Праверка боегатоўнасці па даручэнні Прэзідэнта праходзіць у атрадах народнага апалчэння па ўсёй Беларусі. Іх дзеянні ў Камянецкім раёне ацаніў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, перадае БелТА.
Старшыням усіх абласных выканаўчых камітэтаў напярэдадні былі ўручаны распараджэнні на фарміраванне ў раёнах атрадаў народнага апалчэння. Мэта — на тэрыторыі ўсёй краіны ацаніць эфектыўнасць сістэмы фарміравання і падрыхтоўкі атрадаў народнага апалчэння. «У Камянецкім раёне, побач з дзяржаўнай граніцай, фарміруюцца два атрады народнага апалчэння. Мной было заслухана рашэнне старшыні райвыканкама аб фарміраванні. Хачу сказаць: ёсць разуменне, рашэнне даволі поўнае і ёмістае. Ахоплены ўсе пытанні, звязаныя з фарміраваннем атрадаў народнага апалчэння. Некаторыя моманты падкарэкціравалі», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Па сельскіх Саветах правераны спісы. У цэлым у Камянецкім раёне можа быць сфарміравана каля 16 атрадаў народнага апалчэння. «У людзей ёсць разуменне, што гэта трэба і неабходна, незалежна нават ад таго, што гэта прыгранічны раён. Удакладнены пытанні атрымання зброі, выдачы боепрыпасаў, правядзення зладжвання з асабовым складам атрадаў народнага апалчэння», — дадаў Дзяржсакратар Савета Бяспекі.
У выпадку неабходнасці на атрады народнага апалчэння ўскладаюцца задачы па ахове грамадскага парадку і абароне ўласнасці грамадзян, прадпрыемстваў і арганізацый. «Для гэтага людзям будзе выдавацца зброя і сумесна з участковымі, аператыўнымі супрацоўнікамі тэрытарыяльных органаў МУС яны будуць выконваць гэтыя задачы. Практычна гэты ланцужок мы цяпер і адпрацоўваем», — акцэнтаваў увагу Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго слоў, сёння на месцах пачнуць рэальнае фарміраванне атрадаў народнага апалчэння. Заўтра ім будзе выдадзена зброя, і пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў МУС, Дэпартамента аховы з імі правядуць заняткі па баявым зладжванні. Пазней будзе даложана аб выніках. «Узнікаюць пэўныя моманты, пытанні, якія мы цяпер адзначаем. Будзем працаваць, каб потым было зразумела, каму, што і як рабіць. Самае галоўнае, што я бачу цяпер: разуменне ёсць у губернатараў, старшыняў райвыканкамаў, супрацоўнікаў тэрытарыяльных органаў МУС. Няма боязі і спалоху, што нешта не атрымаецца. Усе ведаюць свае задачы і іх выконваюць. Гэта прыемна адзначаць», — растлумачыў Дзяржсакратар Савета Бяспекі.
Такая дапамога можа спатрэбіцца пры спробах дэстабілізацыі абстаноўкі ўнутры краіны, правакацый канфліктаў. Спісы тых, хто можа ўвайсці ў атрады народнага апалчэння, раз на паўгода ўдакладняюцца і карэкціруюцца. «Мы прывыклі да бяспекі, дысцыпліны і парадку. У тым ліку для выканання гэтых задач будуць фарміравацца атрады народнага апалчэння», — падсумаваў Аляксандр Вальфовіч.