Паводле інфармацыі football.by, настаўнік мінскага «Дынама» Вадзім Скрыпчанка адпраўлены ў адстаўку. Заўтра ён пакіне Венгрыю, дзе каманда праводзіць еўракубкавыя матчы.
Напярэдадні «Дынама» згуляла ўнічыю 2:2 з балгарскім «Лудагорцам» і не пераадолела бар’ер першага раунда кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў (паражэнне 2:3 па суме двух матчаў).
Вадзім Скрыпчанка ўзначаліў мінскае «Дынама» ў лістападзе 2022 года. Пад кіраўніцтвам гэтага спецыяліста каманда двойчы стала пераможцам чэмпіянату Беларусі і прабілася ў групавы раунд Лігі канферэнцый.
Раней у Беларусі Скрыпчанка працаваў у «Мінску» і жодзінскім «Тарпеда-БелАЗе», а за мяжой узначальваў «Арарат-Арменію», расійскія «Анжы», «Крылы Саветаў» і «Кубань».
Тым часам гродзенскі «Нёман» і жодзінскае «Тарпеда-БЕЛАЗ» працягваюць паспяхова выступаць у кваліфікацыйным раундзе Лігі канферэнцый.
«Тарпеда-БелАЗ» паўторна перамагло «Работнічкі» з Паўночнай Македоніі і прабілася ў другі раунд кваліфікацыі гэтага турніру. Адзіны мяч у паўторным паядынку на 14-й хвіліне забіў Стывен Альфрэд, які галавой замкнуў падачу Паўла Сядзько з вуглавога. Наступным сапернікам «Тарпеда» стане ізраільскі «Макабі» з Хайфы. Абодва матчы пройдуць на нейтральных палях.

«Нёман» разграміў «Урарту» ў другім матчы і выйшаў у наступны раунд кваліфікацыі ЛК. Гродзенцы не пакінулі шанцаў армянскаму клубу (4:0). Наступным сапернікам «Нёмана» стане славацкі «Кошыцэ».
Папярэднія даты наступных сустрэч нашых двух клубаў — 24 і 31 ліпеня.
А вось брэсцкае «Дынама» прапусціла два мячы ў «хатняй» сустрэчы з «Суцьескай» і па выніках дзвюх сустрэч завяршыла барацьбу ў Лізе канферэнцый.