Падрыхтоўка да міжнароднай спецыялізаванай выставы «Белагра-2025» набірае абароты, аб сваім жаданні ўдзельнічаць ужо заявілі 510 кампаній з 11 дзяржаў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА у прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Беларусь прадставіць 391 суб’ект гаспадарання, а ад Расіі ўдзел пацвердзілі 12 рэгіёнаў: Бранская, Варонежская, Растоўская, Смаленская, Ліпецкая, Ніжагародская і Новасібірская вобласці, Краснадарскі і Пермскі край, Ямала-Ненецкая акруга, Рэспубліка Башкартастан і Санкт-Пецярбург. Вядуцца перамовы з Тамбоўскай, Разанскай і Чэлябінскай абласцямі.
«Выстава стане не проста экспазіцыяй, а святам інавацый, ведаў і забаў, — паабяцалі арганізатары. — Прафесійная дзелавая праграма прапануе дзясяткі тэматычных канферэнцый і семінараў, дзе будуць абмяркоўвацца ключавыя пытанні аграрнай галіны: забеспячэнне канкурэнтаздольнасці сельгаспрадукцыі, развіццё племянной жывёлагадоўлі, укараненне інавацыйных тэхналогій, супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі».У праграме — форумы, круглыя сталы, майстар-класы, конкурсы, дэманстрацыі і прэзентацыі, а культурна-відовішчныя мерапрыемствы будуць праходзіць практычна ў рэжыме нон-стоп. Удзельнікі рыхтуюць унікальныя экспазіцыі, пры гэтым праграма выбудаваная так, каб апынуцца цікавай як дарослым, так і юным наведвальнікам.