Завяршыўся адзін з этапаў раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, якая праводзіцца па распараджэнні Прэзідэнта. Аб гэтым заявіў Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, паведамляе БелТА.
«Сёння завяршыўся адзін з этапаў раптоўнай праверкі Узброеных Сіл, якая праводзіцца па распараджэнні Прэзідэнта. Дадзены этап уключаў у сябе праверку боегатоўнасці і баяздольнасці 19-й асобнай механізаванай брыгады па выкананні задач у адпаведнасці з баявым прызначэннем. Праверка праходзіла ў няпростых умовах надвор’я — вялікі мароз, снег і ледзяны дождж. Гэта ўплывала на ход выканання пастаўленай задачы, кантрольных заняткаў. Але асабовы склад брыгады з пастаўленай Прэзідэнтам задачай справіўся. Адпрацавалі ўсе пытанні, якія выносяцца на праверку: прывядзенне ў баявую гатоўнасць, загрузку матэрыяльных сродкаў, здзяйсненне маршу па перасечанай мясцовасці, выхад у раён засяроджвання, дзе былі праведзены кантрольныя заняткі па прадметах баявой падрыхтоўкі. Вынікі, якія паказалі гвардзейцы, — станоўчыя», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Як паведамлялася БелТА, маштабная праверка Узброеных Сіл па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачалася яшчэ 16 студзеня. Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі яе ход. Выпрацавана новая сістэма, пры якой Прэзідэнт, абмінаючы Міністэрства абароны і Генеральны штаб, прыводзіць у баявую гатоўнасць воінскія часці. Першачарговая мэта такой праверкі — убачыць аб’ектыўную карціну. Менавіта таму мерапрыемствы маюць раптоўны характар.