устаноў з’яўляецца своечасовае і правільнае афармленне дакументацыі, якая датычыцца пытанняў аховы працы, належнае правядзенне інструктажу супрацоўнікаў. Таксама ўзнікаюць пытанні з забеспячэннем і ўлікам сродкаў індывідуальнай абароны, кантролю за іх ужываннем. Кожнае выяўленае парушэнне застаецца на кантролі прафсаюзаў. Разам з тым адзначу, што недахопы аператыўна ўстараняюцца. І там, дзе неабходна наша дапамога, мы заўсёды падстаўляем плячо. Заўсёды пры наведванні ўстаноў аказваем кансультатыўную дапамогу, — расказаў Павел Манько.

Задаць сваё пытанне, пракансультавацца ці паведаміць аб умовах і ахове працы ў канкрэтнай арганізацыі, можна па тэлефоне — 8 801 100 1111. Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС. Звароты прымаюцца з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 8.30 да 16.15.

Дарэчы, прафсаюзы не толькі праводзяць маніторынгі бяспекі, але і актыўна падключаюцца ў навядзенні парадку на тэрыторыях дзіцячых лагераў. Яшчэ ў красавіку Федэрацыя прафсаюзаў запусціла акцыю «Чыста! Праф! Саюз!», у рамках якой у тым ліку прадстаўнікі прафсаюзаў добраўпарадкавалі ўстановы, дапамагалі персаналу аднавіць тэрыторыю пасля зімы. Такія акцыі прайшлі ўжо ў кожнай вобласці. Неабходная дапамога будзе аказвацца на працягу ўсяго дзіцячага аздараўленчага сезона.

Актыўную работу ў час летніх канікул сярод навучэнцаў спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў прафсаюзаў вядзе і Спартыўны клуб Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Так, чакаецца, што сёлета каля 15 тысяч навучэнцаў спартшкол прафсаюзаў адпачнуць і павысяць сваё спартыўнае майстэрства ў спартыўна-аздараўленчых лагерах з кругласутачным і дзённым знаходжаннем.

Алена КРАВЕЦ


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю