Укус асы — непрыемнасць, з якой можа сутыкнуцца любы чалавек як на прыродзе, так і дома. Расказваем пра правілы першай дапамогі, магчымыя ўскладненні і як пазбегнуць укусу.
З укусам асы прама ці ўскосна хоць бы раз сутыкаецца практычна кожны. Незалежна ад таго, здарылася гэта з самім чалавекам ці з тымі, хто знаходзіўся побач, неабходна валодаць хаця б базавымі ведамі аб тым, да чаго гэты ўкус можа прывесці і як правільна аказаць першую дапамогу.
Чаму і як джаляць восы?
Восы рэдка кусаюць без прычыны. Як правіла, напад з іх боку з’яўляецца толькі ахоўнай рэакцыяй і адказам на магчымую пагрозу. У якасці такой яны могуць успрымаць рэзкія рухі, яркае адзенне і пахі ежы. Асабліва агрэсіўнымі яны становяцца ў цёплы час.
У адрозненне ад пчол, яны могуць джаліць шматразова. Яд асы змяшчае таксіны, якія выклікаюць мясцовае запаленне, а ў алергікаў — сістэмныя рэакцыі. Асабліва павышана адчувальнасць у дзяцей. Дзіцячая скура далікатная, яна больш уразлівая да рознага роду пашкоджанняў.

Што рабіць, калі ўкусіла аса: першая дапамога
Пры ўкусе асы трэба дзейнічаць спакойна, але хутка. Для гэтага неабходна запомніць просты алгарытм дзеянняў:
-
Пераканацца ў тым, што насякомае паляцела і няма пагрозы новых укусаў.
-
Вызваліце месца ўкусу. Зніміце ўсе пярсцёнкі і бранзалеты, калі аса ўкусіла ў руку або далонь. Пры моцным ацёку ўпрыгажэнні могуць дадаткова яго ўзмацніць і траўміраваць мяккія тканкі.
-
Выдаліць джала, калі яно засталося на скуры.
-
Таксама не трэба самастойна высмоктваць яд — гэта неэфектыўны і небяспечны спосаб.
-
Прамыць пашкоджанае месца чыстай вадой з мылам, або выкарыстаць антысептык, каб пазбегнуць інфекцыі.
-
Прыкласці да месца ўкусу на 10–15 хвілін лёд, халодны кампрэс ці замарожаныя прадукты, каб знізіць ацёк і боль, а таксама запаволіць распаўсюджванне яду.
-
Нанесці супрацьалергічную мазь або ласьёны з аксідам цынку.
-
Прыняць антыгістамінны прэпарат, нават пры адсутнасці сімптомаў алергіі.
-
Пацярпеламу трэба піць як мага больш вадкасці.
Укус асы рэдка бывае смяротна небяспечным, аднак бываюць выпадкі, калі ён можа выклікаць сур’ёзныя ўскладненні, асабліва, калі гаворка ідзе аб алергіках.
Калі ж трэба тэрмінова звяртацца да ўрача ці выклікаць хуткую дапамогу? У першую чаргу гэта сістэмная алергічная рэакцыя (анафілактычны шок) — крапіўніца па ўсім целе, ацёк твару, вуснаў, павек ці языка, адчуванне кому ў горле, асіпласць голасу. Трывожнымі сімптомамі таксама з’яўляюцца парушэнні дыхання — недахоп паветра, дыханне са свістам, кашаль. Асабліва небяспечны анафілактычны шок, які развіваецца імкліва: галавакружэнне, рэзкая слабасць, млоснасць, ваніты, болі ў жываце, страта прытомнасці.
Акрамя таго, урачэбная дапамога неабходна пры множных укусах — больш за 10–20 у дарослага і больш за пяць у дзіцяці, а таксама калі ўкус прыйшоўся ў язык, шыю, глотку або вобласць вока. У такіх выпадках ацёк можа прывесці да ўдушша або пашкоджання зроку. Таксама не варта адкладаць візіт да ўрача, калі праз два-тры дні боль і ацёк не спадаюць, а нарастаюць, з’яўляецца гной ці павышаецца тэмпература — гэта прыкметы з’яўлення інфекцыі.
Выдаленне джала
У адрозненне ад пчол, восы не пакідаюць джала ў скуры, што дазваляе ім джаліць некалькі разоў запар. Менавіта з гэтай прычыны вышэй рэкамендавалася ў першую чаргу пераканацца ў тым, што насякомае паляцела і чалавеку больш нічога не пагражае.
Тым не менш усё ж бываюць выпадкі, калі джала можа застацца ў скуры. Напрыклад, калі асу забілі падчас укусу. У гэтым выпадку джала неабходна выдаліць.
Пазбаўляцца ад джала варта акуратна, па магчымасці, пінцэтам. Недапушчальна спрабаваць выціснуць яго пальцамі — гэта толькі паспрыяе траплянню яду глыбей у тканкі і павышае рызыку інфіцыравання.
Джала лепш за ўсё ссунуць (падчапіць) бакавым ціскам. Для гэтага можна выкарыстоўваць манетку, банкаўскую карту.
Варта таксама адмовіцца ад расчэсвання месца ўкусу.

Як пазбегнуць укусу?
Для таго каб загадзя засцерагчы сябе ад укусу асы, варта прытрымлівацца простых правіл:
-
Выкарыстоўваць дома маскітныя сеткі.
-
Адмовіцца ад яркага адзення, выязджаючы на прыроду.
-
Пазбягаць рэзкіх водараў. Духі, адэкалоны і ласьёны з моцным пахам (асабліва кветак) могуць прыцягнуць восаў. Таксама варта пазбягаць сродкаў на аснове пчалінага воску і мёду.
-
Не пакідаць адкрытай ежу. Садавіна, мяса і салодкія напоі, пакінутыя адкрытымі на стале, прыцягнуць восаў. Перад тым як адкусіць або выпіць штосьці, агледзьце ежу — там можа сядзець аса.
-
Устрымацца ад рэзкіх узмахаў рукамі. Не спрабуйце адагнаць асу рукамі або іншымі прадметамі. Восы распазнаюць такія рухі як пагрозу і сігнал да атакі.
-
Ніколі не трывожыць асіныя гнёзды, нават калі яны здаюцца пустымі. (Восы, напрыклад, могуць гнездавацца ў шчылінах дамоў, у скінутых дошках або каля кантэйнераў са смеццем. Вулей выглядае як невялікі, крыху выцягнуты шар шэрага колеру.)
-
Будзьце ўважлівыя, працуючы з зямлёй. Восы любяць рыхлую глебу і часам жывуць у зямлі. Таму ў садзе варта праяўляць асцярожнасць.
-
Выкарыстоўваць хімічныя сродкі для адпужвання насякомых.