Top.Mail.Ru
61

Валавы рэгіянальны прадукт Мінска за 2025 год склаў 90,56 млрд бел. руб.

Валавы рэгіянальны прадукт Мінска за 2025 год склаў 90,56 млрд бел. руб. Аб гэтым стала вядома на пасяджэнні Мінгарвыканкама, прысвечаным вынікам сацыяльна-эканамічнага развіцця за 2025 год, паведаміла БелТА.


Так, за 2025 год валавы рэгіянальны прадукт Мінска склаўся ў аб’ёме 90,56 млрд бел. руб. з тэмпам росту 102,4 працэнта да 2024 года. Доля Мінска ў фарміраванні валавога ўнутранага прадукту рэспублікі склала 31,6 працэнта. Старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў, што на пашыраным пасяджэнні Савета Міністраў кіраўнік дзяржавы паставіў шэраг задач, якія неабходна вырашаць сістэмна і планава. «Прэзідэнт дакладна расставіў акцэнты работы эканомікі ў бягучым годзе і абазначыў асноўныя напрамкі дзейнасці. Прыняты адпаведныя нарматыўныя дакументы. Наша задача — забяспечыць рэалізацыю пастаўленых задач, што патрабуе дысцыпліны, арганізаванасці і мэтанакіраванасці», — падкрэсліў ён.

Дадатнае ўздзеянне на фарміраванне валавога рэгіянальнага прадукту сталіцы аказалі такія сектары, як аптовы і рознічны гандаль, інфармацыя і сувязь, транспарт, фінансавая і страхавая дзейнасць і іншыя.

У 2025 годзе ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб’ёме склала 22,8 працэнта. Тэмпы росту экспарту тавараў і паслуг арганізацый сталіцы ў параўнанні з 2024 годам дасягнулі 109 працэнтаў.

Акрамя таго, у Мінску ў 2025 годзе было ўведзена ў эксплуатацыю 719,9 тыс. кв.м жылля пры плане 710 тыс. кв.м. Увод жылля з дзяржаўнай падтрымкай склаў 112,1 тыс. кв.м пры заданні 75 тыс. кв.м. Таксама пасля капітальнага рамонту было здадзена ў эксплуатацыю 1083,9 тыс. кв.м жылля.

Па выніках работы за 2025 год намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата работнікаў арганізацый сталіцы склала 3604,1 бел. руб. Тэмп яе росту склаў 114,1 працэнта.

Першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Камендант адзначыў, што недастатковым у 2025 годзе аказаўся індэкс прамысловай вытворчасці. Таму горад плануе дэталёва разабраць кожнае прадпрыемства, каб прасачыць, як вядзецца работа на месцах. «Мы павінны прырастаць не толькі за кошт аб’ёмаў вытворчасці, але і за кошт скарачэння запасаў гатовай прадукцыі на складах», — сказаў ён.

Ён таксама падкрэсліў, што эканоміка Мінска найбольш збалансавана ў параўнанні з іншымі рэгіёнамі. «У нас няма выразнай секцыі з пераважным значэннем. Удзельная вага прамысловасці складае 15 працэнтаў, столькі ж — у гандлю і сацыяльнай сферы. Як паказаў мінулы год, скарачэнне адной секцыі нівеліруецца ростам другой», — рэзюмаваў Аляксандр Камендант.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю