Top.Mail.Ru

Валянціна Матвіенка: І Беларусь, і Расія, і мы разам усё можам

Старшыня Савета Федэрацыі Расійскай Федэрацыі Валянціна Матвіенка ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1» ацаніла антысанкцыйную работу Беларусі і Расіі, сумесны курс па імпартазамяшчэнні, а таксама паразважала адносна намаганняў краін Захаду да арганізацыі бяспекі ў еўрапейскім рэгіёне.


«Нягледзячы на санкцыі, абстаноўка ў нас стабільная»

Спікер нагадала, што кіраўнікі дзвюх краін не раз выказвалі пункт гледжання аб тым, што любыя абмежаванні непрыемныя, але ў той жа час яны шмат чаму навучылі.

— І мы яшчэ раз пераканаліся, што і Беларусь, і Расія, і мы разам усё можам. І мы не павінны залежаць, асабліва ў адчувальных галінах, ад замежнага імпарту. Што датычыцца Беларусі і дзейнасці Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, то вынікі прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў студзені, і такая наймагутнейшая падтрымка грамадзянамі Беларусі свайго Прэзідэнта перавыбраннем на новы тэрмін гавораць самі за сябе. Людзі бачаць і цэняць, — заявіла яна.

Адносна санкцыйнага ціску спікер Савета Федэрацыі таксама прывяла аб’ектыўныя аргументы.

— Такая колькасць санкцый і абмежаванняў, а ў Беларусі і Расіі — стабільная абстаноўка. У нас працуе і загружана прамысловасць, у нас стабільная фінансавая абстаноўка. Мы выконваем, у адрозненне ад заходніх так званых партнёраў, усе сацыяльныя абавязацельствы перад нашымі грамадзянамі. І ў Беларусі, і ў Расіі — для нас гэта святое. На фоне таго, што цяпер яны фактычна штомесяц скарачаюць розныя дапамогі і падтрымку грамадзян, таму што (у іх. — Заўв. рэд.) іншыя ўстаноўкі. І праграмы сумесныя нашы па імпартазамяшчэнні вельмі актуальныя, яны вельмі магутныя, — падкрэсліла яна.

Падчас апошняга візіту ў Беларусь Валянціна Матвіенка пабывала на некалькіх прадпрыемствах, дзе вырабляюць суперсучасную электроніку.

— І ў чарговы раз пераканалася, што патэнцыялу настолькі шмат, што да канца мы яго яшчэ не рэалізавалі. Гэтак жа і ў Расіі, і нашы сумесныя праекты, і ў рамках Саюзнай дзяржавы мы вельмі істотна прасунуліся наперад. Мы імпартанезалежныя па цэлым шэрагу важных пазіцый, у тым ліку вытворчасці станкоў, як казаў Аляксандр Рыгоравіч, электронікі і іншых відаў прадукцыі, якія раней было прасцей купіць. А цяпер прыйшло ўсведамленне, што суверэнітэт дзяржавы мае вельмі шырокае значэнне, у тым ліку тэхналагічны суверэнітэт, прамысловы суверэнітэт. І мы цяпер на справе ўсё гэта рэалізуем, і вынікі вельмі добрыя, вядома, ёсць і над чым працаваць. Але важна, што нашы ўрады, нашы міністэрствы і ведамствы настолькі актыўна ўключыліся ў рэалізацыю саюзных праграм, якія ахопліваюць усе сферы і інтэграцыі, што гэта ўсяляе такую надзею, што мы будзем рухацца яшчэ больш хуткімі тэмпамі, — акцэнтавала яна.

«Казаць пра еўрапейскую бяспеку без удзелу Расіі і Беларусі — утопія»

Адказваючы на пытанне аб прагнозе падзей, якія разгортваюцца ў Еўропе, і іх уплыве на бяспеку, Валянціна Матвіенка дала адназначны адказ.

