Еўразійскі эканамічны саюз плануе пашырыць пералік груп тавараў, што маркіруюцца. Толькі на працягу гэтага года прынята чатыры рашэнні па маркіроўцы сродкамі ідэнтыфікацыі антысептыкаў, веласіпедаў, ікры і маторных масел, паведаміў першы намеснік міністра па падатках і зборах Беларусі Уладзімір МУКВІЧ.
Ён дадаў, што яшчэ восем праектаў рашэнняў Савета ЕЭК знаходзяцца ў прапрацоўцы. «З іх шэраг пытанняў на фінішнай стадыі, іншыя яшчэ абмяркоўваюцца ў сувязі з тым, што ёсць неўрэгуляваныя моманты», — расказаў Уладзімір Муквіч.
Цяпер у нашай краіне ўжо чатыры таварныя групы падпадаюць пад абавязковую маркіроўку. Для параўнання: у Расіі такіх груп 30, і работа па іх пашырэнні працягваецца. Калі эксперымент, які цяпер праводзіцца ў Расійскай Федэрацыі, завершыцца паспяхова, то ў перспектыве яшчэ каля 13 таварных груп будуць актуалізаваны для краін з выпрацоўкай адзінага падыходу.
«Пытанне важнае, закранае інтарэсы суб’ектаў гаспадарання Беларусі, паколькі Расія — асноўны наш гандлёвы партнёр», — дадаў Уладзімір Муквіч. У нашай дзяржаве дзейнічае два пералікі тавараў, якія падлягаюць маркіроўцы. Першы — нацыянальны. Тавары маркіруюцца ўніфікаванымі кантрольнымі знакамі з закладзенай у іх абмежаванай інфармацыяй. Знакі дзейнічаюць на нашай тэрыторыі, але не прызнаюцца ў іншых краінах. У другім пераліку — тавары, якія падлягаюць маркіроўцы сродкамі ідэнтыфікацыі ў эканамічным саюзе — QR-кодамі. Для ўкаранення механізму праведзена замена касавага абсталявання. Узяты вектар на паступовы пераход на новы тып маркіроўкі.
«Сёння ўжо вызначаны асноўныя пытанні, каб гэты механізм удасканальваўся. Перш за ўсё неабходна рэалізаваць агульны працэс з выкарыстаннем інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС для абмену звесткамі аб маркіроўцы. Такая работа ажыццяўляецца нацыянальнымі аператарамі напрамую», — сказаў Уладзімір Муквіч.
Сяргей КУРКАЧ.