Супрацоўнікамі органаў унутраных спраў працягваюцца мерапрыемствы па забеспячэнні кантролю за правядзеннем чарговай уборачнай кампаніі. Пра гэта паведамляе афіцыйны тэлеграм-канал МУС.
Асноўная задача, якая стаіць перад міліцыянерамі, — прадухіленне злачынных замахаў на таварна-матэрыяльныя каштоўнасці прадпрыемстваў АПК. У ліпені выяўлена 47 правапарушэнняў, большасць з якіх складаюць крадзяжы гаруча-змазачных матэрыялаў, камплектуючых і запасных частак да сельгастэхнікі, а таксама крадзеж збожжа новага ўраджаю.
Так, супрацоўнікамі групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Нясвіжскага РАУС выкрыта злачынная схема крадзяжу амаль 20 т ГЗМ трыма работнікамі сельскагаспадарчай арганізацыі. Сума ўрону склала больш за 36 тысяч рублёў.
Па матэрыялах Кармянскага РАУС распачата крымінальная справа ў дачыненні да агранома гаспадаркі, які выкраў 20 т збожжа. За дробныя крадзяжы прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці каля 100 асоб. Выяўлены 51 выпадак незаконнага абарачэння нафтавага вадкага паліва, канфіскавана тры з паловай тоны.
Устаноўлена 18 фактаў кіравання транспартам вадзіцелямі аграпрадпрыемстваў у стане ап’янення.
Асаблівая ўвага надаецца прафілактычным мерапрыемствам. У кожным раёне рэспублікі сфарміраваны мабільныя групы, якімі штодня, у тым ліку ў начны час, правяраецца захаванасць маёмасці.
Па выніках маніторынгу ўнесены 574 прадстаўленні аб устараненні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць учыненню правапарушэнняў, 92 з якіх датычацца разукамплектавання тэхнікі.
Нягледзячы на тое, што меры прафілактычнага характару з’яўляюцца прыярытэтнымі, усім фактам супрацьпраўнай дзейнасці даецца прынцыповая ацэнка.