— Ні да чаго добрага дакладна не прывядзе. І ў першую чаргу для саміх еўрапейскіх дзяржаў. Яны ўводзяць новыя і пашыраюць санкцыі, абсалютна не думаючы пра свае нацыянальныя інтарэсы. Перад тым як уводзіць тыя ці іншыя абмежаванні, трэба сесці і пралічыць — калі не атрымліваецца, на камп’ютары, на калькулятары, — а як гэта адаб’ецца на сваёй жа эканоміцы, на жыццёвым узроўні грамадзян. Гэта значыць сёння ва ўладзе (у еўрапейскіх краінах. — Заўв. рэд.), я сказала б, ненацыянальныя лідары, лідары, якія не ставяць нацыянальныя інтарэсы на першы план. Яны рэалізуюць нейкія іншыя інтарэсы і давялі эканоміку да рэцэсіі, дапусцілі спад прамысловай вытворчасці, рэзкае падаражанне і рост цэн на ўсё, пагаршэнне жыццёвага ўзроўню людзей.

Спікер Савета Федэрацыі запэўніла, што справа не ў прапагандзе.

— Гэта не расійская ці беларуская прапаганда, як яны часта пра гэта кажуць. Выбары паказваюць: пала ўлада ў Германіі, датэрміновыя выбары, народ сваё меркаванне выказвае: «Спыніцеся, вы што робіце, што з намі робіце?» А ведаеце што: першае — аказаць паслугу заакіянскаму брату, другое — насаліць Беларусі і Расіі любой цаной, нават такога сур’ёзнага пагаршэння сітуацыі ва ўласных краінах. Адумайцеся: разбурэннем уласнай краіны? — падкрэсліла яна.

Са слоў Валянціны Матвіенка, у Еўрасаюзе ўжо ёсць прыкметны раскол.

— Хтосьці кажа, хтосьці не выказваецца публічна, але там настолькі не згодныя ўсе з гэтай, я сказала б, новай формай еўрасаюзаўскай дыктатуры. І гэта рэальна дыктатура — там нерэальна выказаць сваё меркаванне, а калі і выкажаш, то ніхто яго не ўлічыць. І прадстаўнікі гэтай еўрасаюзаўскай дыктатуры і паводзяць сябе як дыктатары. Замест таго каб займацца сваёй эканомікай, людзьмі, яны заняліся мілітарызацыяй. Яны на ўвесь свет абвясцілі, што накіроўваюць 800 мільярдаў (долараў. — Заўв. рэд.) цяпер на ўзбраенне, на падтрымку і іншае. Якія мільярды, дзе вы іх знайшлі? У Германіі, у Францыі бюджэты з велізарным дэфіцытам. Вы скарачаеце льготы і прэферэнцыі для розных слаёў насельніцтва, у вас растуць беспрацоўе і інфляцыя. Якія мільярды? Можа, вы падумаеце пра грамадзян сваёй краіны, якія на вас разлічваюць? — акцэнтавала яна.

Спікер таксама звярнула ўвагу, што пазначаная дыктатура праяўляецца яшчэ і на выбарных працэсах.

— Толькі паглядзіце: там жаданне захаваць уладу. Што адбываецца ў Румыніі — гэта нонсэнс, такога нідзе не было, каб кандыдата, якога падтрымліваюць большасць людзей і хочуць выбраць, знялі і распачалі справу. Тое, што сёння адбываецца, проста немагчыма растлумачыць. Таму лёс у іх жаласны. Калі яны не адумаюцца і не спыняцца ў гэтай сваёй істэрыі русафобскай і мілітарысцкай, проста дрэнна скончаць, — пераканана яна.

Валянціна Матвіенка адзначыла, што казаць цяпер пра нейкую бяспеку для Еўропы немагчыма.

— Колькі б яны мільярдаў не вылучылі... І казаць пра агульную еўрапейскую бяспеку без удзелу Расіі і Беларусі — гэта ўтопія. І гэта ўсе разумеюць. Мы ўвесь час казалі: давайце сядзем за стол перагавораў, давайце дамовімся, што бяспека павінна быць агульная і непадзельная. Яна павінна быць роўная для ўсіх дзяржаў, а не асобных выбраных. Прапаноўвалі выпрацаваць механізмы. Але што датычыцца сферы бяспекі, яны наогул поўныя васалы. Вельмі спадзяюся, што гэты ўгар пройдзе і ўсё ж такі здаровы сэнс пераможа, — сказала на заканчэнне спікер.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю