Аб тым, наколькі важна сёння даваць чытачу і гледачу правераную праўдзівую інфармацыю, аб тым, што менавіта яна — галоўная зброя ў інфармацыйным супрацьстаянні, ішла размова на выніковай калегіі Міністэрства інфармацыі.
Рухаемся ў правільным кірунку
Міністр інфармацыі Марат Маркаў адзначыў: «Калі гаворым пра вынікі, мы гаворым у першую чаргу пра ўзровень даверу да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Лічбу можна агучыць. Паводле сацдаследавання, якое заказваў Мінінфарм, па выніках 2024 года 59,9 % — гэта значыць, практычна 60 % насельніцтва давярае дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі. З 2021 года гэтая лічба вырасла больш чым на 21 %. Вы працуеце добра — не толькі Міністэрства інфармацыі, хоць мы, вядома, гэтаму працэсу спрыяем, у тым ліку і праз Указ № 131 — фактычна праз грантавую сістэму, якая дзякуючы Прэзідэнту з’явілася ў краіне. За кошт гэтага павялічваецца аб’ём нацыянальнага кантэнту».
Марат Маркаў агучыў лічбы: на 1 студзеня 2025 года ў краіне налічваецца 1139 сродкаў масавай інфармацыі, з іх 71 — сеткавы. Больш за дзве тысячы замежных СМІ распаўсюджваюцца ў Беларусі. Нацыянальны кантэнт у сукупнасці складае больш за 70 % — і гэта выдатны паказчык, падкрэсліў міністр інфармацыі. Ён таксама адзначыў рост колькасці карыстальнікаў у інтэрнэт-асяроддзі: толькі ў рэспубліканскіх СМІ на YouTube налічваецца да 7,5 млн карыстальнікаў, што склала прырост на 44 % карыстальнікаў за год — каласальная лічба.
У рэгіянальных СМІ, са слоў Марата Маркава, яна яшчэ вышэйшая — 53 %. Сукупная аўдыторыя — 5,8 млн карыстальнікаў. «Калі мы такімі тэмпамі будзем прырастаць, значыць, будзем гаварыць пра тое, што выконваем сваю задачу па прыцягненні ў першую чаргу моладзі да нашай інфармацыі, да дзяржаўных СМІ. Міністэрства інфармацыі за мінулы год заблакіравала доступ да больш чым 3150 інтэрнэт-рэсурсаў дэструктыўнай накіраванасці. Гэта сур’ёзныя лічбы, якія паказваюць, што ўвага да нас з боку нашых апанентаў не зменіцца», — адзначыў міністр інфармацыі. Аднак тое, што мы эфектыўна з гэтым працуем, сведчыць, што рухаемся ў правільным кірунку, падкрэсліў Марат Маркаў.
Таксама міністр інфармацыі расказаў, што ў краіне выкарыстоўваецца грантавы прынцып, дзякуючы якому на рэгіянальным і рэспубліканскім узроўнях ствараюцца новыя адукайныя праекты. «Яны ёсць практычна ў кожнай вобласці. У іх вядзецца контрпрапаганда, прадстаўлена добрая аналітыка, развенчваюцца фэйкі. Мы ў абавязковым парадку будзем стымуляваць падобнага роду праекты. Аднак гэта не адмяняе агульнага падыходу па садзейнічанні павелічэнню прафесійнай адукаванасці журналістаў і аб’ёму нацыянальнага кантэнту».
Міністр інфармацыі таксама расказаў, як прасоўваецца стварэнне медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы. Паводле яго слоў, пасля вялікай падрыхтоўчай работы і канкрэтных юрыдычных крокаў мае адбыцца фарміраванне стратэгіі развіцця прадпрыемства, стратэгіі развіцця інфармацыйнай прасторы і стварэнне міждзяржаўнага дагавора, які будзе вызначаць правілы работы, у тым ліку прадстаўніцтва на тэрыторыі Беларусі.
Блогасфера будзе развівацца
Міністэрства інфармацыі будзе стымуляваць развіццё блогасферы ў краіне, паведаміў Марат Маркаў.
«Давайце прама скажам: у нас некаторы час таму з’явілася так званая аўтарская журналістыка. Мы вельмі шмат увагі гэтаму аддавалі і стымулявалі яе развіццё. Мінулы год стаў дастаткова добрым, на мой погляд, стартам, калі дзяржава ўпершыню практычна звярнула ўвагу на блогасферу», — сказаў міністр інфармацыі, адказваючы на пытанне пра тэндэнцыі ў сучаснай беларускай журналістыцы.
У сувязі з гэтым міністр нагадаў, што ў верасні 2024 года прайшоў першы форум блогераў, сукупная аўдыторыя яго ўдзельнікаў — 27 млн карыстальнікаў. «Для першага форуму, я лічу, выдатны вынік, а самае галоўнае — гэта выклікала вялікую і непадробную цікавасць. Потым гэтыя ж дзяўчаты і хлопцы ўдзельнічалі ў тым ліку і ў „Марафоне адзінства“, паказвалі прыгажосць нашай зямлі, нашых прадпрыемстваў», — дадаў ён.
Гэты кірунак, са слоў міністра інфармацыі, падхапіла Магілёўская вобласць, якасна правёўшы адзін з тэлепраектаў. Міністэрства інфармацыі будзе звяртаць асаблівую ўвагу на гэты кірунак.
«Як бы там ні было, гэта адзін з новых інструментаў, які раней быў крыху для нас, для дзяржавы, па рэшткавым прынцыпе. А цяпер, я лічу, ён павінен стаць адным з дзейсных інструментаў для таго, каб уплываць, у тым ліку на маладзёжнае асяроддзе», — сказаў напрыканцы Марат Маркаў
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА
Даслоўна
«Мы кантралюем наша інфармацыйнае поле»
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў у гутарцы з журналістамі адзначыў, што такія паняцці, як фэйкі, інфармацыйныя войны, гібрыдныя войны, супрацьстаянне ў некаторай ступені ўжо становяцца збітымі. «Мы менш звяртаем увагі, дзесьці супакоіліся поспехамі, якіх мы ў пэўнай ступені дасягнулі», — заўважыў ён.
