На працягу некалькіх дзён экіпажы танкаў, баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў «прасавалі» палігон, дзіравілі мішэні з гармат і кулямётаў, здавалі нарматывы па розных дысцыплінах баявой падрыхтоўкі. Дзейнічаць удзельнікам спаборніцтваў прыйшлося ў розных умовах надвор’я. Туман, дробны дождж ускладнялі практыкаванні. Але для гвардзейцаў гэта не стала перашкодай. Кожны з іх імкнуўся паказаць годны вынік.
Спаборніцтвы падобнага роду праводзяцца ва Узброеных Сілах штогод. Кожны раз арганізатары ўводзяць якія-небудзь новаўвядзенні. Напрыклад, мяняюць практыкаванні, дадаюць нарматывы, пашыраюць колькасць удзельнікаў. Сёлета ўпершыню на старт выйшлі прадстаўнікі сіл спецыяльных аперацый.
Перамога куецца камандай
— Спаборнічаюць камандзіры танка, наводчыкі, механікі-кіроўцы баявых машын пяхоты, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення баявой падрыхтоўкі Узброеных Сіл генерал-маёр Уладзімір БЕЛЫ. — Упершыню сёлета мы прыцягнулі экіпажы на БТР-82А з сіл спецыяльных аперацый. Баявая тэхніка з цяжкім узбраеннем па-ранейшаму вызначае баявыя здольнасці сваіх падраздзяленняў. Таму падрыхтоўка гэтых спецыялістаў патрабуе найбольшых высілкаў. Напярэдадні праведзена вялікая праца ў злучэннях, воінскіх часцях і аператыўных аб’яднаннях па адборы лепшых спецыялістаў. Яны вызначаны ў ходзе кантрольных заняткаў. Наша задача — вызначыць лепшых спецыялістаў ва Узброеных Сілах. Гэта дазваляе стымуляваць і актывізаваць працэс баявой падрыхтоўкі ў злучэннях і воінскіх часцях. Лепшыя моманты мы бярэм на ўзбраенне, развіваем іх, ўкараняем у праграмы баявой падрыхтоўкі. У ходзе спаборніцтваў выконваюцца некласічныя практыкаванні — гэта тычыцца як стрэльбаў, так і кіравання. Яны насычаны рознымі ўскладненнямі, якія дазваляюць ўсебакова ацаніць спецыяліста. Значную ўвагу ўдзяляем фізічнай падрыхтоўцы вайскоўцаў. Хачу адзначыць, што людзі прыехалі выдатна падрыхтаваныя, усе выступаюць годна.
...На танкавай дырэктрысе Барысаўскага палігона ажыўлена. Трыа танкавых экіпажаў накіроўваецца на стартавы рубеж. Пачынаецца ўсё з загрузкі боепрыпасаў у танк. У гэты час механік-кіроўца запускае рухавік «сталёвага звера», ён нягучна рыкае ў чаканні старту. Дажджы моцна размылі трасу, ператварыўшы некаторыя ўчасткі ў месіва. І вось па камандзе ўсе тры танкі рэзка зрываюцца з месца, выкідваючы хвалі бруду з-пад гусеніц. На кожнай машыне свой апазнавальны знак — жоўты, чырвоны або сіні сцяжок, які ўзвышаецца над бранёй.
Першым у дзеянне ўступае «жоўты» танк. На рахунку экіпажа тры стрэлы — два трапленні. Нядрэнная стральба пакідала надзею на перамогу. Не адставаў і «чырвоны» экіпаж: стральба дакладная, паражэнне трох мішэняў забяспечыла лепшы час перад папярэднім супернікам на некалькі секунд. Трэці экіпаж на «сінім» танку хоць і трохі адстаў, але прадэманстраваў упэўнены агонь: без адзінага промаху танкісты гэтага экіпажа авалодалі ўсімі мішэнямі, дэманструючы сваё майстэрства ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі.
Пасля асноўнага заезду танкісты вярнуліся на зыходныя пазіцыі, дзе стаяла новая задача. Вайскоўцы вялі агонь з НСВТ па мішэнях «верталёт», "ПТУР«і «РПГ». Кожнае імгненне на вагу золата: акцэнт на хуткасці, дакладнасці і аператыўнасці дзеянняў гвардзейцаў, якія імкнуліся скараціць часовыя паказчыкі паражэння мішэняў.
— Перамога куецца зладжанымі дзеяннямі ўсёй каманды, — лічыць гвардыі старшына Яраслаў ПРАСЁЛКАЎ з механізаванай брыгады з Гродна. — На турніры важныя хуткасць і якасць выканання практыкаванняў. Кожная памылка зніжае вынік. Экіпаж павінен быць зладжаны. Камандзір заўсёды падкажа наводчыку, калі той страляе, наводчык, у сваю чаргу, назірае ў прыцэл і падказвае камандзіру. У мяне ўсё атрымалася, у мішэні мы патрапілі.
Браты-блізняты ідуць да мэты
Гвардзі старшы сяржант Дзмітрый Сцяшэнка і гвардыі яфрэйтар Ігар Сцяшэнка
Па суседстве з танкістамі сваё ўменне трапна паражаць мішэні дэманстравалі мотастралкі. Наводчыкі БМП-2 паражалі пяць цэляў на дыстанцыях ад 900 да 1200 метраў. Патрабавалася знішчыць мэты, якія абазначаюць верталёт, ПТУР і тры БМП. У іх жа фокусе яшчэ тры ўмоўныя варожыя РПГ на дыстанцыях ад 600 да 800 метраў. Па іх стральбу вялі з 7,62-мм кулямёта ПКТ.
На суседнім участку спаборнічалі вадзіцелі БТР‑82А. Ім неабходна было пераадолець супрацьтанкавы роў, калейны мост, мінна-выбуховыя загароды, абмежаваны праход і іншыя перашкоды. Зрабіць гэта трэба было максімальна акуратна і хутка. За кожны промах прадугледжана сістэма штрафных балаў.
Сапраўдная барацьба разгарнулася паміж прадстаўнікамі 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Гвардыі старшы сяржант Дзмітрый Сцяшэнка і гвардыі яфрэйтар Ігар Сцяшэнка — браты-блізняты, служаць у адным падраздзяленні. Цяперашняе спаборніцтва ўспрымаюць як выдатную нагоду выявіць, хто з іх больш вынаходлівы. Забягаючы наперад, скажу, што лепшым апынуўся Дзмітрый, у Ігара — «серабро».
Вадзіцельскі стаж у братоў Сцяшэнкаў немалы. Яны распавядаюць, што асвойваць ваенную тэхніку ім цікава, асабліва калі справа даходзіць да спаборніцтваў адзін з адным.
— Нас не разлучаюць, — расказалі барты. — Вучыліся ў адным класе, потым разам здавалі на правы, разам праходзілі навучанне ў 72-м гвардзейскім Аб’яднаным навучальным цэнтры. Разам служым у 38-й брыгадзе. Паміж намі заўсёды ёсць міні-спаборніцтвы: хто лепш праедзе трасу, хто больш падцягнецца на перакладзіне.
У рамках спаборніцтваў усе ўдзельнікі здавалі залікі па ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы. Дадзеныя веды, уменні і навыкі заўсёды актуальныя: аказанне першай медыцынскай дапамогі — адзін з асноўных шляхоў выратавання жыццяў параненых і пацярпелых. Затым на стадыёне і ў спартыўнай зале 72 АУЦ вайскоўцы здавалі нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы.
Суддзі адзначаюць, што вызначыцца з лепшымі было складана — усе ўдзельнікі паказалі высокія вынікі. Кожны з вайскоўцаў праверыў сябе і на трываласць, і на дакладнасць. У свае падраздзяленні армейскія спецыялісты вяртаюцца з салідным вопытам, які перададуць калегам.
фота аўтара