У Беларусі плануюць на заканадаўчым узроўні ўзмацніць жорсткасць ліцэнзавання гандлю электроннымі цыгарэтамі і адпаведнымі сумесямі. Праект закона разгледжаны на нарадзе Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў, паведамляе БелТА.
«Медыкі б’юць трывогу з-за папулярнасці электронных цыгарэт, асабліва сярод нашай моладзі — студэнтаў і школьнікаў. Усё часцей гучаць заклікі абмежаваць і нават татальна забараніць іх вытворчасць і абарот», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт, аднак, звярнуў увагу і на адзін бок пытання: «Ці не сфарміруем падпольны нейкі гандаль? Памятаю, калі мы ўводзілі гэтыя электронныя (прылады для курэння. — Заўв. БелТА), стаяла пытанне, што ў Расіі гэта зараза ўжо існуе. Меж у нас няма. Мы можам не ўводзіць. Але каму мы дабро зробім? Адтуль завязуць. Ужо завозілі колькі хацелі і колькі трэба. Ну, вырашылі выраўняць сітуацыю. Ці не? І раптам з’яўляецца гэта тэма (новы праект закона. — Заўв. БелТА). Я так разумею, што мы павінны сёння прыняць рашэнне — быць ці не быць».

«Я наогул у курыве слаба разбіраюся, як і ў алкаголі. Таму хацелася б ад спецыялістаў, якія ці кураць, ці ўглыбіліся ў гэту тэму, каб патлумачылі, што гэта такое. Гавораць, што гэта горш, чым тытунь. Паслухаем і прымем адпаведнае рашэнне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Самае галоўнае — я катэгарычны праціўнік як алкаголю, так і курэння. Але курэнне — гэта жах. Ну выпіў там 100 грамаў... Хто не п’е? П’юць. А курыць — губіць сваё здароўе, калі медыкі ўжо дакладна ведаюць, што рак лёгкага — першапрычына — гэта курэнне».
«Паспрабуем знайсці раўнавагу. Давайце абмяркуем і прымем, як я ўжо сказаў, адпаведнае рашэнне», — адзначыў Прэзідэнт у пачатку нарады.