Другое жыццё атрымаў сярэднявечны артэфакт, які знайшлі археолагі пры раскопках на тэрыторыі Лідскага замка, — створаная па яго прататыпе на шклозаводзе «Нёман» статуэтка стане адным з сімвалаў музея. Пра гэта паведамілі ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.
«Шахматная ладдзя з Лідскага замка — узор кастарэзнага майстэрства, выкананы ў стылі абстрактнай сімволікі. Пра тое, што перад намі менавіта ладдзя, сведчыць верхняя частка ўзору са своеасаблівымі крыламі руха — гіганцкай птушкі, вядомай па арабскіх казках, легендах, паданнях старажытных падарожнікаў. Сярэднявечны майстар стварыў нешта сярэдняе паміж усходняй фігурай і рускай ладдзёй. Артэфакт сведчыць не толькі пра тое, што ў Лідскім замку гулялі ў інтэлектуальныя гульні, але і што нашы продкі займаліся кастарэзным майстэрствам», — расказалі ў музеі.
Спецыялісты мяркуюць, што ладдзя выразаная з рога лася, паколькі яго шырыня дазваляе выпілаваць фігуру такога памеру.
Хрустальныя ладдзі, якія ўзнаўляюць вобраз арыгінала, будуць уручацца пераможцам конкурсаў, якія праводзяць музейшчыкі, і стануць адным з сімвалаў Лідскага гісторыка-археалагічнага музея. Першыя такія прызы ўжо ўручаны пераможцам шахматнага турніру «Ладдзя Лідскага замка», у якім удзельнічалі больш за 30 гульцоў-аматараў з Гродзенскай вобласці.
Арыгінальны сярэднявечны артэфакт і яго хрустальная рэпліка экспануюцца на выставах у музеі.