Тэматычная секцыя № 4 прайшла на базе ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», які стаў пляцоўкай для абмеркавання пытанняў узаемадзеяння паміж прадпрыемствамі аграпрамысловага комплексу Беларусі і Расіі, сустрэчы кіраўнікоў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, саюзаў і асацыяцый з навуковымі коламі, інстытутамі развіцця і парламентарыямі.
У рамках заяўленай тэмы экспертамі дзвюх краін абмяркоўваліся тры блокі пытанняў: перспектывы супрацоўніцтва АПК Саюзнай дзяржавы і магчымасці для бізнесу, практыка і выклікі міжрэгіянальнай вытворчай кааперацыі, навуковае забеспячэнне АПК.
Як адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, аграпрамысловы комплекс — адзін са стратэгічных элементаў эканомікі, які выконвае вядучую ролю ў харчовай бяспецы брацкіх краін Беларусі і Расіі.
«Далейшае развіццё аграпрамысловага комплексу Саюзнай дзяржавы ў рамках фарміравання адзінай аграрнай палітыкі з’яўляецца найважнейшым этапам, — падзяліўся меркаваннем сенатар. — У сучасных умовах нестабільнасці сусветнага рынку харчавання, маштабнага санкцыйнага ціску, вынік сельскай гаспадаркі прынцыпова залежыць ад укаранення эфектыўных тэхналогій на базе сучаснай высокапрадукцыйнай тэхнікі за кошт глыбокай аўтаматызацыі, рабатызацыі, дакладнага земляробства, інавацыйных біятэхналогій. Узаемадзеянне і супрацоўніцтва на ўзаемавыгадных умовах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі з’яўляецца актуальным».
Леанід Заяц нагадаў, што падчас мінулага, XII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які праходзіў ў Ніжнім Ноўгарадзе, быў падпісаны шэраг дакументаў, у тым ліку чатыры пагадненні аб супрацоўніцтве. Сенатар таксама адзначыў, што важным вынікам узаемадзеяння стала распрацоўка праекта Саюзнай праграмы «Дзіцячае харчаванне» на перыяд 2026—2030 гадоў, пашырэнне і рост тавараабароту ў 1,3 раза, рост экспарту ў 1,5 раза па ўсёй наменклатуры харчовых паставак.
У размове з журналістамі сенатар падкрэсліў, што Форум рэгіёнаў — эфектыўная пляцоўка, на якой можна падвесці вынікі сумеснай работы бакоў за папярэднія гады і намеціць планы далейшага супрацоўніцтва: «Мы бачым сёння, як расце цікавасць з абодвух бакоў у гэтым цесным супрацоўніцтве, у сумеснай кааперацыі па ўсіх кірунках. У прыватнасці, па сельскай гаспадарцы. Сёння было заяўлена, што аграпрамысловыя комплексы і Рэспублікі Беларусь, і Расійскай Федэрацыі выканалі сваё прызначэнне і забяспечылі разнастайнай прадукцыяй паліцы нашых спажыўцоў. Мы паспяхова рэалізуем лішкі нашых прадуктаў харчавання і на іншыя знешнія рынкі. Задача аграпрамысловага комплексу Саюзнай дзяржавы, як мы бачым, — у кіраўніцтве адзінай палітыкай развіцця аграпрамысловых комплексаў, знаходжанні формы для забеспячэння прадуктамі харчавання высокай якасці па даступнай цане нашых спажыўцоў і фарміраванні экспартнага патэнцыялу, які маглі б прапанаваць трэцім краінам».

Намеснік старшыні Камітэта Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па аграрна-харчовай палітыцы і прыродакарыстанні Белан Хамчыеў расказаў, што падчас пасяджэння эксперты разам абмеркавалі праблемы і задачы, якія стаяць перад Саюзнай дзяржавай па пытаннях развіцця АПК: «Бачым за апошнія гады сур’ёзны вынік. У нас ёсць разуменне, як мы далей павінны рухацца. Тая харчовая бяспека, якая перад нашай дзяржавай стаіць, свае вынікі дае. З кожным годам мы выконваем тыя задачы, якія перад намі паставілі нашы прэзідэнты (дзвюх краін. — „Зв.“), каб забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт. У сваіх выступленнях усе далі ацэнку, што мы з кожным годам рухаемся наперад, і ў бліжэйшы час, да 2030-га года, забяспечым поўны суверэнітэт па харчовай бяспецы».
Для ўрэгулявання пытанняў, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні, бакі пастанавілі стварыць сумесную рабочую групу, каб да наступнага Форуму рэгіёнаў вырашыць усе задачы.
Вынікам работы секцыі стала падпісанне дагавору, кантракту і трох пагадненняў аб беларуска-расійскім супрацоўніцтве.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