Каля 600 артыстаў будуць задзейнічаны ва ўрачыстым адкрыцці XXXIII Дня беларускага пісьменства 5-6 верасня ў Касцюковічах. Аб гэтым расказаў галоўны рэжысёр Магілёўскай абласной філармоніі Міхаіл Нікалаенка, перадае БелТА.
Мноства тэматычных лакацый, гісторыя беларускага кнігадрукавання і яе сучаснае гучанне — гасцей свята чакае цікавая і насычаная праграма. Цырымонія ўрачыстага адкрыцця адбудзецца а 12:00 на галоўнай сцэне свята.
«Галоўным мастацкім вобразам канцэрта „Родная мова — мова шчаслівых людзей“ стане жанчына — захавальніца сямейнага ачага, маці, настаўнік, — расказаў Міхаіл Нікалаенка. — Яшчэ адным мастацкім вобразам паказу стане сімвал Касцюковічаў — падкова, што намалявана на гербе горада».
Пачнецца канцэрт з легенды. «Жыў у Касцюковічах такі Касцюк. І папрасіў ён берагчы родную мову і зямлю, завяшчаў перадаваць усё гэта з пакалення ў пакаленне. Гэта і будзе адлюстравана ў канцэрце праз перадачу скрутка са славянскай азбукай ад продкаў цяперашняму пакаленню дзяцей з галоўным запаветам — захоўваць і берагчы беларускую мову», — адзначыў галоўны рэжысёр.
На адкрыцці задзейнічана каля 600 артыстаў. Выступленні будуць суправаджацца жывой музыкай у выкананні заслужанага калектыву Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Я. Фінберга. Знакавай падзеяй канцэрта стане ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.
Працягне канцэртную частку ў першы дзень свята фінал рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», які пройдзе на галоўнай сцэне ў 16:00. А ў 19:30 усіх запрашаюць на гала-канцэрт. Тут назавуць горад, які будзе прымаць свята ў наступным годзе. Пасля гэтага гледачоў будзе чакаць яскравая канцэртная праграма і маляўнічы феерверк.