Ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі, у тым ліку выказаныя нядаўна на Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, знаходзяць водгук сярод удзельнікаў саміту АДКБ у Бішкеку. Пра гэта заявіў журналістам Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч, перадае БелТА.
У Бішкеку напярэдадні сустрэчы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў адбылося сумеснае пасяджэнне дзяржаўных сакратароў саветаў бяспекі, міністраў абароны і кіраўнікоў МЗС краін — партнёраў АДКБ.
«Вельмі шмат было сказана пра нашу міжнародную канферэнцыю, якая зусім нядаўна прайшла ў Мінску і сапраўды набірае абароты з кожным годам. Ініцыятывы нашага Прэзідэнта, якія былі агучаны на гэтай канферэнцыі, знайшлі водгук. Пра гэта таксама гаварылася», — сказаў Аляксандр Вальфовіч.
Кіраўнік Дзяржсакратарыята расказаў, што ва ўзгодненыя для саміту АДКБ рашэнні ў тым ліку закладзены практычныя крокі, якія абмяркоўваліся на палях Мінскай канферэнцыі.
«Гэтыя дакументы закладваюць тыя процівагі, якія могуць паўплываць на наяўныя пагрозы і, адпаведна, забяспечыць бяспеку арганізацыі ў цэлым», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.
Паводле яго слоў, у рамках АДКБ разглядаюць і абмяркоўваюць самыя розныя пагрозы, якія ўзнікаюць па перыметры арганізацыі, і як ім супрацьстаяць разам. Напрыклад, на паўднёвым напрамку гэта ў тым ліку процідзеянне наркатрафіку, нелегальнай міграцыі. З іншага боку, што асабліва хвалюе Беларусь і Расію, — гэта мілітарызацыя на заходніх рубяжах і нарошчванне ваеннага кантынгенту ў сумежных краінах Еўропы. Але ўсе гэтыя выклікі і пагрозы так ці інакш уплываюць на бяспеку ўсіх партнёраў па АДКБ.
«Толькі разам, сумесна можна процідзейнічаць усім пагрозам, даваць адпор і рэалізоўваць ініцыятывы», — упэўнены кіраўнік Дзяржсакратарыята.
Аляксандр Вальфовіч асабліва падкрэсліў, што калі Захад нарошчвае ваенны патэнцыял, мілітарызуецца, то краіны АДКБ не павялічваюць колькасць сваіх узброеных сіл, а робяць упор на якасць і аснашчэнне новымі, найбольш сучаснымі сродкамі ўзбраення і размяшчэнне іх на сваёй тэрыторыі. «У прыватнасці, размяшчэнне (у Беларусі. — Заўв. БелТА) комплексу „Арэшнік“. Гэта абарона ўсёй арганізацыі з Захаду. У процівагу таму, што сёння, на жаль, робіцца на нашых заходніх межах побач з нашай арганізацыяй», — сказаў ён.