Аляксандр Вальфовіч звярнуў увагу, што атакуючы бок напэўна бачыў, што аўтобус перавозіць мірных грамадзян. Нават калі распазнаць нумары было складана, то было відавочна, што гэта грамадзянскі аб’ект.
«І якімі ж нечалавечымі якасцямі павінен валодаць аператар, які запусціў гэты беспілотнік у гэты мірны аўтобус. Што тут каментаваць? — адзначыў дзяржсакратар Савета Бяспекі. — Проста бесчалавечнае стаўленне. Таму Прэзідэнт аддаў шэраг даручэнняў — да канца разабрацца, правесці сваё расследаванне».
Паводле яго, гэтымі пытаннямі займаецца Следчы камітэт і спецслужбы. Як толькі будзе сабрана ўся аб’ектыўная інфармацыя, яе прадставяць кіраўніку дзяржавы. «Гэты факт ён трымае на асабістым, самым жорсткім кантролі, таму што гэта звязана з бяспекай і здароўем нашых грамадзян», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.
Дзяржсакратар Савета Бяспекі таксама закрануў пытанні самой паездкі. На яго думку, арганізатарам і адказным асобам варта было выбраць больш бяспечны і спакойны маршрут.
«Трэба дзесяць разоў падумаць, ці варта везці, для якіх мэт. Прэзідэнт правільна казаў: на тэрыторыі нашай краіны столькі спартыўных збудаванняў, столькі розных манежаў і магчымасцяў, каб правесці аздараўленне дзяцей! Геленджык і Краснадарскі край — шыкоўныя, выдатныя месцы, але не тая абстаноўка сёння, каб так рызыкаваць, — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Таму перш, чым прымаць нейкае рашэнне, трэба думаць, што з гэтага можа атрымацца».
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка таксама пракаменціраваў гэтае здарэнне. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў, заслухоўваючы планавы даклад аб прапановах па карэкціроўцы мерапрыемстваў Плана будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл на 2026-2030 гады.
«Я неаднойчы папярэджваў (вы гэта ведаеце лепш нават па пэўных напрамках, чым я) — вайна сёння не проста дзесьці далёка. У нас, я кажу, за плотам, а часам і бліжэй, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Сведчаннем таму з’яўляюцца рознага кшталту правакацыі. І не правакацыі, а прамыя парушэнні і дамоўленасцяў, і паводзін у вайне асобных дзяржаў. Такія, напрыклад, як нанясенне ўдару па інтэрнаце ў Старабельску — гібель людзей, і нават дзяцей. Таксама ўдар беспілотніка па нашым аўтобусе ў Бранскай вобласці. Мы як людзі ваенныя павінны разумець усе аспекты».«Гэта яшчэ адзін факт бандытызму. І гэта нават не тэрарыстычны акт, гэта адкрыты фашызм, калі б’юць па дзецях, — заявіў беларускі лідар. — Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы выразна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік».