Top.Mail.Ru

Узаемадзеянне Дзяржінспекцыі і Мінпрыроды ўзмоцніць экаабарону краіны — Вальфовіч

Дзяржінспекцыя аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце працуе якасна, вынікі ёсць. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч перад пачаткам пасяджэння калегіі гэтага прыродаахоўнага ведамства, на якім падвядуць вынікі яго работы ў першым паўгоддзі 2026-га, перадае БелТА.



«Сёння на пасяджэнні калегіі Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету будуць дэталёва падведзены вынікі дзейнасці гэтага дзяржаўнага органа за першае паўгоддзе. Адметна, што пасяджэнне запланавана адразу пасля нядаўняй нарады ў кіраўніка дзяржавы, прысвечанай удасканаленню прыродаахоўнай дзейнасці. На той нарадзе Прэзідэнтам было прынята рашэнне аб захаванні асаблівага незалежнага статусу Дзяржінспекцыі, якая падпарадкоўваецца непасрэдна кіраўніку дзяржавы і надзеленая шырокімі паўнамоцтвамі. Гэта лішні раз падкрэслівае высокую актуальнасць і важнасць задач, якія стаяць перад ведамствам», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч. 

 

Аднак разам з асаблівымі правамі прыходзяць і павышаныя абавязкі, і, на жаль, на сённяшні дзень застаюцца нявырашаныя пытанні, сказаў ён. «Перш за ўсё гэта праблема браканьерства: па выніках 2025 года і першага паўгоддзя 2026-га мы фіксуем рост такіх парушэнняў практычна на 24-25%. Таксама захоўваюцца праблемы ў сферы лесакарыстання, незаконнага рыбалоўства і агульнага кантролю за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства. У сувязі з гэтым Прэзідэнтам пастаўленыя задачы па ўзмацненні ролі і адказнасці Дзяржінспекцыі, а таксама па пашырэнні спектру яе паўнамоцтваў менавіта ў гэтых кірунках», — звярнуў увагу дзяржсакратар.

 

Ключавой умовай эфектыўнасці з’яўляецца больш цеснае ўзаемадзеянне, перш за ўсё з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Па словах дзяржсакратара, недапушчальна штучны падзел задач: усё, што звязана з аховай прыроды і нашых нацыянальных багаццяў, патрабуе сумеснай, зладжанай работы. «Таму ў ходзе калегіі не толькі будуць падведзены вынікі, але і заслуханы прапановы кіраўніцтва Дзяржінспекцыі па рэалізацыі даручэнняў кіраўніка дзяржавы. Упэўнены, што больш цеснае ўзаемадзеянне не толькі з Міністэрствам унутраных спраў і Дзяржаўным пагранічным камітэтам, асабліва ў пагранічнай зоне, але і з профільным экалагічным ведамствам дасць магчымасць вывесці на якасна новы ўзровень абарону нашых нацыянальных інтарэсаў у экалагічнай сферы. Службовыя асобы інспекцыі працуюць якасна і дэманструюць пэўныя вынікі, але рэзервы для паляпшэння ёсць, і сёння мы дэталёва іх абмяркуем», — рэзюмаваў Аляксандр Вальфовіч.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю