Top.Mail.Ru

Вальфовіч аб трэніроўцы ядзерных сіл: Мы паказалі здольнасць і рашучасць абараняць бяспеку

Беларусь і Расія ў ходзе трэніроўкі ядзерных сіл паказалі здольнасць і рашучасць абараняць сваю бяспеку. Аб гэтым заявіў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч у Маскве на палях пасяджэння Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ, перадае БелТА.


«Правядзенне сумеснай трэніроўкі стратэгічных ядзерных сіл Расійскай Федэрацыі і тактычнай ядзернай зброі, якая размешчана на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, — гэта не першая трэніроўка ў фармаце Саюзнай дзяржавы. Такія трэніроўкі праводзяцца нашымі генеральнымі штабамі, арганізоўваюцца штоквартальна. Проста гэтай трэніроўцы нададзена больш пільная ўвага, таму што ўзначальвалі і праводзілі гэту трэніроўку кіраўнікі дзяржаў — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі. Таму гэтай трэніроўцы было, можа, удзелена крышачку больш увагі. І другое — гэта трэніроўка, напэўна, паказала яшчэ раз усім нашым заходнім апанентам тое, што сапраўды на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ёсць ядзерная зброя і, адпаведна, размешчаны аператыўна-тактычны комплекс „Арэшнік“. І мы паказалі здольнасць прымяніць гэту зброю ў ходзе гэтай трэніроўкі і рашучасць нашых дзяржаў на тое, што мы будзем абараняць нашу бяспеку, бяспеку Саюзнай дзяржавы, усімі існуючымі сіламі і сродкамі», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.

«Мы ні ў якім разе нікому не пагражаем. Гэта было неаднаразова сказана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі. Гэта зброя не нацэлена ні супраць адной дзяржавы — заходняй або якой-небудзь іншай дзяржавы ў свеце. Але гэта зброя прызначана для абароны нашых інтарэсаў», — падкрэсліў ён. Пры гэтым дзяржсакратар звярнуў увагу на паскораныя тэмпы мілітарызацыі краін Еўрасаюза, асабліва Польшчы і дзяржаў Балтыі.


«Вядома, не дай бог ніколі прымяніць гэту зброю. Мы памятаем урокі і вывады, якія зроблены пасля Хірасімы і Нагасакі, і да чаго гэта можа прывесці. Але калі нам іншага шляху не пакінуць, гэта зброя будзе прыменена і забяспечыць бяспеку, нанясе непрымальную шкоду краіне-агрэсару», — дадаў Аляксандр Вальфовіч.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю