Вялікая Айчынная вайна прынесла бяду практычна ў кожны дом, закранула лёсы многіх сем’яў. Тысячы людзей выпрабавалі жудасныя пакуты, але яны выстаялі і перамаглі. Перамаглі ў самай цяжкай з усіх войнаў, перанесеных да гэтага часу чалавецтвам. У нашых сэрцах будзе вечна жыць падзяка ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны — жывым і загінулым, тым, хто выратаваў свет ад фашысцкай чумы. Усе яны — чыесьці бацькі, дзядулі, прадзеды. Афіцэры Узброеных Сіл распавядаюць пра сваіх дзядоў і прадзедаў якія ваявалі.
Камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння палкоўнік Дзмітрый БЫКОНЯ:
— У нашай сям’і Дзень Перамогі лічыцца самым галоўным святам. Нам ёсць кім ганарыцца. Мой дзядуля Фёдар Рыгоравіч Музычэнка — прыклад сапраўднага мужчыны, на якога я раўняўся яшчэ хлапчуком. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 24 гады. Ён прымаў удзел у адной з самых значных бітваў вайны — Курскай бітве. У ходзе баёў пад Курскам дзядуля быў паранены, але яго ўдалося эвакуіраваць з поля бою і адправіць на лячэнне ў тыл. Пасля выздараўлення ён вярнуўся на фронт. Удзельнічаў у вызваленні Венгрыі і Аўстрыі. Быў непасрэдным удзельнікам гераічнага штурму і ўзяцця Будапешта, за што ўзнагароджаны медалём «За ўзяцце Будапешта». У баях за Вену Фёдар Рыгоравіч прадэманстраваў адвагу і мужнасць, пра што сведчыць медаль «За ўзяцце Вены». Акрамя таго, дзядуля ўзнагароджаны медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» і ордэнам Айчыннай вайны II-й ступені. Пасля вайны дзядуля працягнуў службу ў шэрагах Узброеных Сіл СССР. Быў камандзірам мінамётнага дывізіёна ў адной з часцей Паветрана-дэсантных войск Узброеных Сіл СССР. Звольніўся ў запас у званні капітана. Людзі сыходзяць з жыцця, а памяць пра іх будзе жыць у стагоддзях — у іх дзецях, унуках, праўнуках. Я ганаруся, што мой дзядуля Фёдар Рыгоравіч Музычэнка ўнёс свой уклад у перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне!
Намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 115-га зенітнага ракетнага палка Ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны падпалкоўнік Аляксандр СІРАЕЎ:

— Мой дзед, капітан медыцынскай службы Барыс Сіраеў, нарадзіўся ў ліпені 1916 года ў вёсцы Кашкіна Аскінскага раёна Башкірскай АССР. У восем гадоў застаўся сіратой — бацькі памерлі ад хвароб. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны яго прызвалі ў Чырвоную Армію і накіравалі на вучобу ў Кіеўскае ваенна-медыцынскае вучылішча, эвакуяванае ў тыл. Праз год прысвоілі званне ваенфельчара і накіравалі камандзірам санітарнага ўзвода стралковага батальёна 62-й арміі ў самае пекла — у Сталінград. У канцы кастрычніка 1942 года яго параніла, паўтара месяца дзед правёў у шпіталі. Затым вярнуўся ў строй. Пасля быў узнагароджаны медалём «За абарону Сталінграда». А ў 1943 годзе ўжо ўдзельнічаў у баях на Курскай дузе.
За подзвігі па выратаванні сотняў камандзіраў і байцоў Чырвонай Арміі грудзі гвардыі ваенфельчара Барыса Сіраева ўпрыгожылі два ордэны Чырвонай Зоркі. Першым ордэнам дзед быў узнагароджаны ў студзені 1945 года за выратаванне і эвакуацыю з поля бою параненых байцоў 14-й гвардзейскай стралковай дывізіі 1-га Украінскага фронту. Ужо праз тры месяцы пры прарыве Нейсенскага рубяжа ён выратаваў больш за 140 байцоў, вывеўшы параненых з-пад масіраванага артылерыйскага агню. За гэты подзвіг ён быў удастоены другога ордэна Чырвонай Зоркі. А пасля вайны за рэабілітацыю здароўя скалечаных франтавікоў заслужыў трэці такі ордэн. Канец вайны дзядуля сустрэў у Чэхаславакіі, узнагароджаны медалём «За вызваленне Прагі». Звольніўся з Савецкай Арміі ў званні капітан медыцынскай службы. Ганаруся сваім дзедам!
Намеснік начальніка 2-га карэспандэнцкага аддзела ваеннага інфармацыйнага агенцтва «Ваяр» падпалкоўнік Алег НЯКАЛА
— У мяне ў руках — партрэт майго прадзеда, чырвонаармейца 414-га стралковага палка 18-й стралковай дывізіі Максіма Фаміча Квачанюка. З пачаткам Другой сусветнай вайны 1 верасня 1939 года Заходняя Беларусь была яшчэ ў складзе Польшчы, таму майму прадзеду давялося абараняць родную зямлю ад нямецкіх захопнікаў у шэрагах польскага войска. Пасля ўз’яднання заходніх абласцей Беларусі з БССР прадзед прымае ўдзел у стварэнні першых калгасаў у Гродзенскай вобласці. Аднак распачатую калектывізацыю прыпыніла Вялікая Айчынная вайна. У 1944 годзе ён быў прызваны па мабілізацыі ў Чырвоную Армію і залічаны ў якасці стралка-кулямётчыка ў 414-ы стралковы полк 18-й стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту.
З пачатку 1945 года полк, у якім служыць чырвонаармеец Максім Фаміч Квачанюк, прымае ўдзел ва Усходне-Памеранскай наступальнай аперацыі. Прадзед праяўляе сябе адважным байцом у баях і разгроме Гданьска-Данцыгскіх абарончых умацаваных раёнаў і ўзяцці гарадоў Гдыня і Данцыг, за што ўзнагароджаны медалём «За адвагу». Радок з апісання подзвігу ва ўзнагародным лісце абвяшчае: «За тое, што ў баях у раёне Гдыні агнём з вінтоўкі чырвонаармеец Квачанюк Максім Фаміч знішчыў трох гітлераўцаў». Акрамя таго ён узнагароджаны: ордэнам Айчыннай вайны II-й ступені, медалём «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» Пасля вайны вярнуўся ў родную вёску Драгічаны Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці, дзе яго чакала жонка і трое дачок. Усё жыццё працаваў у мясцовым калгасе. Мне заўсёды было цікава даведацца пра вайну менавіта ад прадзедаў. Хоць ён і не любіў распавядаць пра падзеі тых гадоў, але часам пару скупых фраз я выцягваў з яго. Прадзеда не стала ў 2006 годзе. Яму было 93 гады. Традыцыйна 9 мая ў яго хаце збярэцца вялікая і дружная кампанія. Дзеці, унукі, праўнукі і ўжо прапраўнукі ўспомняць нашага пераможцу. Дзякуй за Перамогу, прадзед!
Алег АЛЯКСАНДРАЎ
Фота аўтара