Top.Mail.Ru

Увесь асартымент адзення і абутку для школы можна набыць у больш чым 150 магазінах сталіцы

Больш чым у 150 магазінах сталіцы прадаецца асартымент адзення і абутку для школы, а пісьмовыя прылады і папяровую прадукцыю рэалізуюць звыш 1 000 гандлёвых аб’ектаў. Пра гэта на аператыўнай нарадзе 3 жніўня расказала начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама Алена Нагорная, паведамляе агенцтва «Мінск-Навіны».


Па традыцыі, пашыраны продаж усяго асартыменту школьных тавараў стартаваў ва ўнівермагах, гіпермаркетах, фірменных магазінах айчынных вытворцаў сталіцы з сярэдзіны ліпеня.

— Якіх-небудзь асаблівых навін у гэтым годзе няма, — адзначыла Алена Нагорная. — Склаўся пэўны парадак арганізацыі работы па продажы школьных тавараў. Улічваючы вялікую колькасць гандлёвых аб’ектаў на тэрыторыі Мінска, дзе можна з камфортам і не спяшаючыся набыць усю неабходную прадукцыю для школьнікаў у адным месцы — адзенне, абутак і канцылярыю, вулічныя школьныя кірмашы мы не праводзім, паколькі яны не карыстаюцца попытам.


Самыя буйныя сталічныя лакацыі, дзе можна набыць тавары для школы, — чатыры ўнівермагі (ЦУМ, ГУМ, «Беларусь», «На Нямізе») і гандлёвы цэнтр «Першы Нацыянальны гандлёвы дом». Таксама ў Мінску адкрыты 132 фірменныя магазіны айчынных вытворцаў, дзе акцэнт зроблены на адзенне і абутак для школьнікаў.

— Асноўнымі вытворцамі адзення, абутку і галантарэйных тавараў для дзяцей школьнага ўзросту з’яўляюцца вядучыя прадпрыемствы канцэрна «Беллегпрам», — удакладніла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкама.


Сталічныя ўнівермагі даюць на школьны асартымент зніжкі ў дыяпазоне 15-30 %, на асобныя мадэлі яны могуць дасягаць і 50 %.

— Ва ўнівермагах таксама прадастаўляецца паслуга бясплатнага падганяння школьнага адзення. Яна будзе даступная да канца жніўня, што, безумоўна, зручна для бацькоў. У многіх дзяцей нестандартныя параметры. Да прыкладу, верх і ніз могуць не супадаць па памерах, — патлумачыла Алена Нагорная.


Набыць усё неабходнае для школы можна і ў растэрміноўку. Алена Нагорная паведаміла, што ў сталічных універмагах дзеянне карт растэрміноўкі павялічана да 12 месяцаў.

— Гэта добрая дапамога для падрыхтоўкі дзяцей да школы, — адзначыла яна.


Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Камендант даручыў на пастаяннай аснове адсочваць наяўнасць усяго неабходнага асартыменту для школьнікаў у сталічных магазінах.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю