У Пекіне ўручаны нагрудныя знакі Саюза пісьменнікаў Беларусі «За вялікі ўклад у літаратуру» кітайскім перакладчыкам беларускай літаратуры Хан Сяае і Ван Цзянчжаню.
Вядомыя ў кітайскім прыгожым пісьменстве асобы, яны зрабілі і працягваюць рабіць даволі шмат для развіцця беларуска-кітайскіх літаратурных сувязяў. Хань Сяае — перакладчык твораў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі і іншых беларускіх пісьменнікаў на кітайскую мову. Працуе творца ў Другім Пекінскім універсітэце замежных моў, дзе, дарэчы, устаноўлены помнік народнаму песняру Беларусі Янку Купалу. У гэтай ВНУ працуе і Цэнтр даследаванняў Беларусі — адзін з 14, якія, пачынаючы з 2012 года, у розны час адкрытыя ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы.
Перакладчыка і паэта Ван Цзянчжаня таксама добра ведаюць у Беларусі. У 2018 годзе ў Мінску выйшаў зборнік яго вершаў «Метафара белага снегу». Творы кітайскага мастака слова пераўвасобілі на беларускую мову Мікола Мятліцкі, Віктар Шніп, Таццяна Сівец і іншыя беларускія паэты. «Узнагарода беларускіх калег цяпер яшчэ болей абавязвае мяне быць уважлівым да беларускай паэзіі, спрыяць яе сустрэчам з кітайскім чытачом», — заўважыў Ван Цзянчжан.
Удзел ва ўзнагароджванні прынялі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва» Аляксей Чарота, старшыня секцыі драматургіі Саюза пісьменнікаў Беларусі паэтэса і перакладчыца Таццяна Сівец.
Мікола БЕРЛЕЖ