Машыніст крана 5-га разраду рамна-прэсавага цэха Валянціна Вінідзіктава ўжо больш за 40 гадоў працуе на Мінскім заводзе колавых цягачоў. Як гэта — заўсёды быць на вышыні, кранаўшчыца расказала нашаму выданню.
«У іншай прафесіі сябе не ўяўляю»
Маштабы Мінскага завода колавых цягачоў уражваюць. І вось мы падышлі да крана, у кабіне якога працуе Валянціна Адамаўна. Яна шпарка ўзбягае па лесвіцы наверх, нават не трымаючыся за поручні.
— Працую на вышыні прыкладна 9 метраў, гэта зусім нямнога, — з усмешкай кажа мая гераіня. — Разам са змешчыцай Тамарай сваё працоўнае месца — кабіну крана размалявала кветкамі і матылькамі: «Каб было ўтульна!» Ці баялася напачатку? Ніколі! Наадварот, вышыня натхняе. Мы ж не толькі ў кабіне бываем, трэба прыбраць яшчэ і на ёй. Адкрываецца люк, і аказваешся на кабіне. Нават у такім узросце раблю гэта з лёгкасцю. Яшчэ і сяброўцы сваёй дапамагаю.
Валянціна Адамаўна ўжо чатыры гады як на пенсіі, аднак сыходзіць на заслужаны адпачынак не спяшаецца. За сваё жыццё паспрабавала не адну прафесію. У юнацтве вывучылася на кандытара, бо з дзяцінства любіла пячы пірагі. Потым працавала ў Салігорску на трыкатажнай фабрыцы. Усё было не даспадобы, таму Валянціна прыехала ў Мінск шукаць справу жыцця. Зрэшты, і прафесія машыніста крана не адразу спадабалася.
— Памятаю свае першыя ўражанні на заводзе. У швейным цэху было чысценька, іграла музыка, а тут — дым, шум. Тым не менш, вырашыла застацца. Пайшла на курсы машыніста крана на базе завода. Думала, папрацую годзік-два, а там паглядзім. Тыя «годзік-два» доўжацца ўжо 40 гадоў! — усміхаецца жанчына. — З цягам часу настолькі палюбіла гэтую справу, што не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі. Зараз у мяне цудоўныя ўмовы: новае бяспечнае абсталяванне, чысціня ў цэху, не шумна. Гэта вельмі важна, бо на кране падымаем грузы да 32 тон — машыны, трубы, метал.
Складанасці не палохаюць
Самае галоўнае ў прафесіі машыніста крана — уважлівасць, адзначае мая гераіня. Трэба сачыць за кожным рухам стропальшчыка ўнізе. Ён павінен правільна завязаць груз. Самы напружаны момант, бо на плячах кранаўшчыка — адказнасць і за іншых людзей у цэху.
— З набыццём вопыту прывыкла да любых сітуацый. Цяпер спакойна і ўпэўнена кірую кранам. Аднак не адразу ўсяму навучылася. У першыя пяць гадоў працы даводзілася няпроста.
Складаныя сітуацыі Валянціну Адамаўну не палохаюць. У маёй суразмоўніцы моцны характар. Яна працавітая і з юнацтва прывучылася да самастойнасці, бо расла ў шматдзетнай сям’і ў вёсцы.
— Галоўнае — быць заўсёды на пазітыве! Я на працу іду як на свята, бо вельмі яе люблю. Як праходзіць мой дзень? Падымаюся ў 4:50, п’ю каву, наводжу «марафет»: укладка, макіяж. Трэба заўсёды быць у форме! Жыву недалёка ад завода, таму з асалодай прайдуся па скверыку. Летам там так прыгожа спявае-заліваецца салавей! На заводзе з радасцю ўзнімаюся ў кабіну крана — прыемна ведаць, што ты прыносіш карысць людзям.
Машыніст крана — справа жаночая
У 2022 годзе фотапартрэт Валянціны Вінідзіктавай быў размешчаны на заводскай Алеі Гонару. А ўжо ў наступным годзе маю гераіню адзначылі вышэйшай узнагародай на прадпрыемстве — залатым знакам VOLAT. Для сціплай жанчыны павышаная ўвага калег была выпрабаваннем. Лепш плённа і спакойна працаваць, чым быць на віду, лічыць яна. Аднак як жа прыемна ведаць, што тваю стараннасць заўважылі і ацанілі! За маці і бабулю парадаваліся блізкія людзі, унучка нават сказала, што абавязкова захавае ўзнагароду як сямейную рэліквію.
— У нас вельмі добры кіраўнік службы «Энергетык», — адзначае Валянціна Адамаўна. — Ён заўсёды будзе за нас і падтрымае. А яшчэ нас заўсёды віншуюць са святамі, не забываюцца і на дні нараджэння калег.
У калектыве рамна-прэсавага цэха машыністам крана працуе толькі адзін мужчына. Валянціна Вінідзіктава расказвае, што моцны пол чамусьці надоўга не затрымліваецца ў гэтай прафесіі.
— Жанчыны сочаць за ўсімі дэталямі, яны ўважлівыя і адказныя. Гэтая прафесія — для нас! Дакладнасць і бяспека ў працы патрабуюць добрага зроку, выдатнай каардынацыі рук і вачэй. Нават невялікая памылка можа прывесці да сур’ёзных наступстваў. Таму кожны год мы абавязкова праходзім медыцынскія праверкі. Галоўнае, каб не падводзілі зрок, слых. А яшчэ нас круцяць на спецыяльным крэсле, а потым просяць прайсціся, і паходка павінна быць роўнай. Медагляд як у касманаўтаў!
Са стомленасцю і нервовым напружаннем Валянціне Адамаўне дапамагаюць справіцца чытанне і музыка.
— Заўсёды, калі прыходжу дадому, уключаю любімыя песні, — усміхаецца мая гераіня. — З сяброўкамі ходзім на канцэрты, наведваем вечары адпачынку. Сын кажа: «Мама, да цябе не дазваніцца ў выхадныя, ніколі не сядзіш дома». А я адказваю: «Так, старасць мяне дома не застане, яна прыйдзе, а мяне няма!»
Фота аўтара