У сярэдняй школе № 186 імя П. А. Ротмістрава ў Заводскім раёне Мінска знаёміцца з азамі прафесіі чыгуначніка пачалі з верасня 2023 года.
— Групы профільнай чыгуначнай накіраванасці ў двух класах «А» — 10-м і 11-м — працуюць у нас згодна з мадэллю, зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, — расказвае дырэктар школы Алена Дзятко. — У такіх класах адна палавіна навучаецца з паглыбленым вывучэннем рускай і англійскай моў, а другая — па профільным кірунку, з паглыбленым вывучэннем матэматыкі і фізікі. Мы заключылі пагадненні аб супрацоўніцтве з Мінскім аддзяленнем Беларускай чыгункі і Мінскім дзяржаўным каледжам чыгуначнага транспарту. На базе каледжа праводзяцца практычныя заняткі па факультатыве «Уводзіны ў прафесіі чыгуначнага транспарту».
Цікава, што гендарны склад профільных груп у двух класах можна назваць процілеглым адно да аднаго: шэсць юнакоў і адна дзяўчына ў 10 «А», два юнакі і дзевяць дзяўчат — у 11 «А». Вядома, залічэнне ў профільныя групы было абсалютна добраахвотным і не такім простым для навучэнцаў: галоўнай умовай быў сярэдні бал пасведчання аб адукацыі за базавую школу не ніжэйшы за сем, з адзнакамі па матэматыцы і фізіцы таксама не менш чым «сямёрка».
Трэба адзначыць, што навучанне ў групах профільнай чыгуначнай накіраванасці — гэта не толькі сухая тэорыя. У ходзе штотыднёвых заняткаў у межах факультатыву навучэнцы наведалі Мінскую дзіцячую чыгунку імя К. С. Заслонава, Мінскі вагонны ўчастак, станцыю Шабаны і гасцініцу «Экспрэс» на станцыі Мінск-Пасажырскі. Ездзілі юныя чыгуначнікі і на злёты навучэнцаў падобных класаў у Баранавічы і Гомель.
Шмат мерапрыемстваў праводзіцца і ўнутры школы. Напрыклад, конкурс праектаў «Беларуская магістраль», дзе юнакі і дзяўчаты прадстаўлялі свае макеты лакаматываў, вагонаў і станцый.
Яўген ВАЛАСНЫХ, фота аўтара.