Як бы ні развіваліся тэхналогіі, у працы аграрыяў вырашальную ролю і ў трэцім тысячагоддзі адыгрывае чалавечы фактар: вопыт, адказнасць і прафесійная інтуіцыя трактарыста або камбайнера. І так, напэўна, будзе заўсёды. Такая ўжо гэта сфера дзейнасці: з жывымі раслінамі, зямлёй, з непрадказальным і капрызным надвор’ем. Таму ў любой гаспадарцы добрыя механізатары — на вагу золата.
Ну, а вопыт і інтуіцыя напрацоўваюцца гадамі практыкі. Механізатар ААТ «Кіраўскі райаграпрамтэхснаб» Уладзімір КОМАР працуе на палетках раёна з 1999 года. «Калі хочаце пагаварыць з высакакласным прафесіяналам аграрнай сферы, вам — да Уладзіміра Дзмітрыевіча», — параілі нам у Кіраўску. І мы паехалі на поле, якое шчыльна прымыкае да вёскі Пацава Слабада, каб спытаць, што матывуе механізатараў на высокія дасягненні і што вызначае прафесіяналізм.
Няма калі старэць
Пацава Слабада — малая радзіма майго суразмоўцы. Тут ён нарадзіўся, пражыў усё жыццё, тут, на навакольных палях, сеяў хлеб кожную вясну і працаваў на жніве. І ніколі не збіраўся з’язджаць з роднага Кіраўскага раёна. Праўда, з вёскі перабраўся ў райцэнтр.
— У мяне там свой прыватны дом: з аднаго боку — вёска, з другога — горад: зручна, — тлумачыць ён.
Кажа, калі сышло пасляваеннае пакаленне, родная вёска практычна апусцела. А цяпер паступова ажывае. Моладзь прыязджае, купляе дамы.
— Многім падабаецца. Градкі пасадзіў, арэлі паставіў, столік. Шашлыкі пасмажыў, да іх зеляніну на градцы сарваў — любата!
Зрэшты, па лірыку — гэта не да Уладзіміра Дзмітрыевіча: ён — чалавек справы (прычым справы найважнейшай, якая ў прамым сэнсе корміць краіну), і марныя размовы яму не даспадобы.
— За што люблю сваю працу?.. Работа механізатара — 365 дзён у год. У горадзе субота і нядзеля — «усё, у нас выхадныя». Сельскагаспадарчая праца не дае такой магчымасці. У нас сяўба, уборка, зноў пасяўная, восеньская. Затое ўвесь час пры справе. Няма калі сумаваць. І старэць няма калі.
Рухавік прагрэсу
Пасяўная для аграрыяў — з году ў год нават больш адказныя дні, чым уборачная. Ад таго, наколькі якасна і ў тэрмін праведзена сяўба, наўпрост залежыць, ці паспяховым будзе жніво. Тэрміны гэтыя дакладна не вызначыць ніводная камп’ютарная праграма: самае сучаснае абсталяванне не можа адмяніць залежнасць сельскагаспадарчых работ ад умоў надвор’я (а яны кожную вясну непаўторныя і часцяком апошнія гады — непрадказальныя). А значыць, усё залежыць ад прафесіяналізму, ведаў і вопыту людзей, занятых на сяўбе, — ад агранома да трактарыста. Сёння пасяўная ўсюды ўжо практычна завершана, але будучы ўраджай патрабуе нястомнага клопату: унясення ўгнаенняў, хімпраполкі, фунгіцыдных апрацовак...
— З прыходам сучасных тэхналогій працаваць стала лягчэй?
— Праца — заўсёды праца. Умовы работы — так, сталі значна лепшыя...
Раней у кабіне трактара або камбайна было шумна і пыльна, кажа Уладзімір Комар. Цяпер працаваць камфортна. Але і сёння па-ранейшаму ад трактарыста патрабуецца ўважлівасць і адказнасць. Бо прафесіяналізм механізатара — гэта ў першую чаргу правільнае рэгуляванне абсталявання. Розны рэльеф поля ў пасяўную, розныя культуры ва ўборачную і розная шчыльнасць усходаў на этапе догляду раслін патрабуюць розных настроек тэхнікі і навяснога абсталявання, а іх нямала. Вядома, значная частка тэхналагічных працэсаў сёння аўтаматызаваная, і ўсё ж многае вырашае і ўвасабляе ў жыццё чалавек, зыходзячы са свайго вопыту, ведаў, таленту.
У актыве Уладзіміра Дзмітрыевіча — медаль «За працоўныя заслугі» і ордэн Пашаны. Ён лічыць, што высокія паказчыкі — вынік «духу спаборніцтва», які прыняты ў механізатараў.
— Калі б не было спаборніцкага духу, нічога б не напрацаваў, — усміхаецца механізатар. — А так — цікава: хочацца зрабіць больш, чым калегі. Думаеш: чаму гэта я не магу? Я ўсё магу! Павінен магчы!
Менавіта дзякуючы гэтай «спаборніцкай» рысцы майму суразмоўцу блізкі спорт.
— Я не рыбак, не паляўнічы, не грыбнік. Я валейбол люблю, — расказвае ён. — У Кіраўску ёсць добрая спартзала, трэніруюся па дзве гадзіны двойчы на тыдзень, калі працоўны графік дазваляе.
Праўда, наракае ён, цяпер няма моцнай каманды:
— Наша пакаленне яшчэ трошкі бегае, а моладзь цяпер акрамя камп’ютараў і тэлефонаў нічога ведаць не хоча...
«Бацька сказаў — сын зрабіў»
Падчас уборачнай з году ў год з кабіны трактара Уладзімір перасаджваецца за штурвал камбайна, і яго экіпаж таксама заўсёды сярод лідараў. І ў ранейшыя гады, і сёння прафесія механізатара часам перадаецца «ў спадчыну» — ад бацькі да сына. Сям’я Комар — не выключэнне. На камбайне Уладзімір Дзмітрыевіч працуе са старэйшым сынам — Дзмітрыем.
— Працаваць у адным экіпажы з сынам — складана?
— Ну, а што тут складанага? — усміхаецца Уладзімір Комар. — Бацька сказаў — сын зрабіў. Нармальна працуем. Пастаўлена задача, ёсць адказнасць — вось і выконвай.
Працоўныя дынастыі ў аграрнай сферы сёння — не такая ўжо частая з’ява.
— Людзі шукаюць, дзе лягчэй працаваць і зарабляць, і гэта нармальна. Моладзі хочацца ўбачыць нешта новае, пажыць у сталіцы, і гэта таксама зразумела, — разважае ён.
Галоўнае, перакананы Уладзімір Комар, што з часам многія вяртаюцца на вёску. І што ў кожным новым пакаленні знаходзяцца тыя, хто з маладых гадоў вырашае застацца і звязаць свой лёс з малой радзімай.