Top.Mail.Ru

V Фестываль мастацтваў беларусаў свету сабраў больш 250 нашых суайчыннікаў з 13 краін

Для сяброўства і творчасці меж не існуе

V Фестываль мастацтваў беларусаў свету сабраў больш 250 нашых суайчыннікаў з 13 краін: Расіі, Амерыкі, Германіі, Італіі, Іарданіі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Малдовы, Польшчы, Турцыі, Узбекістана. Яго арганізатарамі выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, абласныя і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Мэта фестывалю — падтрымка і папулярызацыя беларускай культуры сярод сусветнай супольнасці і ўмацаванне сувязі дыяспары з Радзімай.

Сёння фестываль — гэта не проста яскравае свята, падчас якога калектывы мастацкай самадзейнасці, сольныя выканаўцы, мастакі, майстры-рамеснікі, літаратары дзеляцца творчымі набыткамі, паказваюць, як захоўваюць культуру і традыцыі ў краінах свайго пражывання. Гэта сапраўднае свята сяброўства, калі прадстаўнікі нацыянальна-культурных аб’яднанняў разам выходзяць на адну сцэну, праводзяць выстаўкі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і фотаработ, дзеляцца ідэямі, наладжваюць кантакты з беларусамі з усяго свету. Акрамя гала-канцэрта ў Мінску, госці выязджаюць выступаць у рэгіёны.

У праграме фестывалю — дыялогавая пляцоўка з прадстаўнікамі Міністэрства культуры і апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, дзе абмяркоўваюцца пытанні, звязаныя з падтрымкай беларускай культуры за мяжой. Гасцям прапануецца і культурна-пазнавальная праграма — экскурсіі, наведванне спектакля ў Вялікім тэатры Беларусі, майстар-класы з народнымі майстрамі і работнікамі ўстаноў культуры. Упершыню ў рамках фестывалю асобны дзень выдзелены моладзі, у гэты час маладыя прадстаўнікі дыяспары сустрэнуцца на дыялогавай пляцоўцы з прадстаўнікамі розных ведамстваў, наведаюць тэлерэдакцыю канала «Беларусь 24».

Сёлета фестываль звязаны з Годам беларускай жанчыны. Ён праходзіць пад дэвізам «Беларусь — наша любая маці». Праз яго арганізатары хацелі нагадаць суайчыннікам: незалежна ад таго, куды іх закінуў лёс, наша краіна заўсёды будзе для іх надзейным прыстанкам, гатовым аберагаць, натхняць, дапамагаць.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандр Румак нагадаў, што за межамі Беларусі пражывае больш як 3,5 мільёна суайчыннікаў, больш за ўсё — 500 тысяч — у Расійскай Федэрацыі. Каля 180 тысяч беларусаў знайшлі новы дом у Казахстане. Упаўнаважаны падзякаваў за тое, што ў сваіх краінах людзі захоўваюць і перадаюць нацыянальную культуру: «Нам гэта важна і палітычна, і ідэалагічна, каб усе бачылі, што беларусы — мірныя людзі». Ён звярнуў увагу ўдзельнікаў фестывалю, што калі яны прыязджаюць на Радзіму, могуць на ўласныя вочы пераканацца: нягледзячы ні на якія падзеі, што адбываюцца ў свеце, Беларусь застаецца краінай міру і згоды.

Госці з Літвы і Эстоніі расказалі, што дні беларускай культуры і канцэрты, якія яны праводзяць у сваіх краінах, заўсёды запатрабаваны, сярод удзельнікаў і гледачоў — прадстаўнікі розных народаў. Ці не гэта яскравае сведчанне, што сярод простых людзей не існуе перашкод для сяброўства і творчасці. Фестывалі, стажыроўкі і іншыя мерапрыемствы, якія праводзяцца на роднай зямлі, дапамагаюць аб’яднаць прадстаўнікоў дыяспары з розных куткоў свету. Так, сёння нашы суайчыннікі ў краінах Балтыі не могуць запрасіць выступіць калектывы з Беларусі і Расіі, але на іх прапановы далучыцца да мерапрыемстваў адгукаюцца беларусы з іншых краін.

Ала Сандлер, якая прыехала са Злучаных Штатаў, адзначыла, што з яе краіны сёння цяжка прыехаць не толькі лагістычна (калі жаданне ёсць, нашы суайчыннікі гатовы не есці, не спаць, пераадольваць любыя складанасці з планаваннем маршрутаў, перасадкамі). Праблемы ёсць і інфармацыйныя, багата падаецца негатыву, няпраўды, і важна, каб людзі навучыліся яе адрозніваць: «Я заўсёды ўгаворваю сваіх землякоў, каб яны прыехалі сюды. Не буду хаваць: многія людзі баяцца. Я нават прапаную: давайце вас за руку вазьму і паедзем разам. І кожны раз, каго б я ні прывозіла, людзі прызнаюцца, што калі б ведалі, як цудоўна ў Беларусі, ужо б даўно сюды прыехалі».

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю