Падрыхтоўка да ваеннага парада, прысвечанага 80-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, выходзіць на фінішную прамую: хутка вайскоўцы пачнуць праводзіць генеральныя рэпетыцыі каля стэлы «Мінск — горад-герой». На пляцы Мінскай ваеннай камендатуры інтэнсіўна трэніруюцца і вайскоўцы 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, якія прымуць удзел у ваенным парадзе на Краснай плошчы ў Маскве.
Каля 80 байцоў сіл спецыяльных аперацый Беларусі зусім хутка адправяцца ў расійскую сталіцу, дзе і працягнуць трэніроўкі.
Адбор праводзіўся патрабавальна: гэтыя хлопцы апынуліся лепшымі ў страявой падрыхтоўцы сярод вялікай колькасці жадаючых у брыгадзе спецназа. Да трэніровак падыходзяць сур’ёзна, трэніруюцца па пяць гадзін у дзень. Усе яны выдатна валодаюць адзіночнай страявой вывучкай, але цяпер дзейнічаюць як каманда і разумеюць, што не будзе асобна лепшых і горшых — дзяржаўную задачу выконваюць разам.
Дарэчы, па бруку Краснай плошчы ўдзельнікі ваеннага парада пройдуць крыху больш за 220 крокаў ад гістарычнага музея да Спаскай вежы, па часе гэта зойме крыху менш за дзве хвіліны. Ёсць і некаторыя асаблівасці. Калі ў нас асфальтавае пакрыццё і ўсё даволі проста, то наяўнасць бруку будзе мець свае асаблівасці. Акрамя таго, тэмп хады ў Маскве хутчэйшы: 120 крокаў у хвіліну. У нас — 116 крокаў.
Зладжванне з расійскімі вайскоўцамі павінна прайсці без праблем, бо страявая падрыхтоўка ў нашых краінах практычна аднолькавая. Беларускі разлік пачне свае гарнізонныя трэніроўкі ўжо на наступны дзень пасля прыбыцця ў Расійскую Федэрацыю. Там ужо актыўна праходзяць сумесныя трэніроўкі парадных разлікаў пешай і механізаванай калон, авіяцыі.
Спецыяльна для беларускіх удзельнікаў грандыёзнай падзеі шыюць асаблівую парадную форму адзення: фуражка заменіць звыклы блакітны бярэт, замест берцаў — боты. Кожны баец адзенецца ў парадны кіцель.
Пройдзе ў складзе параднага разліку радавы Мікіта Умрыхін. Гэты вопыт як нельга лепш перадае пераемнасць пакаленняў, лічыць хлопец:
— Эмоцыі зашкальваюць. Я вельмі ганаруся тым, што прайду па Краснай плошчы ў Маскве. Заўсёды з захапленнем глядзеў на ўдзельнікаў ваеннага парада і нават не марыў, што аднойчы прайду ў парадным разліку, ды яшчэ і ў Маскве. Іду ў першай шарэнзе — гэта адказная пазіцыя ў страі. Таму і хвалююся. Гэта вялікая адказнасць, на нас жа будуць глядзець высокія госці з усяго свету. Ваенны парад у Маскве пакажуць дзясяткі, калі не сотні тэлевізійных каналаў. Вайна закранула кожную сям’ю. Мой прадзядуля Ціхан Умрыхін — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Вельмі шкада, што апавяданні пра яго баявым шляху я чуў не ад яго, а ад родных і блізкіх. Дзякуй прадзеду і ўсім, хто ваяваў і набліжаў Перамогу!
Сярод удзельнікаў ваеннага парада — радавы Данііл Несцяровіч. Для яго ўдзел у парадзе, прымеркаваным да 80-годдзя Перамогі, — важная падзея ў жыцці.
— Для мяне гонар быць у парадным страі, — дзеліцца радавы. — Нашы дзяды і прадзеды 80 гадоў таму адстойвалі свабоду, мір і незалежнасць дзеля нас, і мне хочацца паказаць, што гэта было нездарма. Мы памятаем іх подзвігі. Гэтая памятная дата мае асаблівае значэнне для кожнага беларуса. Удзел у ваенным парадзе — гэта не толькі магчымасць прадэманстраваць моц і дысцыпліну, але і стаць часткай гісторыі.
... Кожная трэніроўка — гэта ўпартасць, сіла духу і імкненне да дасканаласці. Але на гэтым іх праца не сканчаецца. Інтэнсіўнасць трэніровак працягнецца і ў іншыя дні: кожны новы занятак набліжае да запаветнай мэты — 9 Мая. Каб у Дзень Вялікай Перамогі беларускі спецназ уразіў гледачоў маскоўскага парада Перамогі асаблівай выпраўкай, зладжанасцю і дакладнасцю руху.
Фота аўтара