Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч назірае за ротным тактычным вучэннем брыгады ўнутраных войскаў у Наваполацку. Аб гэтым паведамляе БелТА.
«Сёння ў Наваполацку ваеннаслужачыя і мабілізаваныя 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС прадэманструюць практычную адпрацоўку навыкаў у рамках праверкі баявой гатоўнасці. За ходам ротнага тактычнага вучэння назіраюць дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч і міністр унутраных спраў Іван Кубракоў», — праінфармавалі ў МУС.
Так, камандзір злучэння давёў рашэнне аб правядзенні спецыяльных мерапрыемстваў. У сваю чаргу камандзіры рот далажылі аб дзеяннях падпарадкаваных падраздзяленняў. Пасля нарады адбудзецца адпрацоўка ўводных ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых.

Як паведамлялася, праверка боегатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў праходзіць па даручэнні Прэзідэнта. Упор робіцца на пытанні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці ўнутраных войскаў МУС, у тым ліку на адмабілізаванне і даўкамплектаванне да штатаў ваеннага часу.
