Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Аляксандр Вальфовіч, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках даклада кіраўніку дзяржавы, падвёў вынікі вучэнняў «Захад-2025» і расказаў пра іх «бонусны» эфект, на які першапачаткова ніхто не разлічваў, перадае БелТА.
Аляксандр Вальфовіч падкрэсліў, што ўсе пытанні, якія ставіліся на перыяд вучэнняў, былі адпрацаваны, а мэты — дасягнуты. Гэта, у прыватнасці, пытанні, звязаныя з кіраваннем, стварэннем груповак войскаў для абароны Саюзнай дзяржавы, кіраваннем адбіцця сродкаў паветранага нападу праціўніка, вядзеннем абароны і аднаўленнем становішча па дзяржаўнай граніцы Саюзнаяй дзяржавы.
Акрамя гэтага, беларускія ваенныя вывучалі вопыт расійскіх калег, атрыманы ў час СВА. «Час патрабуе гэтага — укараняць новыя спосабы, формы вядзення баявых дзеянняў, па-іншаму размяшчаць пункты кіравання, крыху па-іншаму кіраваць ва ўмовах уздзеяння магутнай радыёэлектроннай абстаноўкі. Гэты вопыт быў намі вельмі запатрабаваны, вывучаны», — сказаў дзяржсакратар. Галоўнае, паводле яго слоў, што паказалі вучэнні, — вельмі высокі ўзровень падрыхтоўкі ваеннаслужачых Беларусі і Расіі.
- Але быў і крыху нечаканы эфект ад вучэнняў, на які першапачаткова ніхто не разлічваў. «Гэта развенчванне тых фэйкаў аб гэтых вучэннях, якія былі сфарміраваны на Захадзе: што мы ствараем групоўкі абавязкова для наступлення на Еўропу, захопу нейкіх тэрыторый і рубяжоў (якія нам апрыёры не патрэбны, і аб гэтым Прэзідэнт пастаянна гаворыць), — сказаў Аляксандр Вальфовіч. — Нам хапае нашай зямлі, якую мы любім, цэнім і будзем, вядома, абараняць усімі магчымымі сродкамі і спосабамі. А мы гэта ўмеем рабіць».
Дзяржсакратар звярнуў увагу, што вучэнні былі планавым мерапрыемствам аператыўнай баявой падрыхтоўкі, і ўсе пытанні, якія на іх адпрацоўваліся, былі выключна абарончага характару. «У процівагу таму, у чым папракаў нас калектыўны Захад: што мы ствараем групоўку для агрэсіі і ствараем пагрозу для нашых заходніх суседзяў. Абсалютна не», — заявіў Аляксандр Вальфовіч.
Як толькі было аб’яўлена аб правядзенні вучэння «Захад-2025», «мы бачылі, якая была на Захадзе разгорнута істэрыя», — заявіў дзяржсакратар. Напрыклад, там неадкладна спланавалі і правялі дадатковую серыю вучэнняў «Жалезны абаронца — 2025», якая ўключала каля 10-13 вучэнняў розных маштабаў на тэрыторыі Польшчы, краін Балтыі і іншых дзяржаў Еўропы. І калі колькасць ваеннаслужачых на вучэннях «Захад-2025» была каля 7 тыс., то ў рамках вучэнняў «Жалезны абаронца — 2025» прыцягвалі 34-36 тыс. ваеннаслужачых і адпаведную колькасць тэхнікі. Акрамя таго, было прынята рашэнне аб правядзенні вучэння «Квадрыга-2025» з колькасцю больш як 8 тыс. ваеннаслужачых.
«Групоўка, створаная на тэрыторыі краін Захаду ў процівагу нашай групоўцы і ў процівагу нашым планавым вучэнням, — звыш 40 тыс. ваеннаслужачых. Гэта, напэўна, крыху менш за колькасць Узброеных Сіл Беларусі. Дык хто для каго ўяўляў пагрозу?» — рытарычна спытаў дзяржсакратар.
Паводле яго слоў, рыторыка многіх палітыкаў краін Захаду, асабліва кіраўніцтва Польшчы, краін Балтыі, Германіі, не можа не выклікаць трывогі. Яны гавораць пра пагрозу з Усходу, мілітарызацыю, павелічэнне грошай на ваенныя бюджэты.
«Амерыканцы ім сказалі расходаваць каля 5 працэнтаў ВУП — „Усё. Ёсць! Будзем расходаваць 5 працэнтаў ВУП“. У тым ліку 3,5 працэнта непасрэдна на ваенныя расходы. Дзе ў іх рыторыцы, кіраўніцтва калектыўнага Захаду, нейкія пытанні, звязаныя з сацыяльна-эканамічным развіццём гэтых краін, з паляпшэннем дабрабыту грамадзян, з будаўніцтвам аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры, школ, дзіцячых садоў, бальніц, іншага? Наогул не чуваць! Нейкая адна мілітарызацыя», — звярнуў увагу Аляксандр Вальфовіч.
Ён прывёў яшчэ адзін прыклад, які датычыцца Польшчы — праграму «Усходні шчыт», у рамках якой уздоўж граніцы з Беларуссю ствараецца мілітарыстычная зона шырынёй 50 км. Там адсяляюць мясцовых жыхароў, забіраюць угоддзі, асабістыя ўладанні, высякаюць лясы. Велізарныя грошы расходуюць не на тое, што сапраўды неабходна для жыцця грамадзян.
У сувязі з гэтым дзяржсакратар заявіў пра зусім іншую палітыку кіраўніка беларускай дзяржавы. Аляксандра Лукашэнку ў першую чаргу хвалююць пытанні эканомікі, паляпшэння дабрабыту людзей, сацыяльна-эканамічнага развіцця. Зразумела, у частцы абароны нацыянальных інтарэсаў пытанні ваеннай бяспекі таксама заўсёды знаходзяцца ў полі зроку Прэзідэнта. Як гэта было і сёння ў час даклада дзяржсакратара.
Беларусь традыцыйна дэманструе адкрытасць і праводзіць дружалюбную палітыку. Так было і ў перыяд падрыхтоўкі і правядзення вучэнняў «Захад-2025», падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч. Была арганізавана маштабная кампанія па інфармаванні як насельніцтва ў Беларусі, так і суседзяў на Захадзе аб тым, што будзе адбывацца, праводзіліся брыфінгі рознага ўзроўню, тлумачыліся мэты і маштабы, колькасць удзельнікаў. Былі запрошаны ваенныя аташэ розных краін, наглядальнікі з краін НАТА. Аднак мала хто з іх адгукнуўся, што красамоўна сведчыць аб тым, хто ёсць хто ў сітуацыі вакол беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025», упэўнены дзяржсакратар.