Не толькі СМІ годна супрацьстаяць укідам і фэйкам, але і насельніцтва, паводле слоў Уладзіміра Пярцова, навучылася вызначаць адкрыта хлуслівую інфармацыю.
«Мінулая выбарчая кампанія — шмат у чым доказ таго, што мы кантралюем наша інфармацыйнае поле. Мы годна супрацьстаім укідам, фэйкам. Ды і людзі сталі мудрэйшымі, навучыліся сартаваць, аддзяляць адкрыта хлуслівую інфармацыю, інфармацыю, накіраваную на стварэнне негатыўнага фону, негатыўных эмоцый, ад праўды, ад інфармацыі, якая вартая ўвагі», — сказаў ён.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта таксама падкрэсліў, што прадстаўнікам СМІ не трэба цешыць сябе, спачываць на лаўрах, паколькі тыя, хто па-ранейшаму супрацьстаіць нам па той бок барыкад, — гэта людзі тэхналагічныя.
«Няхай яны на некаторы час абмежаваны ў вялікіх, шматмільённых рэсурсах, але ўсё ж такі гэтыя рэсурсы ў іх з’явяцца і, напэўна, супрацьстаянне працягнецца», — сказаў Уладзімір Пярцоў, дадаўшы, што ў першую чаргу гэта будзе барацьба за розумы тых, хто маладзейшы, тых, хто павінен прыйсці на выбарчыя ўчасткі ў 2030 годзе.
Спікер адзначыў, што Міністэрства інфармацыі павінна стаць органам-рэгулятарам для ўсіх пастаўшчыкоў кантэнту — не толькі традыцыйных СМІ.
«Міністэрства інфармацыі павінна стаць органам-рэгулятарам, родным домам не толькі для так званых традыцыйных СМІ, але і для тых, хто ў цэлым фарміруе медыяландшафт нашай краіны. Гэта і сеткавыя выданні, інтэрнэт-рэсурсы, папулярныя блогеры, ананімныя тэлеграм-каналы — увогуле ўсе, хто стварае кантэнт. Усе тыя, хто фарміруе светапогляд людзей. Усе тыя, хто фарміруе парадак дня», — сказаў Уладзімір Пярцоў.
Кампетэнтна
ДзяржСМІ важна не аслабляць напор, захоўваць і ўзмацняць свае пазіцыі
Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, выступаючы на пасяджэнні калегіі.
— У цэлым міністэрства з пастаўленымі задачамі справілася, — даў ацэнку вынікам дзейнасці профільнага міністэрства ў 2024 годзе Ігар Петрышэнка. — Выбудавана сістэмная работа ў медыясферы, наладжана дзейснае ўзаемадзеянне са СМІ ўсіх узроўняў. У сваю чаргу СМІ дэманстравалі ўменне хутка перабудоўвацца, працаваць актыўна і ярка.
Асобна ён адзначыў паспяховую інфармацыйную работу Міністэрства па падрыхтоўцы і правядзенні электаральнай кампаніі:
— Важна не аслабляць напор, захоўваць і ўзмацняць гэтыя пазіцыі.
Профільны віцэ-прэм’ер падкрэсліў: сёння пры разнастайнасці крыніц інфармацыі важна не толькі ствараць якасны і прафесійны медыяпрадукт, але і забяспечваць аб’ектыўнае адлюстраванне ў СМІ і на інтэрнэт-рэсурсах грамадска значнай інфармацыі і мер, якія прымаюцца па вырашэнні вострых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных праблем.
— Акрамя таго, ва ўмовах беспрэцэдэнтнага знешняга ціску СМІ павінны максімальна аператыўна рэагаваць на недакладную, дэструктыўную інфармацыю, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Ён нагадаў, што менавіта гэтым мэтам служыць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб рэагаванні на грамадска значную інфармацыю»:
— Указам устаноўлены абавязкі дзяржаўных органаў і арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі па размяшчэнні на дзяржаўных інтэрнэт-рэсурсах, афіцыйных сайтах інфармацыі па вострых сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных праблемах. Такім чынам, неабходная для работы нарматыўная база створана.
Што тычыцца дзейнасці ведамасных выданняў, ён нацэліў:
— Задача — арганізаваць на належным узроўні работу з электроннымі рэсурсамі. Далёка не ўсе ведамасныя выданні маюць свае асобныя сайты, імкнучыся выкарыстоўваць інтэрнэт-рэсурс міністэрства або ведамства.
Гаворачы аб дзейнасці тэлеканалаў, Ігар Петрышэнка канстатаваў: яны даказалі, што ўмеюць працаваць ярка, смела і напорыста:
— Лічу, што тэлебачанне павінна быць менавіта такім — актыўна трансліраваць гледачу выразную, прадзяржаўную, патрыятычную пазіцыю сучаснымі інструментамі журналістыкі.
Звяртаючыся да кіраўнікоў тэлеканалаў, Ігар Петрышэнка акцэнтаваў увагу на неабходнасці падтрымкі трэнду на развіццё турызму:
— Нам патрэбныя свежыя ідэі, новыя праграмы, асабліва арыентаваныя на моладзь, якія будуць папулярызаваць нашу краіну і адпачынак у Беларусі. Наведванне гістарычных месцаў, прамысловы турызм, экалагічны турызм — усё гэта можна і трэба паказваць на тэлебачанні, сеткавых рэсурсах.