Мы робім усё магчымае, каб наш беларускі народ жыў мірна. Аб гэтым расказаў журналістам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч, які прыняў удзел у мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці ў МК «Курган Славы», перадае БелТА.
Як адзначыў Аляксандр Вальфовіч, сёння наша краіна адзначае адно з самых галоўных свят дзяржаўнасці і гэта дата мае глыбокія гістарычныя карані. «Быў завершаны першы этап аперацыі „Баграціён“, і ў Мінскім катле была акружана 105-тысячная групоўка нямецка-фашысцкіх войскаў. Доўгія гады акупацыі нашай краіны былі завершаны. І з якой радасцю тады, у 1944 годзе, народ сустракаў байцоў Чырвонай Арміі. Са слязамі на вачах. Гэта сапраўды агульнае свята», — расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Ён падкрэсліў, што беларусы помняць гісторыю: «Сёння ва ўсіх кутках нашай краіны ідуць да магіл, манументаў у гонар герояў вайны, ускладаюць кветкі, успамінаюць і аддаюць даніну памяці загінулым — тым, хто зрабіў усё магчымае, каб сёння Беларусь жыла пад мірным небам. І мы сабраліся тут, на Кургане Славы, таксама адным з сімвалаў нашай незалежнасці, для ўскладання кветак, для таго, каб успомніць загінулых».
«Мы не хочам, каб паўтарылася тое, што было больш за 80 гадоў таму. І робім усё магчымае, каб наш беларускі народ жыў мірна, выконваў свае задачы: настаўнікі ў школах, урачы ў бальніцах, працаўнікі сельскай гаспадаркі на палях вырошчвалі збожжа, і наша прадукцыя славілася па ўсім свеце. І на гэта трэба траціць грошы, у гэтых мэтах развіваць эканоміку, паляпшаючы сацыяльныя ўмовы нашых грамадзян, а не траціць грошы на вайну, на ваенныя канфлікты, на ўзбраенне, так, як робяць сёння нашы суседзі на Захадзе», — дадаў Аляксандр Вальфовіч.
Фота Лізаветы ГОЛАД